У Беларусі стартаваў першы адукацыйны праект для бацькоў з інваліднасцю “Інклюзіўнае мацярынства” — сумесны праект сацыяльна-дабрачыннай установы па пытаннях грамадскага здароўя “Паблік Хелс” і “Гід па жыцці”/ ГА “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”. Яго мэта — зрабіць больш даступнай для такіх мам і татаў інфармацыю па пытаннях цяжарнасці, падрыхтоўкі да родаў, пасляродавага перыяду і этапу догляду нованароджанага дзіцяці. Вучэбныя відэаматэрыялы для такіх бацькоў былі створаны пры падтрымцы праекта MAMA PRO і размешчаны на YouTube-канале “Гід па жыцці”.
Стварэнне інклюзіўнай серыі відэаматэрыялаў — гэта першы крок на шляху да ўсвядомленага бацькоўства і атрымання даступнай інфармацыі для людзей з інваліднасцю. Відэаролікі, у якіх эксперты даступнай мовай тлумачаць хвалюючыя ўсіх бацькоў пытанні і развейваюць самыя распаўсюджаныя страхі, для лепшага ўспрымання суправаджаюцца субтытрамі. Акрамя таго, больш за 300 тэкставых матэрыялаў на тэму мацярынства і дзяцінства стануць даступнымі шырокаму колу бацькоў. У далейшым інфармацыя будзе перакладзена на “зразумелую мову” — асаблівую спрошчаную версію мовы, распрацаваную для аблягчэння ўспрымання інфармацыі людзьмі з інтэлектуальнымі парушэннямі.
Ініцыятары спадзяюцца, што праект аблегчыць для маладых мам і татаў з інваліднасцю доступ да інфармацыі, якая іх цікавіць. Бо ў пытаннях цяжарнасці і родаў людзі з асаблівымі патрэбамі нярэдка сутыкаюцца з дыскрымінацыяй сваіх правоў.
“Беларусь знаходзіцца толькі ў пачатку шляху пашырэння доступу да цяжарнасці і родаў жанчынам з інваліднасцю. Нашым урачам яшчэ не заўсёды хапае міжнароднага прафесійнага вопыту і ведаў у гэтай сферы. Часам жанчыны з асаблівымі патрэбамі сутыкаюцца з крытычнымі заўвагамі да і пасля цяжарнасці, часам іх адгаворваюць станавіцца маці. Неабходнай інфармацыі не хапае. Але жаданае мацярынства — законнае права любой жанчыны”, — лічыць эргатэрапеўт, менеджар праектаў “Гід па жыцці”/ ГА БелАДДІіМІ Ірына Куксік.
Нагадаем, што сёлета ГА “БелАДДІіМІ” пачала выкарыстоўваць новы лагатып — Life guide (“Гід па жыцці”). Сёння яе мэтавая аўдыторыя — гэта маладыя людзі з інваліднасцю, маладыя мамы, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, а таксама таты, якія таксама ўключаюцца ў дзейнасць арганізацыі. БелАДДІіМІ — гэта гід для людзей з інваліднасцю і іх сем’яў, для спецыялістаў розных сфер дзейнасці, якія працуюць з людзьмі з інваліднасцю. Для дзяржавы гэтая арганізацыя з’яўляецца пілотнай пляцоўкай па апрабацыі сацыяльна значных праектаў, што адлюстравана ў асноўных кірунках яе дзейнасці: гід сямейны, гід інфармацыйны, гід для спецыялістаў, гід па працаўладкаванні, юрыдычны гід.
“Цяжарнасць, роды і мацярынства — асаблівы перыяд у жыцці кожнай жанчыны. Праект MAMA PRO на працягу некалькіх гадоў дапамагае мамам атрымаць інфармацыю па пытаннях жаночага і дзіцячага здароўя, якой можна верыць і якую не трэба правяраць. Для нас важна, каб доступ да гэтай інфармацыі быў адкрыты для ўсіх мам без выключэння”, — прызнаецца ўрач акушэр-гінеколаг і кіраўнік праекта MAMA PRO Дзіяна Мардас.
Інклюзіўныя відэаролікі ахопліваюць асноўныя тэмы па пытаннях цяжарнасці, родаў і пасляродавага перыяду. На працягу некалькіх месяцаў раздзел “Бацькам” на сайце БелАДДІіМІ будзе папаўняцца кожны тыдзень карыснымі тэкставымі матэрыяламі. Рэалізацыя праекта “Інклюзіўнае мацярынства” ажыццяўляецца пры падтрымцы Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь.
Надзея ЦЕРАХАВА.