У апошнія дні ў Беларусі для многіх людзей піянерская тэма набыла асаблівае гучанне. Пакуль больш за 200 самых актыўных піянераў з усіх куткоў краіны адпачываюць і рэалізуюць сябе на змене “Ад кожнага — іскрынка, разам — касцёр” у краіне дзяцінства — НДЦ “Зубраня”, дарослыя лідары намячаюць свае педагагічныя планы. У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі завяршылася праграма павышэння кваліфікацыі педагогаў-арганізатараў устаноў адукацыі Беларусі “Актуальныя кірункі педагагічнай падтрымкі Беларускай піянерскай рэспубліканскай арганізацыі”. Пра тое, чым жывуць сёння піянеры, мы гутарым з Марынай Яўгенаўнай МІНАВАЙ, намеснікам дэкана факультэта прафесійнага развіцця спецыялістаў адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, і Марынай Юр’еўнай БАГДАНОВІЧ, намеснікам старшыні цэнтральнага савета БРПА.
— Марына Юр’еўна, калі дзіця дасягне таго ўзросту, калі можна будзе яму стаць часткай пэўнай грамадскай дзіцячай арганізацыі, ці будзеце вы яму рэкамендаваць менавіта піянерскую арганізацыю?
М.Ю. Не толькі яе. Мы зацікаўлены ў тым, каб дзеці маглі рэалізаваць сябе ў розных грамадскіх аб’яднаннях. Актыўныя дзеці паспяваюць быць актыўнымі членамі і Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, і Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, і скаўцкай асацыяцыі ці асацыяцыі гайдаў, і сябрамі міліцыі, і інш. Ва ўсіх гэтых нашых арганізацый — розныя мэты, але кожная прадастаўляе дзіцяці магчымасць сябе рэалізаваць.
М.Ю. Піянеры для мяне — гэта асаблівыя дзеці. Яны заўсёды гатовы ўключыцца ў любую справу, у іх заўсёды гараць вочы, заўсёды ў іх шмат спраў. Хаця ёсць дарослыя людзі, якія спрабуюць апаганіць, перапісаць гісторыю і г.д. На самай жа справе ў аснове піянерскай арганізацыі — прыгажосць, дабрыня, любоў да людзей, да Радзімы. Мы імкнёмся да маральнасці дзяцей, каб яны шанавалі традыцыі сям’і, краіны, на гэта і накіраваны нашы мерапрыемствы, вялікія калектыўныя справы.
— Нядаўна адзначалася 95-годдзе піянерскага руху. Гэта гаворыць пра тое, што сённяшнія піянеры — прадаўжальнікі былой савецкай піянерскай арганізацыі. Але ў той жа час піянеры сучаснай Беларусі маюць свае адметнасці. У чым яны?
М.Ю. Калі раней піянер павінен быў быць атэістам, то сёння такога патрабавання няма. Наша задача — выхоўваць маральнасць. Мы не гаворым пра тое, што дзіця павінна быць членам толькі піянерскай арганізацыі. Наадварот, мы за ўдзел у розных пазітыўных арганізацыях. Мы гаворым пра тое, што паважаем традыцыі, але і ствараем новыя. Напрыклад, у нас ёсць конкурс парадна-цырыманіяльных атрадаў. Калі ў піянераў з Расіі гэта толькі атрады гарністаў, барабаншчыкаў, сцяганосцаў, мы ж вяртаемся да таго, што вывучаем традыцыйныя сігналы. Нашы піянеры пайшлі далёка наперад і могуць скласці канкурэнцыю роце ганаровай варты. Наш плац-канцэрт з дзіцячай страявой падрыхтоўкай ці сцяг-шоу можа стаць упрыгажэннем любога свята. Цімураўцы працягваюць клапаціцца пра тых, хто не можа паклапаціцца пра сябе сам. Але калі Аркадзь Гайдар выступаў за тое, каб гэта было ціха, не напаказ, то сёння, у эру інтэрнэту, гэтага не схаваеш — піянеры робяць сэлфі і размяшчаюць свае здымкі ў сацыяльных групах. Нашы піянеры пашырылі геаграфію свайго клопату. У поле іх клопату трапляюць і дзеці, і жывёлы, і помнікі гісторыі і культуры.
М.Я. Нашы беларускія піянеры заўсёды атрымліваюць высокую ацэнку ў піянераў іншых краін тым, што спалучаюць традыцыі з новымі кірункамі, якіх няма больш нідзе. Напрыклад, піянерскі чэрлідынг ці конкурсы піянерскіх груп падтрымкі “Піянерскія іскры”. Ёсць у нас і вопыт правядзення піянерскіх інтэлектуальных гульняў. З улікам таго, што грамадства мяняецца, сучасная моладзь шукае свае прыярытэты. Так, БРПА займае асаблівае месца ў інтэрнэт-прасторы. Створаны сайт (ён мае прэмію “ТІБО” як лепшы сайт для дзяцей), працуюць дзіцячыя групы ў сацсетках.
