Маладзечанскі дзяржаўны каледж — шматпрофільная ўстанова адукацыі, якая своечасова рэагуе на запыты эканомікі краіны ў падрыхтоўцы кадраў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Творчыя майстэрні
Маладзечанскі дзяржаўны каледж ужо многа гадоў займаецца падрыхтоўкай спецыялістаў для арганізацый будаўнічай і машынабудаўнічай галін, для сферы гандлю, дрэваапрацоўкі, грамадскага харчавання, лёгкай прамысловасці і службаў бяспекі.
“Сёння ў каледжы атрымліваюць адукацыю амаль 1000 навучэнцаў, а ў структуру ўстановы адукацыі ўваходзяць цэнтр кампетэнцый будаўнічых тэхналогій, метадычны кабінет, чатыры вучэбныя лабараторыі, 15 вучэбна-вытворчых майстэрань і інш., — расказвае пра ўстанову намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа Алена Гіпаць. — У каледжы створаны цыклавыя камісіі па сацыяльна-гуманітарных, фізіка-матэматычных, прыродазнаўчых навуках, замежных мовах, а таксама цыклавыя камісіі “Будаўнічыя работы”, “Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання”, “Грамадскае харчаванне”, “Швейная вытворчасць і гандлёвая справа”, цыклавая камісія вучэбных прадметаў агульнакваліфікацыйнага модуля і інш.”.
Адметнасцю МДК з’яўляецца тое, што яго калектыў пастаянна ўкараняе ў вучэбны працэс найноўшыя тэхналогіі. Акрамя таго, сярод прынцыпаў каледжа — даступнасць адукацыі, справядлівасць, прадастаўленне гарантаванага першага працоўнага месца выпускнікам.
Што тычыцца адукацыйных праграм, то тут яны рэалізуюцца па 31 кваліфікацыі на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і па чатырох спецыяльнасцях на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
“У нас наладжана супрацоўніцтва і партнёрства з больш чым 80 прадпрыемствамі Мінскай вобласці. Шэсць з іх з’яўляюцца базавымі, — працягвае Алена Яўгеньеўна. — Цеснае ўзаемадзеянне з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, а таксама прафарыентацыйная работа, якую праводзім, дазваляе штогод выконваць кантрольныя лічбы агульнага прыёму і прыёму на мэтавую падрыхтоўку”.
У сувязі з вострай патрэбай у рабочых кадрах сёлета МДК будзе ажыццяўляць прыём дзвюх дадатковых груп па такіх кваліфікацыях, як “швачка, аператар швейнага абсталявання”, “сталяр, цясляр, станочнік дрэваапрацоўчых станкоў”. Узровень выпускнікоў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія атрымалі 4-ы разрад па прысвоеных кваліфікацыях, застаецца дастаткова высокім. Да таго ж у каледжы створаны ўмовы для атрымання прафесійнай адукацыі асобамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця па кваліфікацыях “тынкоўшчык”, “маляр”.
Сучасныя тэхналогіі
Вялікая роля ва ўдасканаленні якасці падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў адводзіцца цэнтру кампетэнцый будаўнічых тэхналогій, у склад якога ўваходзяць вучэбна-вытворчыя майстэрні каменных і аддзелачных работ, майстэрня санітарна-тэхнічнага абсталявання будынкаў і вучэбны цэнтр Ceresit. У бягучым навучальным годзе ў цэнтры кампетэнцый прайшлі навучанне 437 чалавек, а таксама 219 слухачоў па адукацыйных праграмах дадатковай адукацыі дарослых.
“У МДК ажыццяўляецца прафесійная падрыхтоўка, перападрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі рабочых, — звярнула ўвагу намеснік дырэктара. — У межах адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дарослых прайшлі навучанне 229 чалавек, у тым ліку на платнай аснове — 69”.
Майстар вытворчага навучання Ігар Галавач
У межах прафарыентацыі і работы па павышэнні іміджу прафесійнай адукацыі выкладчыкі МДК супрацоўнічаюць са школамі Маладзечанскага раёна. Як расказала Алена Гіпаць, падрыхтоўку па напрамку “Будаўнічыя работы, тэхнічная эксплуатацыя абсталявання” сёлета праходзілі 22 навучэнцы 8—9-х класаў з сямі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У майстэрнях школьнікі вывучалі такія прафесіі, як тынкоўшчык, маляр, муляр, сталяр, зваршчык, сантэхнік, электрык і іншыя. Што тычыцца навучэнцаў 10—11-х класаў, то 115 з іх займаліся прафесійнай падрыхтоўкай па розных кірунках, якія прапаноўвае ўстанова.
“Асаблівай увагі заслугоўвае наш сумесны вопыт работы па ранняй прафарыентацыі, якую праводзім пачынаючы з устаноў дашкольнай адукацыі, — падкрэсліла Алена Яўгеньеўна. — З маленькімі дзеткамі размаўляем пра тое, якія рабочыя прафесіі сёння існуюць і якія з іх больш за ўсё запатрабаваны як у нашым раёне, так і па ўсёй краіне”.
Што тычыцца ўзаемадзеяння з партнёрамі, то, акрамя школ горада, у МДК наладжана міжнароднае супрацоўніцтва з установамі адукацыі Расійскай Федэрацыі. Так, ужо заключаны дагавор са Смаленскім будаўнічым каледжам і праходзіць узгадненне дагавора з Кастрамскім гандлёва-эканамічным кале-
джам.
Урок для майстроў
Паспяховасць работы Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа вызначаецца ў тым ліку актыўным узаемадзеяннем з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў па ўсіх напрамках.
“У 2023 годзе 74 арганізацыі — заказчыкі кадраў падалі заяўкі на падрыхтоўку спецыялістаў, — дапоўніла намеснік дырэктара. — Маладзечанскім дзяржаўным каледжам заключаны шэсць дагавораў аб узаемадзеянні з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Ужо сталі традыцыйнымі нашы сумесныя мерапрыемствы, сярод якіх круглыя сталы, дзень адкрытых дзвярэй, кірмаш мэтавай падрыхтоўкі, дзень з прадпрыемствам, арганізацыя вытворчага навучання і практыкі вучняў на базе прадпрыемстваў, правядзенне экскурсій для навучэнцаў каледжа і ўстаноў агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, арганізацыя стажыровак для майстроў вытворчага навучання і выкладчыкаў прафесійных дысцыплін. У ліку нашых асноўных заказчыкаў кадраў — Радашковіцкі керамічны завод, ААТ “ЭНЭФ”, ААТ “Фабрыка Блауз”, РУП “Мінскаблгаз”, філіял “Маладзечанскае вытворчае ўпраўленне”.
Тое, што каледж рыхтуе высокапрафесійныя кадры, якія валодаюць неабходнымі навыкамі і кампетэнцыямі, пацвярджаюць перамогі навучэнцаў на шматлікіх конкурсах, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах.
Юлія Нехвядоміч з навучэнкай
“За мінулы навучальны год заваяваны 24 дыпломы абласнога этапу V Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі па 12 кампетэнцыях, — зазначае А.Гіпаць. — На рэспубліканскім узроўні каледж быў прадстаўлены ў чатырох кірунках: “Малярныя і дэкаратыўныя работы”, “Сухое будаўніцтва і тынкавальныя работы”, “Сантэхніка і ацяпленне”, “Сталярная справа”. Як вынік, навучэнцы занялі 3-е месца ў кампетэнцыі “Сантэхніка і ацяпленне” і сталі чацвёртымі ў “Сталярнай справе”.
Штогод каманда каледжа вынікова ўдзельнічае ў Міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва. Падчас 29-й Міжнароднай спецыялізаванай аптовай выставы-кірмашу “Прадэкспа-2023” пачынаючыя кандытары з Маладзечна заваявалі восем медалёў: адно “золата”, тры “серабра” і чатыры “бронзы”.
Акрамя таго, што ў Маладзечанскім дзяржаўным каледжы надаюць вялікае значэнне прафесійнаму станаўленню навучэнцаў, тут не забываюць і пра педагогаў — маладых спецыялістаў, якія з першага дня ўключаюцца ў інтэнсіўны адукацыйны працэс. Дарэчы, для іх камфортнага ўваходжання ў прафесію ва ўстанове функцыянуе школа пачынаючага педагога. Па словах А.Гіпаць, галоўная мэта школы — садзейнічаць бесперапыннай прафесійнай паслядыпломнай адукацыі.
“Мы заўсёды падтрымліваем нашых маладых калег, — дзеліцца метадамі работы Алена Яўгеньеўна. — Акрамя таго, што дапамагаем ім адаптавацца ў калектыве, абавязкова аказваем метадычную дапамогу, кансультуем у пытаннях павышэння ўзроўню прафесійнага майстэрства”.
У межах работы школы праводзяцца семінары-практыкумы, тэматычныя круглыя сталы, вэбінары, трэнінгавыя заняткі, творчыя справаздачы, прэзентацыі педагагічных ідэй, майстар-класы. Усё гэта дае магчымасць маладым выкладчыкам і майстрам вытворчага навучання абмяркоўваць з калегамі пытанні, вартыя ўвагі, і знаходзіць варыянты іх вырашэння.
Даведка
Візітнай карткай Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа доўгі час быў тэатр моды. У 2004 годзе вядомая калекцыя адзення “Славяначка”, якая была створана майстрамі і навучэнцамі ўстановы, заняла 1-е месца ў намінацыі “Народны стыль” на конкурсе “Планета мод”. Ён праводзіўся ў межах ІІІ Рэспубліканскага фестывалю дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй адукацыі. Самай яскравай стала перамога калекцыі “Славяначка” на VI адкрытым гарадскім конкурсе мадэльераў і дызайнераў адзення “Залатыя нажніцы — 2004”. За перамогу ў ім МДК уручылі сапраўдныя залатыя нажніцы, якія дагэтуль захоўваюцца ў музеі каледжа.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА