Імя лётчыка-касманаўта Алега Навіцкага прысвоілі сталічнай гімназіі № 2

- 14:04Новости

Чырвоную стужку, якая сімвалізуе новы этап у летапісе гімназіі, перарэзалі Герой Расійскай Федэрацыі палкоўнік Алег Навіцкі, першая беларуская жанчына-касманаўт Марына Васілеўская, намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Вольга Смірнова, дырэктар гімназіі Лілія Мінько. Сярод ганаровых гасцей прысутнічаў таксама протаіерэй Фёдар Поўны, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Касмічная гісторыя гімназіі № 2 пачалася ў 2012 г., калі на ўрачыстай лінейцы ў музеі авіяцыйнай тэхнікі мінскага аэраклуба атрад вучняў прынялі ў акцябраты. Значкі акцябрат і падарункі гімназісты атрымалі з рук лётчыкаў-касманаўтаў Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка. А ў 2014 г. ва ўстанове адукацыі адбылася памятная сустрэча з Алегам Навіцкім. Яго імя было прысвоена піянерскаму атраду. Неаднойчы касманаўт звяртаўся да навучэнцаў з відэавіншаваннем і наведваў гімназію. Яркія ўражанні пакінула ў дзяцей мерапрыемства ў Зорным гарадку. Менавіта таму летам 2024 г. навучэнцы звярнуліся да кіраўніцтва гімназіі з ініцыятывай прысвоіць установе імя Алега Навіцкага. І перагаворы з касманаўтам аказаліся паспяховымі.

— Мне вельмі хвалююча знаходзіцца тут, — падзяліўся сваімі ўражаннямі падчас урачыстага мерапрыемства А. Навіцкі. — Дарагога варта тое, што тваім імем называюць установу адукацыі. І гэта накладвае пэўную адказнасць на мяне, як на чалавека, касманаўта. Наша сістэма адукацыі — самая лепшая ў свеце. Я бачыў многа розных школ, аднак параўнацца з савецкай, беларускай і расійскай сістэмамі адукацыі не можа нішто. Толькі нашы настаўнікі даюць цудоўны ўзровень ведаў, які дазваляе крочыць па жыцці спакойна і ўпэўнена. Абяцаю цяпер актыўна ўдзельнічаць у жыцці гімназіі, праводзіць гутаркі з вучнямі, каб у іх з’явілася мэта, яны нічога не баяліся, ішлі смела наперад.

Звярнулася з прывітальнымі словамі да гімназістаў і Герой Беларусі М. Васілеўская:

— Ідзіце да сваёй мэты, верце ў сябе і будзьце ўпэўнены, што ўсё добрае абавязкова збудзецца!

На тэрыторыі ўстановы адукацыі была закладзена алея беларускіх касманаўтаў, дзе госці разам з навучэнцамі гімназіі і ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі высадзілі кедры і туі.  

Госці азнаёміліся з экспазіцыяй «Місія: космас», прысвечанай А. Навіцкаму, і наведалі музейны пакой «Будзем памятаць». Сапраўдным падарункам для іх стала інтэрактыўная тэатральная пастаноўка «Не адвадзі вачэй ад космасу».

— Сёння многія ўстановы адукацыі працуюць над тым, каб заслужыць права насіць імя лепшых сыноў і дачок беларускай зямлі. А наша зямля сапраўды багата на таленты, шчырых, смелых і самаадданых людзей. У Мінску каля трэці ўстаноў адукацыі прысвоены імёны Герояў Вялікай Айчыннай вайны, Герояў Беларусі, тых, хто з’яўляецца дастойным прыкладам для будучых пакаленняў. Мы ўпэўнены, што гімназія № 2 заўсёды будзе імкнуцца быць першай, лепшай з лепшых, — адзначыла В. Смірнова.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара