Ірына Казарэз расказала, як дапамагаюць маладым спецыялістам у Пружанскім раёне

- 13:53Планерка

Пра інжынерныя групы і аграрныя класы, падтрымку маладых спецыялістаў і новыя праекты карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з начальнікам аддзела па адукацыі Пружанскага райвыканкама Ірынай Казарэз.

— Ірына Анатольеўна, што адметнага адбываецца ў сістэме адукацыі раёна ў гэтым навучальным годзе?

— У раёне рэалізуюцца мерапрыемствы дарожнай карты па развіцці сеткі профільных класаў інжынернай накіраванасці. На базе сярэдніх школ № 1 і № 3 Пружан адкрыліся інжынерныя групы, дзе пачаў праводзіцца факультатыў “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”. Ва ўстановах арганізоўваюцца тэматычныя сустрэчы, дыялогавыя пляцоўкі з прадстаўнікамі інжынерных прафесій (“Урок ад прафесіянала”, “Урок поспеху”), акцыі “Дзень з прадпрыемствам”.

Калі гаварыць пра сярэднюю школу № 1 Пружан імя Чырвана­сцяжнай Беларускай ваеннай акругі, то ўстанова падпісала дагавор аб супрацоўніцтве з БрДТУ. Яго выкладчыкі ўдзельнічаюць у правядзенні заняткаў са старшакласнікамі — будучымі інжынерамі. У сваю чаргу нашы вучні змогуць наведваць універсітэт з экскурсіямі, паспрабуюць сябе ў ролі студэнтаў у рамках праекта “Студэнт на адзін дзень”.

Намечаны кірункі супра­цоў­ніц­тва сярэдніх школ № 1 і № 3 па рэалізацыі дарожнай карты з Пружанскім філіялам вытворчага ўпраўлення “Кобрынгаз”. Ёсць зацікаўленасць у наладжванні сувязей з Пружанскім заводам радыёдэталей. Асноўная мэта — прафарыентацыя моладзі, пад­рыхтоўка кадраў, у тым ліку па мэтавых накіраваннях.

З гэтага навучальнага года таксама быў адкрыты ваенна-пат­рыятычны клас у сярэдняй школе № 5 Пружан, дзе праводзяцца факультатыўныя заняткі “Гатовы Радзіме служыць!”. У Ліноўскай сярэдняй школе створаны ваенна-патрыятычны клуб і рэалізуецца праграма аб’яднання па інтарэсах ваенна-патрыятычнага профілю “Віраж” сумесна з вайсковай часцю 23324 Бярозы.

— Як вы дапамагаеце маладым спецыялістам?

— Усе льготы і выплаты, якія існуюць сёння для маладых спецыялістаў, ім прадастаўляюцца. Калі пачынаючы педагог не мясцовы, ён мае права на арэнднае жыллё. У гэтым пытанні мы актыўна супрацоўнічаем з сельгаспрадпрыемствамі — яны часта ідуць нам насустрач і выдзяля­юць жыллё. У адным з нашых населеных пунктаў размешчана абласная бальніца, у інтэрнаце якой таксама прадугледжваюцца месцы для нашых маладых спецыя­лістаў.

Мы з нецярпеннем чакаем вяртання сваіх выпускнікоў. Сёлета да нас прыехалі 8 маладых педагогаў, усе яны працуюць у гарадскіх школах. Калі прааналізаваць лічбы, то менавіта выхадцы з Пружаншчыны часцей за ўсё замацоўваюцца ў раёне пасля адпрацоўкі.

— Ці карыстаюцца выпускнікі педагагічных і аграрных класаў ільготамі, якія ім прадастаўляюцца? Ці бяруць мэтавыя накіраванні?

— У сямі ўстановах адукацыі Пружанскага раёна працуюць 9 педагагічных груп. У асноўным іх выпускнікі выбіраюць педагагічныя спецыяльнасці і, карыстаючыся рэкамендацыямі педсаветаў устаноў адукацыі, па субяседаванні паступаюць у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна. Адна з выпускніц педкласа Ружанскай сярэдняй школы імя Казіміра Марача сёлета ўзяла мэтавае накіраванне ад аддзела адукацыі. Праўда, з гэтага года дагавор аб падрыхтоўцы кадраў будзе заключацца паміж УВА і ўстановамі адукацыі, паколькі школы як юрыдычныя асобы павінны самі фарміраваць свой кадравы патэнцыял. У раёне функцыянуюць 6 класаў аграрнай накіраванасці. Так, на працягу двух гадоў працаваў аграклас у Мокраўскай сярэдняй школе. У 2022  го­дзе ўсе 4 яго выпускнікі паступілі ў БДАТУ на інжынерныя спецыяльнасці, з іх трое — па мэтавых дагаворах.

А вось выпускніца 3-й школы Пружан Настасся Барысевіч у 11 класе прайшла адбор у Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк і пасля заканчэння адукацыйнай змены атрымала накіраванне на паступленне ў БНТУ, дзе сёння і ву­чыцца.

— Наколькі зараз аптымізавана адукацыйная сетка Пружанскага раёна? 

— Сёння ў раёне дзейнічаюць 22 установы агульнай сярэдняй адукацыі: 5 школ у горадзе, 2 — у гарадскіх пасёлках Шарашова і Ружаны, астатнія — у сельскай мясцовасці. Аднак колькасць вучняў у горадзе ўсё роўна большая, чым у вёсцы. Самыя вялікія сельскія школы знаходзяцца ў Лінове і Параслянах.

Летась мы закрылі 2 базавыя школы, а з гэтага навучальнага года яшчэ і дзіцячы сад у Аранчыцах, адкуль дзяцей перавялі ў дзіцячы сад суседняга аграгарадка Лінова — у самую новую ўстанову дашкольнай адукацыі раёна, пабудаваную 13 гадоў назад. У трохпавярховым будынку ёсць басейн, актавая і спартыўная залы, рэкрэацыя, харчаблок. Аграгарадок развіваецца і прываблівае насельніцтва наяўнасцю рабочых месцаў на хлебапрыёмным і сельскагаспадарчым прадпрыемствах, птушкафабрыцы, чыгуначнай станцыі.

— Раскажыце пра цікавыя праекты, якія рэалізуюцца ў раёне.

— У пачатку навучальнага года ў дзіцячым садзе № 3 Пружан адбылося ўрачыстае адкрыццё першага ў раёне дашкольнага лясніцтва. Шэфства над будучымі калегамі ўзяў Пружанскі лясгас. Да таго ж ва ўстанове рэалізуецца адукацыйны праект “Зялёныя школы”. 

Ужо трэці год па ініцыятыве Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь рэалізуецца праект “Хакей ідзе да дзяцей”, згодна з якім для вучняў 1—2 класаў горада з асноўнай групай здароўя ўрокі фізкультуры праходзяць у Лядовым палацы, дзе яны асвойваюць навыкі гульні ў хакей. Была распрацавана эксперыментальная вучэбная праграма: дзве вучэбныя гадзіны ў тыдзень школьнікі займаюцца на лёдзе, а трэцюю — на звычайным уроку фізкультуры ў сваіх школах. Экіпіроўку для юных хакеістаў выдзяляе федэрацыя. Дзеці, якія 3 гады назад былі першапраходцамі ў гэтым праекце, сёння ўжо ўпэўнена гуляюць у хакей і працягваюць навучанне ў спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву № 2 Пружан. Заняткі па хакеі з пачынаючымі гульцамі право­дзяць трэнеры з гэтай школы.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара