Істотна пашырылася сетка інжынерных класаў: вынікі работы адукацыйнай галіны абмеркавалі на Брэстчыне

- 11:05Актуально, Новости

Вынікі работы адукацыйнай галіны ў мінулым годзе і задачы па яе ўдасканаленні ў бягучым абмеркавалі на пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама з удзелам першага намесніка міністра адукацыі Аляксандра Бахановіча і старшыні абласнога Савета дэпутатаў Ігара Брылевіча, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Сфера адукацыі — дзяржаваўтваральная галіна, таму пытанні, звязаныя з яе развіццём і павышэннем якасці, знаходзяцца на пастаянным кантролі органаў улады. А зроблена ў гэтым кірунку ў мінулым Го­дзе якасці было шмат, — адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская.

Сістэма дашкольнай адукацыі рэгіёна працуе вынікова і дынамічна, забяспечваючы роўныя магчымасці для ўсіх дзяцей з улікам іх фізічнага здароўя.

566 устаноў, якія рэалізуюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі, наведваюць 52,2 тысячы выхаванцаў. Дашкольнай адукацыяй ахоп­лена каля 81% дзяцей адпаведнага ўзросту. Забяспечанасць месцамі ва ўстановах складае амаль 100%, але ў некаторых гарадах захоўваецца праблема з іх крокавай даступнасцю, звязаная з інтэнсіўнай жылой забудовай новых мікрараёнаў. Для вырашэння гэтай праб­лемы летась у Брэсце быў адкрыты дзіцячы сад, а ў Пінску сёння ўзводзіцца школа-сад.

Радуе станоўчая дынаміка якаснага складу педагогаў-да­школьнікаў, якіх налічваецца больш за 8 тысяч. Вышэйшую адукацыю маюць амаль 75% з іх, а профільную вышэйшую — звыш 59%, што з’яўляецца лепшымі паказчыкамі ў краіне. Ва ўстановах Брэста і Баранавіч працуе больш за 80% такіх педагогаў. Вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 65% выхавальнікаў. Больш за ўсё іх у Баранавічах, на Піншчыне і Лунінеччыне. У бягучым навучальным годзе ў дашкольныя ўстановы накіраваны 164 маладыя спецыя­лісты, якія, на жаль, канчаткова не вырашаюць актуальную праб­лему дэфіцыту кадраў. Задача — павялічыць колькасць выпускнікоў школ, у тым ліку педагагічных класаў, для паступлення на адпаведныя спецыяльнасці УВА на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Па-ранейшаму актуальныя пытанні, звязаныя з умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы дашкольных устаноў. 

— Асноўныя задачы органаў кіравання адукацыяй — забяспе­чыць даступнасць і якасць да­школьнай адукацыі, у тым ліку за кошт высокакваліфікаваных кадраў і павышэння іх кампетэнтнасці, а таксама арганізаваць максімальна бяспечныя ўмовы для выхаванцаў, — падкрэсліла Наталля Каліноўская.

У 467 установах агульнай сярэдняй адукацыі атрымліва­юць веды 169,5 тысячы вучняў, што на 2,3 тысячы менш за мінулагодні паказчык (найперш за кошт першакласнікаў). Летась былі закрыты 5 малакамплектных школ.

Вялікая ўвага ў Брэсцкай вобласці ўдзяляецца прафарыентацыі. Істотна пашырылася сетка інжынерных класаў, якія дзейнічаюць у 49 школах. Заключаны трохбаковыя дагаворы аб супрацоўніцтве з УВА, прадпрыемствамі і арганізацыямі энергетычнай, будаўнічай, машынабудаўнічай, харчовай, электратэхнічнай і дрэваапрацоўчай прамысловасці.

Распрацавана дарожная карта супрацоўніцтва школ і БрДТУ па развіцці сеткі інжынерных класаў. Акрамя таго, каля 7,1 тысячы старшакласнікаў праходзяць прафесійную падрыхтоўку на базе школ і каледжаў па 47 прафесіях.

— Мэтанакіравана ўдасканальваецца работа з высокаматываванымі вучнямі, — расказала Наталля Каліноўская. — Стабільныя вынікі школьнікі паказваюць на рэспубліканскіх канферэнцыях даследчых работ і не толькі. Так, Мікалай Місіюк з гімназіі № 2 Брэста, выпускнікі сярэдняй школы № 18 Баранавіч Аляксандра Багданава і сярэдняй школы № 5 Пружан Станіслаў Брадніцкі сталі пераможцамі Х Еўрапейскай геаграфічнай алімпіяды ў Сербіі, Міжнароднай алімпіяды па геаграфіі ў Ірландыі і Міжнароднай алімпіяды па навуках аб Зямлі ў Кітаі. А выпускнікі Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага Аляксандра Юрчанка і гімназіі імя М.П.Анцукевіча Лунінца Цімафей Краўцоў заваявалі залатыя медалі на Адкрытай міжнароднай астранамічнай алімпіядзе і Сусветным конкурсе вынаходстваў адпаведна. Трое вучняў перамаглі ў алімпіядзе Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”.

