Хто стаў пераможцам конкурсу метадычных распрацовак з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту

- 10:11Образование

Цырымонія ўзнагароджання прайшла з удзелам міністра адукацыі Андрэя Іванца і рэктара Акадэміі адукацыі Ірыны Старавойтавай, стаўшы кульмінацыйнай падзеяй рэспубліканскага семінара “Практычнае прымяненне тэхналогіі “Штучны інтэлект” для павышэння якасці адукацыйнага пра­цэсу”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Удзельнікамі семінара сталі фіналісты конкурсу метадычных распрацовак з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту. Для ўсіх зацікаўленых быў праведзены метадычны практыкум, у рамках якога члены рэспуб­ліканскай творчай групы па выкарыстанні тэхналогій штучнага інтэлекту ў адукацыйным працэсе правялі майстар-класы і азнаёмілі з практычнымі кейсамі прымянення штучнага інтэлекту.

У конкурсе метадычных распрацовак з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту прынялі ўдзел больш за 400 педагагічных работнікаў устаноў агульнай сярэдняй, спе­цыяльнай, дадатковай адукацыі дзяцей і
моладзі; метадыстаў ІРА, раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў (цэнтраў).

 Для ўдзелу ў конкурсе было заяўлена 415 работ. Конкурсныя матэрыялы прадстаўляліся ў трох намінацыях:

— распрацоўка ўрока з прымяненнем тэхналогій штучнага інтэлекту;

— распрацоўка пазакласнага мерапрыемства з прымяненнем тэхналогій штучнага інтэлекту;

— метадычны матэрыял па выкарыстанні тэхналогій штучнага інтэлекту ў адукацыйным працэсе: метадычны дапаможнік, рэкамендацыі, распрацоўка майстар-класа.

На першым этапе кожная работа ацэньвалася двума экспертамі ў адпаведнасці з распрацаванымі крытэрыямі, сярод якіх:

— абгрунтаванасць і мэтазгод­насць прымянення тэхналогій штучнага інтэ­лекту;

— адпаведнасць сучасным тэндэнцыям развіцця адукацыі;

— арыгінальнасць ідэі;

— уклад у дасягненне адукацыйных вынікаў;

— адпаведнасць распрацаваных заняткаў/мерапрыемства заяўленай мэ­це і задачам;

— магчымасць практычнага пры­мянення распрацоўкі ў адукацыйным працэсе з улікам наяўных рэсурсаў.

Работы фіналістаў конкурсу размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале.

Фінальным этапам сустрэчы стала размова міністра адукацыі з педагагічнымі работнікамі аб перспектывах укаранення тэхналогій штучнага інтэ­лекту ў адукацыйны працэс, магчымасцях і рызыках. Як было заўважана, беларускія педагогі вельмі ўдумліва і метадычна абгрунтавана падыхо­дзяць да выкарыстання тэхналогій ШІ.

Дыпломы І ступені атрымалі:

Вольга Лукша, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Браслаўскай гімназіі імя І.М.Валчкова за майстар-клас “AI да урок! или Использование ИИ для подготовки и проведения учебного занятия по иностранному языку” (метадычны матэрыял па выкарыстанні тэхналогій штучнага інтэлекту ў адукацыйным працэсе);

Ганна Завадская, настаўніца інфарматыкі Новасамацевіцкай сярэдняй школы Касцюковіцкага раёна за пазакласнае мерапрыемства “Воіны-інтэрнацыяналісты — выпускнікі Самацевіцкай школы” (распрацоўка пазакласнага мерапрыемства з прымяненнем тэхналогій штучнага інтэлекту);

Анжаліка Маладцова і Софія Адамава, настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 175 Мінска і сталічнай гімназіі № 10 імя двойчы Героя Савецкага саюза П.Я.Галавачова за ўрок рускай літаратуры ў 3 класе “Л.Н.Толстой “Акула”, “Мудрый старик”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота БелТА