Педагагічныя практыкі ў галіне грамадзянска-патрыятычнага выхавання былі ў цэнтры ўвагі педагогаў, якія прынялі ўдзел у сёмым Тыдні прафесійнага майстэрства сістэмы дашкольнай адукацыі.
Рэгіянальны кампанент
Тыдзень стартаваў у паўднёвым Калінкавіцкім раёне, а завяршыўся ў паўночным Кармянскім.
На калінкавіцкай зямлі 37 дзіцячых дашкольных устаноў. У іх вучацца амаль 2,5 тысячы выхаванцаў.
— Мы імкнёмся ўсебакова развіваць нашых дзетак. Малым павінна быць камфортна і ўтульна ў дашкольных установах, — падкрэсліла начальнік Калінкавіцкага аддзела адукацыі Іна Губар. — Ідэальны варыянт — калі дзіцячы сад становіцца для іх другім домам.
У Калінкавічах удзельнікі Тыдня прафмайстэрства азнаёміліся з выставай “Па старонках гісторыі дашкольнай педагогікі Калінкавіцкага раёна” і арт-майстэрняй “Ліцэй для малышоў”. Гістарычны экскурс “Калінкавіцкая зямля: учора — сёння — заўтра”, падрыхтаваны педагогамі і выхаванцамі дашкольных устаноў раёна, знаёміць са славутасцямі, ваеннымі помнікамі і брэндамі краю. Сярод іх — стаянка першабытнага чалавека ў Юравічах, сядзіба Горватаў у Ліпаве, мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкага лагера смерці, фестываль народнага гумару “Аўцюкі”.
У Кармянскім раёне намеснік старшыні райвыканкама Наталля Сідарава нагадала, што менавіта тут вялікі педагог Панцеляймон Лепяшынскі стагоддзе назад арганізаваў першую эксперыментальную працоўную школу — камуну:
— Цяпер адметнасцю і гордасцю нашага раёна з’яўляюцца вырошчванне лёну і раённы фестываль “Ільняная карусель”. У Карме можна даведацца пра гісторыю лёну, наведаць майстар-класы ткачоў, ільняную карчму.
Сёння ў невялікім Кармянскім раёне 8 устаноў дашкольнай адукацыі, у якіх крыху больш за 500 малышоў.
— Вось гэты рэгіянальны кампанент — у кожнага свой — і працуе на патрыятычнае выхаванне дзяцей, — адзначае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Кармянскага райвыканкама Наталля Еўтухова. — З дзіцячага сада мы імкнёмся развіваць у дзетак гордасць за сваю краіну. У гэтым працэсе ўдзельнічаюць усе — і школа, і сям’я, і ўлада. Дашкольны ўзрост — самы спрыяльны для ўспрымання дзіцем крыніц нацыянальнай культуры. Намаганнямі педагогаў і бацькоў у нашых установах дашкольнай адукацыі створаны міні-музеі лёну, куткі народнага побыту. Сем музейных пакояў ва ўстановах адукацыі і школьны музей “Хата з матчынай душою” на базе Дубавіцкага дзіцячага сада — базавай школы — пляцоўкі для даследчай работы, тэматычных мерапрыемстваў і адукацыйных праектаў. У Струкачоўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе дзейнічае музей лёну.
Знаёмства са Струкачоўскім дзіцячым садам — сярэдняй школай пачалося з дэфіле. Вучні разам з настаўнікамі ў касцюмах, створаных сваімі рукамі, прадэманстравалі ўсю прыгажосць экалагічнай тканіны, а таксама тэхналогіі яе апрацоўкі. Дырэктар Яўген Герыловіч адзначыў, што ў кожнага з 40 выхаванцаў установы адукацыі ёсць сваё эказахапленне:
— Хтосьці збірае макулатуру, іншыя сартуюць бытавыя, харчовыя адходы ці металалом. Галоўнае — зацікавіць дзяцей, тады гульня можа ператварыцца ў праект будучыні. Тры гады назад у нас была створана вучэбная школьная бізнес-кампанія “Эка-Віта”. Вучымся асновам прадпрымальніцкай дзейнасці ў сельскай гаспадарцы і фінансавай адукаванасці. Вырошчваем і рэалізуем расаду агародніннай прадукцыі (таматаў, капусты, перцаў), ранніх кветак, а таксама ягад, яблыкаў. Аказваем спонсарскую дапамогу ў выглядзе расады кветак арганізацыям і прадпрыемствам Кармянскага раёна.
Тут, як і яшчэ ў некалькіх навучальных установах Кармяншчыны, заняліся экалагічнай утылізацыяй бытавых харчовых адходаў і нават навучыліся атрымліваць з гэтага выгаду. Удзельнікам тыдня прафесійнага майстэрства сістэмы дашкольнай адукацыі струкачоўскія дзеці на практыцы паказалі, як папера, абіркі і іншыя адходы перапрацоўваюцца чарвякамі. Дзеці іх зусім не баяцца — вермікампаставаннем у рамках праекта “1000 чарвякоў” займаюцца сур’ёзна.
Наколькі карысным стаў для вас Тыдзень прафесійнага майстэрства сістэмы дашкольнай адукацыі? На пытанне адказалі педагогі з розных куткоў Гомельскай вобласці:
Ларыса Бычкоўская, дырэктар Конкавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна:
— Для мяне гэта скарбніца ідэй. Хачу ўкараніць у сябе інфармацыйныя тэхналогіі ў дашкольнай адукацыі. Зацікавілі экалагічныя напрацоўкі — мы таксама ўдзельнічаем у рэспубліканскім праекце “Зялёная школа”.
Тамара Пашкевіч, загадчыца Малейкаўскага дзіцячага сада Брагінскага раёна:
— Мне вельмі блізкія сельскія тэмы. Мы таксама з сяла, працуем на зямлі — гэта прывіццё любові да працы. У сябе абавязкова зробім хаткі для казурак, якія тут пабачылі.
Леанід Шырокі, намеснік начальніка аддзела адукацыі Рагачоўскага райвыканкама:
— Вельмі радуе, што ў кожным раёне ёсць свая іскрынка. Такія мерапрыемствы дазваляюць пераймаць гэты вопыт, атрымліваць натхненне ў сваёй дзейнасці.
У Кароцькаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, дзе 70 выхаванцаў, ёсць свая вялікая цяпліца з полікарбанату. У ёй — гідрапонная ўстаноўка і неабходны інвентар. Але галоўнае тое, што дзеці тут працуюць з задавальненнем. Дырэктар Аляксандр Чупругін адзначае, што цяпліца стала цэнтрам абмену вопытам у галіне сучасных экалагічных тэхналогій у сельскагаспадарчай вытворчасці:
— Школьнікі і іх бацькі вучацца экалагічным сучасным метадам вырошчвання агародніны, культурных і дэкаратыўных раслін. Наша цяпліца стала лабараторыяй па вывучэнні фізіялогіі раслін на ўроках біялогіі, вучэбнай майстэрняй па вытворчасці ранняй агародніны, дапамагае вырашаць праблемы працоўнага навучання. Дашкольнікі атрымліваюць тут першыя практычныя навыкі. Вырашчаная агародніна рэалізуецца мясцоваму насельніцтву.
Ад малой радзімы — да вялікай краіны
— Пачынаць тлумачыць дзецям значэнне паняцця “радзіма” можна з правядзення віртуальнай квест-экскурсіі “Ад малой радзімы — да вялікай краіны”, — лічыць загадчыца ясляў-сада № 5 Кармы Святлана Сітдзікава.
Адукацыйны кейс-праект “Любоў да Радзімы пачынаецца з любові да сям’і і дома” прадставіла загадчыца ясляў-сада № 6 Кармы Наталля Суворава:
— Тэме Вялікай Айчыннай вайны ўдзяляем вялікую ўвагу. Сумесна з бацькамі стварылі альбом памяці “Ад прадзеда да праўнука”, у якім фатаграфіі сваякоў нашых выхаванцаў — удзельнікаў ваенных дзеянняў, запісаны іх гісторыі, подзвігі…
Галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Вольга Дулуб падкрэслівае, што ў Год гістарычнай памяці ўсіх нас аб’ядноўвае жаданне захаваць мір на нашай зямлі:
— Важна забяспечыць упэўненую, шчаслівую будучыню нашым дзецям. Менавіта таму трэба займацца грамадзянска-патрыятычным выхаваннем. У межах тыдня мы запусцілі сацыяльную акцыю — пасланне бацькам юных грамадзян нашай краіны. Пажаданні педагогаў ідуць ад душы і сэрца. Напрыклад, мы жадаем бацькам стаць прыкладам для сваіх сыноў і дачок, разам пасадзіць дрэва, сабраць палявыя кветкі і ўскласці іх да магілы невядомага салдата, расказаць дзецям пра гісторыю назвы роднай вуліцы. Для дзіцяці дашкольнага ўзросту прыклад бацькоў — гэта самы важны выхаваўчы момант.
Канчатковы тэкст “Пасланне бацькам юных грамадзян нашай краіны” будзе перададзены ў кожную дашкольную ўстанову Гомельшчыны да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Цяпер у ім ёсць такія радкі: “…Нас усіх аб’ядноўвае памяць пра гераічнае мінулае нашай Радзімы, бо ў нашай краіне няма такой сям’і, якую б не кранулі выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны. Сёння, як ніколі раней, нам трэба аб’яднаць намаганні, каб данесці юным грамадзянам, чаму кожны год 9 мая наша краіна адзначае дзяржаўнае свята — Дзень Перамогі. Выхаваць сапраўднага беларуса, патрыёта — гэта карпатлівая праца. Давайце пачнём з простага — павагі да сваіх блізкіх. Наша агульная задача — дапамагчы дзецям авалодаць ведамі пра сваю Радзіму, садзейнічаць таму, каб наша краіна квітнела і прыгажэла”.
Начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Алена Клачкова адзначае, што гульні, у якія з выхаванцамі гуляюць педагогі сістэмы дашкольнай адукацыі Гомельшчыны, вельмі важныя:
— Вельмі сур’ёзна падыходзяць да гэтай справы педагогі і кіраўнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі, бо яны жывуць сваёй працай. Для агульнай справы яны робяць усё магчымае і немагчымае.
У Карме падведзены вынікі, лепшым у сістэме дашкольнай адукацыі Гомельскай вобласці ўручаны заслужаныя ўзнагароды. Перададзена і эстафетная залатая рыбка: праз два гады Тыдзень прафесійнага майстэрства прымуць Жыткавіцкі раён і Савецкі раён Гомеля.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.