Пра сувязь часоў, вучнёўскія даследаванні і педагагічную дынастыю, якая налічвае некалькі стагоддзяў, — у інтэрв’ю карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” з загадчыкам гісторыка-краязнаўчага музея Астровенскай сярэдняй школы Бешанковіцкага раёна Ігарам Ганчаровым.
— Чаму ў падручніку па гісторыі адзін раз узгадваюцца Бешанковічы і двойчы — Астроўна?
— На сучасны райцэнтр спасылка прыводзіцца ў сувязі з развіццём гандлю, традыцыйнымі кірмашамі. Астроўна ўзгадваецца як радзіма Льва Сапегі, які ў свой час лічыўся адной з самых уплывовых асоб Вялікага Княства Літоўскага. Вельмі адукаваны і таленавіты быў наш зямляк, займаў пасады канцлера, гетмана. Прыкладна пераводзячы ў сённяшнія рэаліі — прэм’ер-міністра і міністра абароны. Таксама пра аграгарадок ідзе размова ў кантэксце Айчыннай вайны 1812 года, пад Астроўнам у ліпені адбылася вялікая бітва. Карцеч у нас можна знайсці літаральна на полі пад нагамі, зрэдку ядры знаходзяць. Аднак намнога больш слядоў пакінула Вялікая Айчынная вайна. Не толькі матэрыяльных — незагойныя раны на зямлі і ў лёсах. Каля дарогі ўздоўж нашага прыгожага возера ўстаноўлены помнік на месцы расстрэлу ў 1942 годзе партызан і іх сем’яў. Непадалёк аграгарадка знаходзіцца магіла ахвяр фашызму: у верасні 1941 года гітлераўскія нелюдзі знішчылі 300 мірных жыхароў мястэчка яўрэйскай нацыянальнасці. На паўночна-ўсходняй ускраіне ў брацкай магіле пахаваны больш за 400 воінаў-вызваліцеляў, якія загінулі ў баях за Астроўна. Па колькасці ўстаноўленых загінуўшых гэта самае вялікае ў раёне воінскае пахаванне. Догляд помнікаў — наша з вучнямі адказнасць.
— Як адлюстраваны ваенныя падзеі ў экспазіцыях школьнага музея?
— У музеі дзве залы — этнаграфічная і баявой славы, прысвечаная ваенным і рэвалюцыйным падзеям. Ураджэнцы нашага раёна служылі на легендарным крэйсеры “Аўрора”, штурмавалі Зімні палац. У Астроўне нарадзіўся генерал-лейтэнант Аляксей Нікалаевіч, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны камандаваў артылерыйскім палком. З Бешанковіцкага раёна родам пяць Герояў Савецкага Саюза і чатыры генералы, пра кожнага з іх расказваюць музейныя матэрыялы. Найбольш вядомы генерал-маёр Леў Даватар. У змаганні з гітлераўцамі поплеч з педагогамі ўсталі іх вучні і выпускнікі. Наш зямляк Рыгор Сандлер — стваральнік знакамітага хору студэнтаў Ленінградскага дзяржуніверсітэта, мастацкі кіраўнік хору Ленінградскага радыё і тэлебачання. Ён ваяваў на Пулкаўскіх вышынях, удзельнічаў у прарыве і зняцці Ленінградскай блакады, двойчы быў цяжка паранены. Два яго браты загінулі на фронце, бацька забіты ў яўрэйскім гета Віцебска. Вось мой класны кіраўнiк Iван Бубала, франтавiк, удзельнік жорсткіх баёў на Сапун-гары. Побач камандзiр партызанскага атрада Сцяпан Лiзагуб, дзядуля настаяцеля храма Святой Троіцы іерэя Андрэя Дарошчанкі. Крыху ў бок ад тэмы, але не магу не адзначыць: названы храм — галоўная астровенская святыня, помнік архітэктуры ХVI—XVII стагоддзяў, пра гісторыю якога зноў жа расказваюць музейныя экспазіцыі і даследчыя работы вучняў.