З 2015 года мы ўзялі курс на работу з акцябратамі, мы іх гадуем. Так, для іх мы правялі рэспубліканскую спартыўна-патрыятычную гульню “Зарнічка”, тым самым прывучаючы малых весці здаровы лад жыцця, далучаць да яго сваю сям’ю. Для акцябрат праводзім конкурс “Суперзорачка” (нідзе нічога падобнага няма), конкурс творчых работ “Пароль “Акцябронак” . У дзень 95-годдзя піянерскага руху мы ўпершыню ўручылі нагрудныя знакі за актыўную работу не толькі піянерам, але і акцябратам.
— Мы часта бачым піянераў на святочных мерапрыемствах. А чым напоўнена іх штодзённае жыццё?
М.Ю. Колішніх піянерважатых сёння замянілі педагогі-арганізатары. Яны ўзялі на сябе абавязкі ўкласці ў дзіцячыя галовы паняцці дабра, справядлівасці, спагадлівасці і іншыя, якія з’яўляюцца маральнымі арыенцірамі па жыцці. У нас ёсць фраза — “гэта не па-піянерску”. Гэта значыць, што піянер заўсёды павінен падставіць плячо, дапамагчы, падтрымаць, падзяліцца вопытам — гэта самыя лепшыя якасці чалавека. Мы падштурхоўваем дзяцей весці здаровы лад жыцця, прывучаць да гэтага сваю сям’ю — бацькоў, бабуль, дзядуляў. Мы гадуем грамадзян сваёй краіны, і на гэта накіраваны многія нашы мерапрыемствы. Кожнае дзіця павінна ведаць і разумець, адкуль яно і дзе яго карані, таму мы знаёмім піянераў з беларускім арнаментам, з традыцыямі, з нацыянальнымі асаблівасцямі нашай краіны, падштурхоўваем да вывучэння гісторыі іх уласных сем’яў, каб дзеці былі ў больш цесным кантакце з бацькамі, з бабулямі і дзядулямі. У 1946 годзе піянеры Усесаюзнай піянерскай арганізацыі ініцыіравалі выпуск кнігі “Ніколі не забудзем”, якую склалі больш за 400 аповедаў. Мы да 70-годдзя Перамогі пайшлі крыху далей — ініцыіравалі конкурс “Ніколі не забудзем. Унукі — пра вайну”. Яго вынікам сталі кніга і аўдыёкніга ўспамінаў “Ніколі не забудзем. Унукі — пра вайну”.
Не праходзіць бясследна, калі дзеці дапамагаюць старэйшаму пакаленню, калі знаходзяць сабе бабуль і дзядуляў па перапісцы, адпраўляюць ім лісты, саграваюць іх жыццё цяплом сваіх рук і сэрцаў, калі клапоцяцца пра жывёл у прытулках, калі высаджваюць дрэвы і інш.
Увогуле, у нас ёсць каляндар піянерскіх спраў. Яны для ўсіх агульныя, але ў нас ёсць аргструктуры па ўсёй краіне: тэрытарыяльныя саветы, піянерскія дружыны, і ў кожнай ёсць свае ўласныя справы. Так, восенню мы наводзім парадак у дварах, на прышкольных тэрыторыях, цімураўскія атрады клапоцяцца пра адзінокіх пажылых людзей, сустракаюцца з ветэранамі, гуляюць у гульню “Пароль “Акцябронак” — сёлета з дадаткам “Тэрыторыя асаблівага прызначэння”, каб вярнуць дзяцей да чытання кніг. Дарослыя клапоцяцца пра піянераў, піянеры — пра малодшых і старэйшых. Усе ў клопаце і ў штодзённых справах, з якіх потым складваюцца святы. А свята для нас стала станам душы, бо падчас свят мы сустракаемся, гутарым, абменьваемся вопытам. У піянераў ёсць дружынныя героі, свае сябры — ветэраны піянерскага руху. Яны сустракаюцца разам за салодкім сталом, гутараць, абменьваюцца вопытам.
І вельмі крыўдна, калі ўсё гэта ганьбяць дарослыя, бо яны крыўдзяць дзяцей. Мы, дарослыя лідары, ганьбу перажывём, а дзецям балюча бачыць абразлівае стаўленне дарослых да штодзённых піянерскіх спраў. Неяк, калі мы праводзілі першы злёт цімураўскіх атрадаў і саджалі цімураўскую алею, магілёўскія піянеры прывезлі ў Мінск неверагодна прыгожыя, эксклюзіўныя і дарагія саджанцы. Мы іх асартымент і месца пасадкі ўзгаднілі з “Зелянбудам”, высадзілі. Адразу пасля гэтага зніклі і саджанцы, і таблічкі. Высветлілася: “Зелянбуд” іх… перасадзіў. Праўда, куды — нам не сказалі.
