Індывідуальная траекторыя росту

- 13:19Адукацыйная прастора, Алімпіядны рух

Пераможцам алімпіяды становіцца той, хто здольны да самастойнага пошуку, адрозніваецца ўпартасцю і працаздольнасцю, імкнецца да росту. Пераможцы Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі чарговы раз пацвердзілі гэтую аксіёму.

Алімпіяда праходзіла ў Маладзечне. 110 школьнікаў з розных куткоў Беларусі змагаліся ў ведах па геаграфіі як у тэорыі, так і на практыцы, дэманструючы мысленне і кемлівасць, здольнасць свабодна і лагічна выкладаць матэрыял, выкарыстоўваючы геаграфічныя тэрміны і паняцці, выяўляючы пэўныя заканамернасці.

У выніку 10 разумнікаў і разумніц з найлепшымі ведамі прадмета сталі ўладальнікамі дыпломаў I ступені. Сярод іх чацвёра школьнікаў з Віцебшчыны, двое з Гродзеншчыны, па адным з Мінскай і Гомельскай абласцей, а таксама двое мінчан. Дыпломы II ступені заваявалі 15 чалавек, а дыпломы III ступені заслужана атрымалі 25 юнакоў і дзяўчат.

Сярод пераможцаў ёсць такія, хто паспяхова ўдзельнічае ў рэспубліканскай алімпіядзе не першы раз. У прыватнасці, уладальнік дыплома I ступені Раман Пенязь, навучэнец 10 класа гімназіі № 1 Слуцка.  Для Рамана, які ўпершыню вырашыў паспрабаваць свае сілы ў алімпіядным руху ў 8 класе, гэта ўжо трэцяя алімпіяда. Захапленне юнака геаграфіяй пачалося ў дзяцінстве з вывучэння палітычнай карты свету, якая вісела ў кватэры на сцяне. “Праходзячы міма карты, я самастойна запамінаў назву акіянаў і мораў, кантынентаў і краін, іх сталіцы. Бацькі заахвочвалі гэтае захапленне. Але ў поўнай меры цікавасць да гэтай комплекснай навукі аб свеце, грамадстве, людзях ува мне развілі настаўнікі, і гэта перайшло ужо ў новае рэчышча”, — расказвае Раман Пенязь.

Зацікавіла дапытлівага школьніка геаграфіяй Марына Цвірко, педагог з 32-гадовым стажам, якая прыглядзела кемлівага хлопца яшчэ ў 6 класе і прапанавала займацца дадаткова. “Спачатку жаданне наведваць дадатковыя заняткі выказалі чалавек сем, але ўжо напрыканцы года іх засталося трое, — успамінае Марына Францаўна. — Каб захапіць дзяцей прадметам, рыхтавала для іх цікавыя заданні, праводзіла ўрокі ў гульнявой форме. У такім узросце школьнікаў цікавіць усё загадкавае, невядомае, цяжкавытлумачальнае. Вялікай папулярнасцю ў навучэнцаў карыстаюцца інтэрактыўныя картаграфічныя гульні і трэнажоры, размешчаныя ў лакальнай сетцы нашай гімназіі, якія выкарыстоўваюцца і на ўроках, і ў пазакласнай рабоце, і падчас падрыхтоўкі да алімпіяд: “Геаграфія для разумнікаў”, GeoGrafix 2, Globe, трэнажор “Заходняя Еўропа” і інш.».

Аднак адданым геаграфіі застаецца толькі той, хто здольны да самастойнага пошуку, адрозніваецца ўпартасцю і працаздольнасцю, імкнецца да росту. З такімі дзецьмі ўсе наступныя гады педагог узмоцнена займаецца як на ўроках, так і ў пазаўрочны час, на факультатывах. Заняткі праходзяць індывідуальна і ў групах, прычым старэйшыя часта займаюцца з малодшымі, на карысць і адным, і другім. “Рыхтуючыся да алімпіяды, дзіцяці трэба самастойна чытаць шмат літаратуры, уважліва разглядаць вялікія патокі фота- і відэакантэнту, — удакладняе Марына Цвірко. — А яшчэ быць эканамічна падкаваным. Практычны блок уключае самыя розныя заданні, у тым ліку занаванне тэрыторыі на мясцовасці і складанне плана землекарыстання, аналіз кліматаграм, полаўзроставых пірамід, пабудову комплекснага фізіка-геаграфічнага профілю і асобна профілю рэльефу, расліннасці, глеб і інш. Кожны год, займаючыся падрыхтоўкай, я і сама даведваюся нешта новае. На апошнім падрыхтоўчым этапе ў гімназіі праходзяць міжшкольныя факультатывы, для школьнікаў і педагогаў арганізоўваюцца семінары і вэбінары ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Прыемна, што ў любых нашых ініцыятывах на шляху росту адміністрацыя гімназіі заўсёды аказвае падтрымку”.

Марына КУНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.