Што можа згуртаваць сям’ю? Час, праведзены разам. А як цікава правесці гэты час? Канечне, адправіцца ў падарожжа. Менавіта гэтым на працягу некалькіх месяцаў (з верасня мінулага года па красавік бягучага) і займаліся ўдзельнікі мінскага абласнога трэвел-праекта “Сямейны дыліжанс”. Нядаўна былі падведзены яго вынікі. Пераможцам стала сям’я педагога дадатковай адукацыі Дзяржынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства Алесі Вячаславаўны Чалевіч.
На Гродзеншчыне — “Да суседзяў”. На Магілёўшчыне — #Мая_Зямля_Прыдняпроўе, на Віцебшчыне — “Азбука падарожжаў”… У кожным рэгіёне склаліся свае традыцыі турысцка-экскурсійнай работы з навучэнцамі і рэалізуюцца адметныя праекты. У Мінскай вобласці гэта “Сямейны дыліжанс”. Дзясяткі незвычайных дыліжансаў, пасажырамі якіх сталі таты і мамы, бабулі і дзядулі і, канечне, хлопчыкі і дзяўчынкі, на працягу некалькіх месяцаў калясілі па прасторах не толькі Міншчыны, але і іншых куточкаў Беларусі.
Па асфальтавых і грунтавых, гарадскіх і вясковых, лясных і палявых дарогах гэтыя дыліжансы праехалі тысячы кіламетраў. Сямейны экіпаж Чалевічаў падарожнічаў выключна па Дзяржыншчыне. Можа, таму праект і заняў першае месца, бо родная зямля надавала сілы і падказвала арыгінальныя ідэі. Адной з такіх ідэй стала афармленне творчай работы. На суд журы яе прадставілі ў выглядзе верша, складзенага малодшым удзельнікам дружнага сямейнага дыліжанса Уладзіславам Чалевічам, вучнем 2 класа Станькаўскай сярэдняй школы імя Марата Казея. Акрамя таго, была зроблена цікавая буслянка, якую вы бачыце на фотаздымку.
“Наша сям’я невыпадкова ўдзельнічала ў праекце. Мы любім падарожнічаць, даведвацца нешта новае. Жывём у вёсцы Станькава. Гэта незвычайнае і цудоўнае месца, з багатай гісторыяй і вялікім краязнаўчым патэнцыялам. Наша сям’я складаецца з чатырох чалавек: тата Анатоль Віктаравіч Чалевіч, ваеннаслужачы, я — мама, педагог дадатковай адукацыі, дачка Таццяна, студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, і сын Уладзіслаў, вучань Станькаўскай сярэдняй школы імя Марата Казея, удзельнік аб’яднання па інтарэсах “Мой край”, — расказвае Алеся Вячаславаўна. — Паколькі мы працуем і вучымся, то ўсе свае падарожжы здзяйсняем у выхадныя дні. Мы не прывыклі сядзець на канапе, любім паездкі, паходы, актыўна ўдзельнічаем у турыстычных злётах. У мінулы Год малой радзімы стараліся наведаць адметныя мясціны ў першую чаргу свайго Дзяржынскага раёна. І, канечне, пачалі падарожжы з малой радзімы нашых дзяцей — Станькава”.
Першым пунктам маршруту стала станькаўская бібліятэка, супрацоўнікі якой паведамілі пра гістарычныя помнікі, прыгожыя мясціны і адметнасці Дзяржынскага раёна. Там Чалевічамі і былі выбраны аб’екты для наведвання, спланаваны маршрут. У першую чаргу наведалі былую сядзібу Гутэн-Чапскіх, даведаліся пра легенды і паданні старадаўняга графскага роду. Наведалі таксама мемарыяльны комплекс у цэнтры Станькава з магілай салдат, якія вызвалялі населены пункт у 1944 годзе, помнік Марату Казею, цэнтр экалагічнага турызму “Станькава”, партызанскія зямлянкі, умацаванні на старой граніцы паміж Польшчай і СССР. Яшчэ наведалі могілкі каля вёскі Коскі, дзе пахавана святая Валянціна Мінская. Наступнымі пунктамі маршруту сталі райцэнтр, вёска Скірмантава, каля якой знаходзіцца гара Дзяржынская, або Святая, — найвышэйшая кропка Беларусі.
“У нашых дзяцей засталося шмат уражанняў ад падарожжаў, ім цікава было даведацца, што мы жывём побач з такімі выдатнымі аб’ектамі. Я, як краязнавец, ведала іх, аднак для майго мужа, дачкі і сына ўсё гэта было сапраўдным адкрыццём, дзякуючы праекту яны спазналі родны край. Паколькі я працую ў цэнтры турызму і краязнаўства і кірую аб’яднаннем “Мой край”, то падчас падарожжа дзялілася сваімі ведамі. Асабліва дзецям запомніліся легенды і паданні старога станькаўскага парку. Дзецям жа заўсёды падабаецца нешта таямнічае”, — паведаміла Алеся Вячаславаўна.
Дарослым таксама будзе цікава пачуць легенду пра садоўніка. Гавораць, што даглядаў калісьці дрэвы графскага парку малады прыгожы садоўнік. Але быў у яго недахоп — кульгавасць. З-за гэтага ён заўсёды хадзіў маўклівы і пануры, з дрэвамі размаўляў часцей, чым з людзьмі. Неяк у альтанцы на беразе вадаёма ён заўважыў маладую графіню, якая сядзела там з кнігай. Іх позіркі сустрэліся. З таго часу малады садоўнік не ведаў спакою. Аднак хлопец разумеў, што і саслоўная розніца, і яго кульгавасць не дазвалялі спадзявацца на ўзаемныя пачуцці. І вырашыў ён выказаць іх з дапамогай дрэў. З дазволу графа садоўнік стварыў перад палацам дзівосную кампазіцыю з трох дрэў, якія, па задуме хлопца, павінны былі ўвасабляць веру, надзею і любоў. Асабліва незвычайным было дрэва Любові, яно нібыта ўзлятала над зямлёй.
Калі падчас урачыстага адкрыцця кампазіцыі чорныя накідкі былі скінуты, усе прысутныя вельмі здзівіліся ўбачанай прыгажосці, але асабліва была ўражана маладая графіня. Яна зразумела задуму аўтара і ў парыве пачуццяў пацалавала яго. Граф, безумоўна, быў раз’юшаны такім учынкам жонкі. Невядома, што б чакала садоўніка, можа, нават смер ць, але графіня таемна вызваліла яго з турмы. Мінулі гады, пайшлі з жыцця граф і графіня, а дрэвы яшчэ шмат гадоў раслі ў парку, нагадваючы пра маладога садоўніка і яго нешчаслівае каханне. На жаль, апошняе з тых дрэў (дрэва Любові) загінула ў 1994 годзе. Засталася толькі прыгожая легенда.
“Живёт в Станьково наша семья: // Мама, папа, сестра и я. // Мы время проводим дружно. // Что ещё для счастья нужно? — расказвае пра ўдзел сваёй сям’і ў праекце Уладзіслаў. — Снежная и морозная, но прекрасная зима. // Белым ковром укрыла деревья, поля и дома. // Не сидится дома, на лыжи встали, // Поехали в лес, у станьковского родника мы отдыхали”. Па словах мамы Уладзіслава, да станькаўскай крыніцы яна калісьці ездзіла разам з сябрамі на веласіпедах. Асабліва прыемна было ў летнюю спёку напіцца сцюдзёнай вады. І вось праз шмат гадоў, у рамках праекта, яна адправілася туды ўжо са сваімі дзецьмі, аднак не на веласіпедах, а на лыжах. Як высветлілася, крыніца не замярзае нават зімой.
“А это музей — запоминающееся место. // Здесь про военную историю рассказали очень интересно. // Выставку картин, оружия и часов посмотрели, // Примеряли гимнастерки, фуражки и шинели”. “На базе нашага цэнтра ў мінулым годзе адкрыліся музейныя пакоі, — каменціруе словы сына Алеся Вячаславаўна. — Маімі калегамі для нашай сям’і была праведзена экскурсія. Тут мы азнаёміліся з калекцыяй старых гадзіннікаў, наведалі музейны куток “Беларуская хатка” і экспазіцыю ваеннай гісторыі Беларусі”.
Працягнем далей арыгінальную прэзентацыю падарожжа сямейнага дыліжанса Чалевічаў. “Снова выходные, загрузились в машину // И поехали покорять мы района вершины. // Рядом со Скирмонтово есть Святая гора, // Сейчас Дзержинской называется она”, — дэкламуе Уладзіслаў. Тут жа да яго далучаецца мама: “Дзякуючы рабоце ў цэнтры турызму і краязнаўства я наведала многія адметныя мясціны Дзяржыншчыны, аднак, шчыра кажучы, на найвышэйшай кропцы Беларусі ніколі не была. Толькі дзякуючы “Сямейнаму дыліжансу” пабывала там. Калі ўлічыць, што падчас нашага “ўзыходжання” была зіма, дарогі замецены, было шмат снежных перашкод, вецер, то падарожжа да гары Дзяржынскай пакінула ў нас настолькі шмат уражанняў, нібыта мы пакарылі сапраўдную горную вяршыню”.
Памятнымі былі і наведванне рэчкі Усы, якая працякае каля Станькава, разбіўка на яе беразе невялікага турыстычнага лагера, знаёмства з подзвігам Марата Казея, а таксама салдат, пахаваных у брацкіх магілах на тэрыторыі раёна. Адной з умоў удзелу ў праекце было запаўненне дзённіка вандроўніка, што не было асаблівай праблемай, паколькі падобны дзённік вёўся ўжо на працягу двух гадоў. Арыгінальным дадаткам да праекта, як мы ўжо адзначалі, стала незвычайная буслянка. У якасці матэрыялу выкарыстоўваліся кавалачкі скуры, тканіна, невялікія галінкі. “Белый аист — символ Беларуси моей, // Он удачу и процветание приносит ей. // Гордая, дружелюбная и красивая птица, // Прочное гнездо для семьи всегда свить стремится. // Улетает в теплые края осенью, // Но родное гнездо никогда не бросит. // Возвращается в него снова и снова, // Каждая веточка для него дорога и знакома”, — пракаменціраваў прычыну стварэння буслянкі Уладзіслаў.
Хоць абласны праект “Сямейны дыліжанс” і завершаны, аднак незвычайны дыліжанс сям’і Чалевічаў працягвае сваё падарожжа. У планах — наведванне найбольш вядомых мясцін Беларусі, такіх як Брэсцкая крэпасць-герой, Браслаўскія азёры, Мірскі і Нясвіжскі замкі. Яшчэ не адну сотню кіламетраў праедзе па дарогах нашай краіны сям’я Алесі Вячаславаўны. А па якім маршруце адправіцца ў падарожжа ваш сямейны дыліжанс?
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва А.В.Чалевіч.