— Сёння грамадства імкнецца да выхавання лідараў, тых, хто здольны ініцыіраваць уласныя праекты, рэалізаваць іх і зацікавіць іншых далучыцца да іх. Што тычыцца піянерскай арганізацыі, мне часцей даводзіцца чуць крыўднае “выконваюць каманды”, “як салдацікі” і падобнае. І нават “заўсёды гатовы” атрымала адценне бясспрэчнага выканання каманды. Я і сама не раз была сведкай падобнага фармальнага стаўлення да піянерскіх акцый саміх педагогаў. Што вы думаеце пра гэта?
М.Я. Гэта гаворыць пра некампетэнтнасць канкрэтных педагогаў. І ўстановы адукацыі не застрахаваны ад такіх педагогаў, якім бліжэй аўтарытарны стыль работы, бо прасцей аддаваць загады, распараджэнні і чакаць ад дзяцей іх выканання. Такое, на жаль, сустракаецца. І калі не звярнуць увагу на кампетэнтнасць такіх педагогаў, дарослых лідараў, каардынатараў піянерскага (і не толькі піянерскага, а ўвогуле дзіцячага і маладзёжнага) руху, то мы набудзем шмат праблем. Вось чаму мы і ствараем умовы і падтрымліваем педагогаў-арганізатараў, лідараў, забяспечваем ім метадычную падтрымку, у тым ліку павышэнне кваліфікацыі.
М.Ю. Быць лідарам — гэта яшчэ і не баяцца браць на сябе адказнасць. У нас шмат актыўных дзяцей, яны ініцыіруюць, праводзяць мерапрыемствы, вядуць за сабой. Ёсць і актыў, які можа арганізаваць і сябе, і іншых. Але далёка не ўсе нашы дзеці — лідары, не ўсе актыўныя. І перш чым дарослым наракаць, што мы з дзяцей гадуем салдацікаў, варта адказаць шчыра самому сабе, ці гатовы яны ўзяць на сябе адказнасць за арганізацыю нейкай справы? Ці гатовы яны прапанаваць сваім дзецям па-іншаму правесці пэўнае мерапрыемства? Ці гатовы яны выйсці і зрабіць нешта канкрэтнае са сваім дзіцем?
— Прывядзіце прыклады не традыцыйных акцый, а піянерскіх спраў, праектаў, ініцыятарамі якіх выступілі самі дзеці.
М.Ю. Напрыклад, першы злёт цімураўскіх атрадаў “Цімураўцы.by” ў 2010 годзе. Неяк дзеці сказалі, што ім не хапае творчых сустрэч. Так з’явіўся праект “Я — піянер сваёй краіны”. Потым ён стаў зборам і кожны раз мяняе свой фармат. Апошні, чацвёрты, раз збор быў для юных журналістаў, а тэмай — “Жывы летапіс піянерыі”. Вынікам трэцяга рэспубліканскага збору быў зборнік вершаў і малюнкаў “Краіна дружбы і дабра”. Апошняя прапанова дзіцячай палаты БРПА — стварэнне мяккай цацкі зубраняці, якая стала піянерскім талісманам. Шмат ініцыятыў рэалізуецца ў рэгіёнах.
— Часта самі бацькі выступаюць супраць піянерскіх акцый, асабліва па ўборцы. І аргументуюць тым, што калі іх дзеці адпраўляюцца на бераг ракі прыбраць смецце, якое пакінулі там дарослыя, то гэта выхоўвае зусім не ініцыятыўнасць, а бязвольнасць.
М.Ю. Гэта і ёсць працоўнае выхаванне, якое сёння ўвогуле знікае: у сям’і мы дзяцей шануем, усё робім за іх, у школе таксама, бо бацькі ім забараняюць, маўляў, маё дзіця прыйшло вучыцца, а не прыбіраць. Ніхто ж не ўлічвае, што дзіця мые сваю парту, прыбірае сваё працоўнае месца. У лагерах дзеці адмаўляюцца дзяжурыць у сталовых, прыбіраць свае ложкі, пакоі. Мы ж гадуем грамадзян сваёй краіны. І ў гэтае паняцце мы ўкладваем выхаванне не толькі разумных, усебакова развітых, здаровых дзяцей, з павагай да свайго мінулага, да роднай мовы, але і з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, нераўнадушных да праблем грамадства. Што нашы дзеці чуюць дома? Найчасцей — “Як усё дрэнна!”. Мы ж гаворым пра тое, што варта не толькі глядзець на смецце і канстатаваць, што вакол брудна. Мы самі гэта можам змяніць. Так, сёння мы прыйшлі і прыбралі за некім. Але для нас галоўнае, што гэтыя дзеці, якія прыбралі сёння, не кінуць смецце заўтра. Сённяшніх дарослых мы з вамі ўжо не перавыхаваем, а вось заўтрашніх дарослых — сённяшніх дзяцей — яшчэ можам.
Гутарыла Святлана НІКІФАРАВА.