Ініцыятыва і творчы падыход

- 11:07Планерка, Планёрка ў рэгіёне, Суразмоўца, Суразмоўца

Таленавітымі, творчымі педагогамі славіцца шчучынская зямля. Дзякуючы іх самаадданай працы, школьнікі дасягаюць высокіх вынікаў у навучанні, растуць выхаванымі людзьмі з высокімі маральнымі каштоўнасцямі. Пра такіх педагогаў і іх навучэнцаў расказаў начальнік аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Павел Віктаравіч ТАРЧЫНСКІ.

— Кім і чым ганарыцца сістэма адукацыі Шчучынскага раёна? Якія па­дзеі мінулага навучальнага года парадавалі?

— Сістэма адукацыі нашага раёна прадстаўлена 31 установай, дзе вучыцца 4712 дзяцей, з іх больш як 3,5 тысячы школьнікаў і 1,1 тысячы дашкольнікаў. Мінулы навучальны год для нас быў насычаным на цікавыя падзеі як у адукацыйнай, так і ў выхаваўчай прасторы. Навучэнцы ўдала выступілі на рэс­публіканскай алімпіядзе. За намі 8 дыпломаў на абласным і пераможнае 3-е месца на заключным этапе алімпіяды. 12 дыпломаў атрымалі шчучынцы па выніках абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”. Сфарміравана сістэма дапрафесійнага і прафесійнага навучання па 8 спецыяльнасцях. Адкрылі 9 груп аграрнай накіраванасці і 7 — педагагічнай. Цалкам апраўдаў сябе раённы праект па ўзаемадзеянні навучэнцаў педагагічных класаў з установамі дашкольнай адукацыі. Як вынік паспяховай працы — абмен вопытам у час міжнароднай метадалагічнай канферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў вышэйшай адукацыі Беларусі, Расіі і Казахстана.

Навучэнец этнастудыі творчага развіцця “Крылы” Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі (кіраўнік Н.В.Собаль) Ягор Бухгароўскі стаў лаўрэатам прэміі імя А.І.Дубко. Прэміі імя Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта “За высокі ўзровень арганізацыі духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі” ўдастоены ваенна-патрыятычны клуб “Дружына”.

Выніковы ўдзел раёна ў абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года — 2022”. Мы ганарымся ўзорнымі калектывамі Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі “Апрель”, “Гармонія”, “Кантрасты MIX”, “Элегія”. З навучэнцамі эфектыўна працуюць педагогі С.І.Аляксеева, А.Ф.Чашчавік, Т.Д.Дзекевіч, І.А.Краўчук, якія дапамагаюць кожнаму дзіцяці сфарміравацца як асобе і дасягнуць творчага ўзлёту. 

— Раскажыце пра педагогаў Шчучыншчыны. Ці папоўнілася педагагічная сям’я маладымі спецыя­лістамі?

— У сістэме адукацыі раёна працу­юць 824 педагагічныя работнікі. Паспяхова ўдзельнічаюць у навучанні калег настаўнікі-метадысты С.А.Ханько і Ж.Г.Гай­да. У гэтым годзе да нас прыйшлі 18 маладых спецыялістаў, 11 з іх вучыліся згодна з дагаворамі аб мэтавай падрыхтоўцы. Усе яны забяспечаны жыллём, за кожным замацаваны вопытны настаўнік. У бягучым годзе настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы № 2 Шчучына Д.Л.Баж­ко і педагог-псіхолаг дзіцячага сада № 7 Шчучына А.С.Мілінкевіч занесены ў віртуальную Кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гро­дзенскай вобласці, А.В.Даўгоўскі ўвайшоў у склад Мала­дзёжнага парламента Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

— На чым грунтуецца прафарыентацыйная работа?

— Аддзелам распрацавана дарожная карта прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі ва ўстановах адукацыі Шчучынскага раёна на 2020—2022 гады з улікам узроставых асаблівасцей навучэнцаў, прамысловай і аграрнай інфраструктуры рэгіёна. Асаблівасцю прафарыентацыйнай работы нашага раёна з’яўляецца супрацоўніцтва са ўсімі арганізацыямі і прадпрыемствамі.

Вынікам такой дзейнасці стаў унікальны сумесны праект аддзела адукацыі і прадпрыемства “Праймілк”, які дазволіў 72 школьнікам Шчучына паспрабаваць сябе ў якасці інжынераў-праграмістаў, тэхнолагаў, маркетолагаў. Наладжана супрацоўніцтва з Гродзенскім занальным навукова-даследчым інстытутам раслінаводства НАН Беларусі. Арганізоўваюцца экскурсіі, сустрэчы з навучэнцамі аграрных класаў і настаўнікамі хіміі і біялогіі, уключаючы правядзенне сумесных доследаў па вырошчванні гібрыдаў раслін, палявыя назіранні.

