Інтэрактыўная карта ў дапамогу педагогам-псіхолагам створана на сайце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі

- 12:01Новости, Приложение, Психолог в школе

Абмен вопытам і зносіны паміж калегамі — неабходная ўмова самаразвіцця і самаўдасканалення педагога­псіхолага. Пра сучасны рэсурс у дапамогу спецыялістам карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказалі начальнік упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена Міхалевіч і метадыст упраўлення Ганна Рамашка.

З 2021 года штогод у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі праводзiцца анлайн-панарама эфектыўнага вопыту метадычнай работы з педагогамi-псiхолагамi ўстаноў адукацыі. Па яе выніках ствараецца інтэрактыўная карта, знайсцi якую ў свабодным доступе можна на сайце акадэміі.

— Мы выбралі такую форму правядзення мерапрыемства, каб задзейнічаць максімальную колькасць удзельнікаў і стварыць рэсурс, карысны для ўсіх, — расказвае Ганна Уладзіміраўна. — Анлайн-панарама эфектыўнага вопыту метадычнай работы ўвахо­дзiць у Комплекс мер па ўдасканаленні работы па своечасовым выяўленні фактараў рызыкі суіцыдальных дзеянняў непаўналетніх, аказанні ім належнай псіхалагічнай і (або) псіхіятрычнай дапамогі, зацверджаны пратаколам пасяджэння Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці ад 23 верасня 2021 года № 2. Нам важна зрабіць гэтую форму работы традыцыйнай, каб на працягу навучальнага года калегі на месцах працавалі над сваімі матэрыяламі, асэнсоўвалі сваю дзейнасць і падводзілі вынікі, дасылаючы матэрыялы на панараму вопыту. Бо гэта і ёсць вынік іх работы за цэлы год. Па зваротнай сувязі мы бачым, што займаемся патрэбнай справай — дапамагаем калегам прафесійна ўзбагачацца. Гэта наш прынцып: мы дзелімся напрацоўкамі свабодна і шчодра, дапамагаем адно аднаму, павышаем уласную прафесійную кампетэнтнасць.

Матэрыялы для панарамы вопыту першапачаткова адбіраюцца на ўзроўні раёнаў, прахо­дзяць абласны ўзровень і трапляюць на рэспубліканскі, у Акадэмію паслядыпломнай адукацыі. Крытэрыі эфектыўнасці работы такія ж, як у звычайнага метадычнага прадукту, прычым тут няма абмежаванняў па форме падачы матэрыялу — гэта могуць быць прэзентацыі, распрацоўкі заняткаў, цыклы заняткаў, распрацаваныя праграмы, метадычныя дапаможнікі і г.д. Галоўнае, каб яны мелі практыка-арыентаваны характар. Тэматыка работ ахоплівае ўсе напрамкі дзейнасці педагога-псіхолага. Напрыклад, спецыялісты Гродзенскай, Гомельскай абласцей i Мiнска зрабілі ўпор на iснуючыя сiстэмы метадычнай работы. Дарэчы, тэматыка ў кожным з рэгіёнаў свая. Пастаянныя ўдзельнікі мерапрыемства спецыялісты Магілёўскага абласнога СПЦ штогод прадастаўляюць дыягнастычныя матэрыялы для педагогаў-псіхолагаў, і сёлета ў іх вельмі запатрабаваны матэрыял па экспрэс-дыягностыцы. Брэсцкія і віцебскiя калегі робяць упор на практыкаарыентаванасць мерапрыемстваў, спецыялісты з Мінскай вобласці прадастаўляюць шмат работ па прафілактыцы.

Асаблівасцю сучасных патрабаванняў да кваліфікацыі і кампетэнтнасці спецыяліста адукацыі ў нашай краіне з’яўляецца пераход ад разавага атрымання кваліфікацыі на ўсё жыццё да неабходнасці навучання і самаўдасканалення на працягу ўсяго жыцця.

— Працуючы з усімі рэгіёна­мі, мы можам сказаць, што кожны рэгіён у плане метадычнай работы ўнікальны па-свойму, — далучаецца да размовы Алена Францаўна. — Праўда, калегам з абласцей часам не хапае смеласці прадастаўляць свае матэрыялы, яны занадта сціплыя ў гэтым плане.

Спецыялісты Акадэмii паслядыпломнай адукацыі заўсёды рады таму, што з’яўляецца іні­цыятыва і педагогі-псіхолагі актыўна ўдзельнічаюць у панараме вопыту.

— Спецыялісты, якія падаюць нам матэрыялы, як правіла, выказваюць жаданне пасля выступіць са сваім вопытам на метадычных мерапрыемствах, — працягвае Ганна Уладзіміраўна. — Бывае, што ўдзел у метадычнай рабоце садзейнічае іх кар’ернаму росту. Так, колішні метадыст Карэліцкага раённага метадычнага кабінета Наталля Ардзюк цяпер загадчыца РУМК, а метадыст Гродзенскага абласнога ІРА Наталля Запаснік зараз працуе намеснікам начальніка цэнтра выхаваўчай, ідэалагічнай і сацыяльна-педагагічнай работы ГрАІРА. Аднак для нас галоўнае не гэта, а тое, каб людзі застава­ліся ў прафесіі.

Спецыялісты Акадэмii паслядыпломнай адукацыі адзначаюць яшчэ адзін важны момант. Калі раней у матэрыялах звярталася больш увагі на змест, то цяпер у прыярытэце крыху іншыя аспекты метадычнай работы. Змястоўны кампанент можна знайсці на любым рэсурсе, нават у інтэрнэце. Больш увагі — на матывацыю работы спецыяліста, на тое, якія мэты ён ставіць, на тое, як у спецыяліста сфарміраваць сітуа­цыю поспеху. Такім чынам, педагог-псіхолаг адчувае сваю запатрабаванасць у прафесіі.

Усю інфармацыю пра панараму эфектыўнага вопыту метадычнай работы з педагогамi-псiхолагамi ўстаноў адукацыі можна знайсці на сайце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У найбліжэйшай будучыні там з’явіцца новая — ужо трэцяя — інтэрактыўная карта з матэрыяламі, вартымі для азнаямлення.

Наталля КАСТЭНКА