— Астровеншчына — знакаміты партызанскі край…
— На тэрыторыі нашага сельсавета зарадзіўся партызанскі рух у Бешанковіцкім раёне. У прыватнасці, тут дзейнічалі атрады імя Чапаева і “Сібірак”, на базе якіх пазней сфарміравалася брыгада “За Савецкую Беларусь” пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Паўла Раманава. Звестак пра выдатных людзей, гістарычных фактаў за гады існавання музея сабрана багата, бо зала баявой славы працуе з 1985 года. За кожным экспанатам — адметная гісторыя. Знайшоў я неяк у старой вясковай лазні незразумелую штуковіну, пакінуў сабе на ўсялякі выпадак. Пасля разабраўся, што гэта — і ў музеі з’явіўся футляр ад мінамётнай міны. Побач свяцільня, вырабленая з гільзы. Сюды залівалі паліва, прычым у бензін, каб не выбухнула, дабаўлялі соль. Тут у нас вясковыя гаспадарчыя прылады, самаробны посуд, мэбля, хатні тэкстыль. Форму для выпечкі хлеба мой прадзед Iосiф зрабіў яшчэ да рэвалюцыі, знатны быў каваль. А ў час Вялікай Айчыннай вайны мог удзень на скрыпцы паліцаям ды немцам пайграць, каб адвесці падазрэнні ў нядобранадзейнасці, бо па начах рамантаваў партызанам зброю. У сямейным архіве захаваўся дакумент, што ён адрамантаваў 45-міліметровую гармату па заданні партызанскай брыгады імя К.Я.Варашылава. Вось гэта — спарыш (гліняная пасудзіна з 2 ці 3 гаршкоў аднолькавага ці рознага памеру, змацаваных ручкай). Былі мы з вучнямі ў Полацкім краязнаўчым музеі, дзе нам падобны паказвалі са словамі: рэдкі экспанат. А дзеці мне ціхенька каменціруюць: “Няхай не задаюцца, у нас таксама ёсць”. Выразны паказчык адносін астровенцаў да нашых экспазіцый, таму што сабраны яны талакой: настаўнікамі, вучнямі, іх бацькамі і суседзямі. Раней, калі конь пры школе быў, мы запрагалі вазок ды ездзілі па вёсках збіраць экспанаты. На сёння ў музеі іх каля 200 у асноўным фондзе і прыкладна столькі ж у дапаможным.
— А зараз фонды часта папаўняюцца?
— Рэгулярна, прычым мы адкрылі дзве новыя экспазіцыі. Адна расказвае пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Другая прысвечана нашаму земляку, імя якога ў красавіку 2021 года атрымала школа — настаўніку і лётчыку, Герою Савецкага Саюза Канстанціну Абазоўскаму. Рыхтуючыся да знакавай падзеі, нам спачатку трэба было выйсці на сувязь з роднымі героя, бо на прысваенне павінен быць іх дазвол. Адметна, што ў ходзе работы мы не абмежаваліся кантактам з удавой і сынам Канстанціна Антонавіча, а знайшлі некалькі галін яго сям’і, прадстаўнікі якіх пазнаёміліся паміж сабой дзякуючы нашаму пошуку. Параўнальна нядаўна выпускнік нашай школы Пётр Дзiдзянкоў прынёс копіі ўзнагародных лістоў свайго бацькі Мiхаiла. Калісьці аднавяскоўцы прынялі за пустую пахвальбу яго расказ, як у адным баі ён знішчыў 30 захопнікаў, узнялі на смех. Занадта неверагоднай здавалася гісторыя, а пацвярджэння словам не было, дакументы згубіліся. Цяпер жа многія закрытыя раней архіўныя даныя можна знайсці ў інтэрнэце. І высветлілася, што несправядліва кпілі з рэальнага подзвігу земляка. На такіх прыкладах мы вучым дзяцей бачыць у кожным чалавеку асобу. Меркаваць па справах. У ацэнках не спяшацца з высновамі, а думаць і прытрымлівацца фактаў, гістарычнай праўды. Звярніце ўвагу на фота гэтай вясковай жанчыны. У дзяцінстве я ведаў яе як суседку, бабулю Нюру. Між тым на асабістым рахунку партызанкі Ганны Лапацiнай 9 пушчаных пад адхон варожых эшалонаў! Яе ўнук Міхаіл Карпаў — майстар спорту і старшы трэнер зборнай Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь па парашутным спорце. Пры яго садзейнічанні нам з групай вучняў удалося ажыццявіць мару: скокнулі з парашутам з борта верталёта МІ-8. Увогуле, нашы юныя экскурсаводы ў кожным вучнёўскім пакаленні вельмі актыўныя. Як у даследчай, пошукавай дзейнасці, так і ў грамадскім жыцці, валанцёрскіх справах, творчасці. Амаль штогод мае выпускнікі паступаюць у ваенныя УВА, многа сярод іх і педагогаў.