Разам з тым пакідае жа­даць лепшага выніковасць удзелу школьнікаў Брэстчыны ў заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Але высокую якасць падрыхтоўкі алімпіяднікаў паказваюць школы Маскоўскага раёна Брэста, Баранавіч, Пінска, Пружанскага і Маларыцкага раёнаў, а таксама асобныя ўстановы: ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна і гімназія № 1 імя абаронцаў Брэсцкай крэпасці, сярэднія школы №№ 7, 14 і 28 Брэста, гімназія Іванава, гімназіі №№ 3 і 5 Баранавіч, Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М.Машэрава, Маларыцкая раённая гімназія, сярэдняя школа № 10 Пінска. У шэрагу гімназій і ліцэяў назіраецца неэфектыўная падрыхтоўка школьнікаў да алімпіяднага руху.

Што да вынікаў ЦЭ, то тут сітуацыя куды лепшая. Летась выпускнікі Брэстчыны атрымалі 163 стабальныя вынікі, а 9 учарашніх школьнікаў — адразу па два. Па колькасці стабальнікаў вобласць лідзіруе ў краіне. А вось па выніках ЦТ максімальны бал паказалі 80 выпускнікоў. Ва УПТА, УССА і УВА прадоўжылі адукацыю каля 92% колішніх вучняў. Дзякуючы мэтанакіраванай прафарыентацыйнай рабоце ўдалося зні­зіць адток выпускнікоў у замежныя ўстановы адукацыі (з 519 чалавек у 2022 годзе да 374 у мінулым).

У цэнтры пастаяннай увагі — кадры. Сёння ў школах вобласці працуюць амаль 15,9 тысячы настаўнікаў, з якіх 84% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, а 63 педагогі з’яўляюцца настаўнікамі-метадыстамі.

Сярод праблем — дэфіцыт настаўнікаў фізікі, матэматыкі, інфарматыкі і пачатковых класаў, актуаль­насць якога, акрамя іншага, можа знізіць далейшае развіццё сеткі педкласаў з акцэнтам на запатрабаваных профілях і мэтавай падрыхтоўцы. Калі гаварыць пра замацавальнасць маладых спецыя­лістаў, то летась яна склала 71%. Працаваць тут яшчэ ёсць над чым.

У сваім выступленні Наталля Каліноўская закранула таксама пытанні, звязаныя з развіццём сістэмы спецыяльнай і прафесійнай адукацыі, абаронай правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, арганізацыяй выхаваўчай работы і матэрыяльна-тэхнічнай базай галіны.

— Сістэма адукацыі Брэстчыны валодае дастатковымі рэсурсамі для забеспячэння яе належнай якасці, — адзначыў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч. — Разам з тым патрабуюць павышанай увагі пытанні, якія тычацца прафілактыкі дзіцячага траўматызму, мадэрнізацыі ўстаноў адукацыі, кадравага дэфіцыту, пашырэння сеткі педагагічных і іншых профільных класаў, павышэння выніковасці іх работы, арыентацыі дзевяцікласнікаў на працяг вучобы ва УПТА і УССА, невысокай эфектыўнасці работы з адоранай моладдзю, выхавання і паспяховай сацыялізацыі школьнікаў.

Лепшыя педагогі, кіраўнікі, установы адукацыі і аддзелы па адукацыі атрымалі ўзнагароды ад галіновага міністэрства і прафсаюза, Брэсц­кага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў. Нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі” адзначаны намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа тэхналогіі і дызайну Таццяна Гладун, дырэктар Купяціцкай сярэдняй школы Пінскага раёна Алег Двараніновіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 5 Брэста Святлана Іванюк, настаўнік музыкі сярэдняй школы № 1 Лунінца Уладзімір Калянковіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Малоткавіцкай спецыяльнай школы-інтэрната Пінскага раёна Наталля Касцечка, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Іванава Ірына Кульбеда, дырэктар сярэдняй школы № 18 Баранавіч Сяргей Пузікаў, дырэктар Драгічынскага раённага ЦКРНіР Валянціна Сяргейчык, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Івацэвіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Ігар Скарына і настаўніца хіміі сярэдняй школы № 7 Кобрына Наталля Усатава.

 Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Ільі АГРЭНІЧА