Сумесны праект аддзела адукацыі і прадпрыемства “Праймілк” дазволіў 72 школьнікам Шчучына паспрабаваць сябе ў якасці інжынераў-праграмістаў, тэхнолагаў, маркетолагаў.

У сярэдняй школе № 1 Шчучына адкрыта спартыўна-педагагічная група і створаны міжшкольны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі. Наладжваецца супрацоўніцтва са 116-й штурмавой гвар­дзейскай авіяцыйнай базай. Наша задача заключаецца не толькі ў падрыхтоўцы юнакоў да службы ў арміі, але і ў развіцці цікавасці юнакоў да прафесіі лётчыка.

Знаёмства з прафесіяй медыцынскага работніка пачыналася праз экскурсіі ў Шчучынскую ЦРБ, а цяпер працягваецца праз работу апорнага кабінета па медыцынскай падрыхтоўцы, адкрытага на базе сучаснага кабінета біялогіі. Удасканаленню практычных навыкаў аказання першай медыцынскай дапамогі садзейнічалі заняткі ў сімуляцыйным пакоі бальніцы. Вынікам гэтай работы стала паступленне 38 выпускнікоў на медыцынскія спецыяльнасці і вяртанне многіх выпускнікоў на работу ў нашу бальніцу.

— Як вядзецца патрыятычнае выхаванне моладзі?

— Пачынаецца яно з дзіцячага сада. На тэрыторыі кожнага з іх абсталяваны флагштокі, і 1 верасня гэтага года выхаванцы з лёгкасцю спявалі Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. На мой погляд, найбольш каштоўнай з’яўляецца падтрымка ініцыятывы дзяцей і ўключэнне іх у рэалізацыю сацыяльна значных праектаў. З іх непасрэдным удзелам рэалізаваны раённыя праекты “Гісторыя праз час”, “Рэха вайны”. 9 мая 2022 года рукатворная кніга памяці “Рэха вайны”, зробленая рукамі педагогаў і навучэнцаў раёна, у якую ўвайшлі лісты з фронту, аўтарскія вершы ўдзельнікаў баявых дзеянняў, перададзена ў музей баявой славы сярэдняй школы № 1 Шчучына. 

Падтрымана ініцыятыва маладзёжнага парламента пры Шчучынскім раённым Савеце дэпутатаў па рэалізацыі праекта “#Гісторыя праз час”: таблічкі з QR-кодамі ўстаноўлены на 13 аб’ектах. У рамках раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Адкрыццё” навучэнцы прадаставілі праекты па вывучэнні гісторыі сваёй школы, жыццёвага шляху педагогаў-ветэранаў вайны, гісторыі сваёй малой радзімы. Візітнай карткай раёна і Палаца творчасці дзяцей і моладзі стаў праваслаўны ваенна-патрыятычны клуб “Дружына”, якому спаўняецца 15 гадоў. У сярэдняй школе № 1 Шчучына арганізавана ўзаемадзеянне з зенітна-ракетным палком, у гэтай школе, а таксама гімназіі Шчучына — са 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базай, Шчучынскім РАУС, раённым ваенным камісарыятам, раённай арганізацыяй ГА “Беларускі саюз афіцэраў”. 

— Што ўстановы адукацыі прапа­нуюць дзецям у суботу?

— Работа ў шосты школьны дзень арганізавана ў рамках тэматычных дзён. У верасні навучэнцы школ прынялі ўдзел у міжнароднай акцыі “Дыктант Перамогі”. Члены савета музея сярэдняй школы № 1 Шчучына правялі для ўсіх гарадскіх школ патрыятычную квест-гульню “Хачу ўсё ведаць пра горад, у якім жыву”. У Палацы творчасці дзяцей і моладзі рэалізуецца праект шостага школьнага дня “АРТ-Талака”.

— А што ў планах на будучыню?

— Правядзенне сумесна з маладымі спецыялістамі раённай педагагіяды сярод вучняў профільных педагагічных класаў. Працяг супрацоўніцтва з УВА ў справе падрыхтоўкі высокаматываваных навучэнцаў да ўдзелу ў конкурсах даследчых работ. З мэтай прафесійнай арыентацыі выпускнікоў, акрамя экскурсій на прадпрыемствы, паспрабуем правядзенне майстар-класаў ад бацькоў — прадстаўнікоў розных прафесій і спецыяльнасцей.

Сумесна з БРСМ правядзем злёт патрыятычных клубаў. Адкрыем у палацы творчасці музейную экспазіцыю, прысвечаную дзіцячым і маладзёжным грамадскім аб’яднанням. З мэтай прафілактыкі наркаманіі і шкодных звычак сярод навучэнцаў рэалізуем ініцыятыву дэпутатаў маладзёжнага парламента пры Шчучынскім раённым Савеце дэпутатаў аб стварэнні інтэрактыўнага квест-пакоя “Гісторыя адной звычкі”. Планаў шмат, але галоўны вынік — выхаванне паспяховых маладых людзей, патрыётаў сваёй Радзімы.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.