— Бяруць прыклад з настаўніка?
— Спадзяюся. Прыемна думаць, што так. Дзеці арыентуюцца на тое, чым даражыць настаўнік, уключаючы сямейныя, асабістыя і прафесійныя каштоўнасці, — гэта аснова пераемнасці. Мой дзядуля Уладзiмiр у Вялікую Айчынную быў у атрадзе імя Льва Даватара. Геройскі загінуў разам са сваім узводам у блакаду, пра іх Уладзімір Лабанок пісаў, што паўтарылі подзвіг панфілаўцаў. Мы з татам Валянцінам маракі, у арміі служылі на Паўночным флоце. Бацька новазямелец, я таксама на Баранцавым моры ахоўваў ядзерны шчыт Радзімы. Сын у мяне прафесійны ваенны, капітан запасу, а старэйшая дачка працуе выхавальніцай у дзіцячым садзе. Мая маці Раiса выкладала матэматыку, бацька — фізкультуру ў школе пад Віцебскам, пасля яго накіравалі ў Бешанковіцкі раён загадваць дзіцячым домам. І ўсё ж, напэўна, менавіта заснаваны ім музей у Астровенскай школе стаў справай жыцця, якую мы з маёй жонкай Святланай працягваем. Дарэчы, мая бабуля Ганна яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны настаўнічала. Абодва яе сыны і абедзве нявесткі — педагогі, у маёй маці пляменнік — выкладчык фізкультуры. Педагогі мой брат Валерый з жонкай Таццянай. Калі на ўсіх нас падлічыць бесперапынны стаж, не адно стагоддзе атрымаецца.
— Часам педагогі наракаюць на цяжкасці з выбарам тэм для вучнёўскіх даследаванняў. Складаная праблема?
— Мушу не пагадзіцца. Патлумачу на прыкладзе, што першым прыйшоў у галаву. Вось мы знаходзімся ў школьным будынку, якому 40 гадоў. Мой клас, дзе я вучыўся, якраз быў тут першым выпускам. Але гісторыя ўстановы значна даўжэйшая, першае вядомае дакументальнае сведчанне пра яе адносіцца да 1903 года. Ранейшы будынак школы пачалі ўзводзіць у 1906 годзе, у 1909-м завяршылі. Надзейна рабілі, каб доўга добрым людзям паслужыў. Падчас акупацыі нават немцы гэта ацанілі і, нібы ў здзек, размясцілі там сваю камендатуру. Потым зноў гады мірнага школьнага жыцця. Далей — пераезд, наваселле. Між тым старая школа стаяла б і дагэтуль, каб у пэўны час не засталася без належнага нагляду. Людзі прыкмецілі і ў цяжкія 90-я паціху ўзяліся разбіраць сцены на цэглу для печак, засталіся толькі рэшткі. Удумліва правесці паралелі ў залежнасці ад вызначанай мэты — колькі напрамкаў даследавання атрымаецца?! Не толькі нашы сучаснікі, але і маўклівыя сведкі мінулага здольны многа расказаць, трэба толькі навучыцца слухаць. Мы з вучнямі ўмеем і любім гэтую справу, таму дэфіцыту тэм у нас няма. Складаней вырашыць, за якія найперш узяцца. Дарэчы, сваіх даследчыкаў пакуль чакае і нумар “Настаўніцкай газеты” 1950 года выдання, публікацыя ў якім мае непасрэднае дачыненне да нашых мясцін.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара