Ірына Садоўская: задача кіраўніка — паказаць, наколькі важную ролю педагогі адыгрываюць у развіцці дзяржавы

- 10:41Новости, Школа управления

Такое меркаванне выказала начальнік упраўлення па адукацыі Барысаўскага райвыканкама Ірына Садоўская падчас сумеснага пасяджэння Асацыяцыі кіраўнікоў і Асацыяцыі педкласаў Беларускага педагагічнага таварыства, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Мерапрыемства прайшло ў рамках выязной секцыі V Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Педагагічныя класы: вопыт і перспектывы”, якая прайшла ў БДПУ. Тэмай для абмеркавання на сустрэчы стаў арганізацыйна-метадычны аспект функцыянавання профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Сярод удзельнікаў былі і госці — прадстаўнікі педагагічнай галіны з Рэспублікі Башкартастан.

Начальнік упраўлення па адукацыі Барысаўскага райвыканкама Ірына Садоўская падчас знаёмства з рэгіянальнымі асаблівасцямі функцыянавання педкласаў паведаміла, што ў 13 установах адукацыі Барысаўшчыны дзейнічаюць 1 педагагічны клас і 20 педагагічных груп.

“Калі ў мінулым годзе ў іх вучылася 89 чалавек, то сёлета — больш за 200. Што гэта значыць? Тое, што над прафарыентацыяй дзяцей паспяхова папрацавалі і педагогі, і баць­кі, бо часцей яны накіроўваюць дзяцей. А калі сёння і бацькі ба­чаць будучыню свайго сына ці дачкі ў педагогіцы, гэта гаворыць пра многае”, — заўважыла Ірына Міхайлаўна.

Далей яна спынілася на змесце і формах работы з навучэнцамі педкласаў, якія дэманстру­юць свае ўменні на ўроках, падчас акцый і рэалізацыі праектаў. Асабліва папулярнымі сталі педагагічнае валанцёрства і стажыроўкі ў аздараўленчых лагерах, дзе школьнікі могуць прымераць на сябе прафесію педагога і ўсвядоміць свае магчымасці. Акрамя таго, навучэнцы педкласаў праводзяць адкрытыя ўрокі, удзельнічаюць у марафонах паспяховых практык, форумах.

Ірына Садоўская звярнула ўвагу і на дзейнасць, якая спрыяе росту маладых спецыялістаў. Так, у Барысаўскім раёне з’явілася Агенцтва маладзёжных іні­цыятыў, куды ўвайшлі маладыя і актыўныя педагогі, якія зарэкамендавалі сябе ў межах не толькі школы, але і ўсяго раёна. Яны актыўна падтрымліваюць навучэнцаў педкласаў, рэалізуюць свае ідэі і праекты, папулярызуюць педагагічную прафесію. Не дзіўна, што сярод кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна з’явіліся маладыя дырэктары.

“Задача, якая стаіць перад кожным кіраўніком любога ўзроўню, — паказаць, наколькі прафесія педагога з’яўляецца ганаровай, наколькі важную ролю яна адыгрывае ў станаўленні грамадства і развіцці дзяржавы”, — адзначыла Ірына Садоўская.

У праграме мерапрыемства было не толькі абмеркаванне надзённых пытанняў педагагічнай прафілізацыі, суправаджэння маладых педагогаў, але і наведванне цікавых лакацый, дзе госці мерапрыемства змаглі паўдзельнічаць у інтэрактыўным дыялогу з навучэнцамі педкласа, папрацаваць над сваімі праектамі і нават пастажыравацца. Для гэтага прапаноўвалася наведаць пяць лакацый, тэматыка якіх адпавядала пяці складнікам педагагічнай прафілізацыі: сістэмнасць, змястоўнасць, структура, стажыроўка і ўдасканаленне.

А падчас педагагічнага батла шукалі адказ на пытанне “А які ён — настаўнік?”. Дапамагалі пачынаючы педагог настаўніца фізічнай культуры і здароўя (выпускніца гімназічнага класа педагагічнай накіраванасці) Ганна Шыбаева, малады спецыяліст, лаўрэат рэспубліканскага конкурсу “Педагагічны дэбют”, настаўнік гісторыі Андрэй Марозаў і настаўнік інфарматыкі старшыня клуба “Крыштальны журавель” Іван Якіменка. Дык які ён — настаўнік? Той, хто вучыць, вучыцца сам, выхоўвае і лю­біць дзяцей.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара