Часопіс “Народная асвета” па традыцыі прысвячае Міжнароднаму дню роднай мовы лютаўскі выпуск “Педагагічнай асамблеі”.

Асноўная яго мэта — дапамагчы настаўнікам абудзіць у вучняў зацікаўленасць да вывучэння роднай мовы. Дасягнуць гэтай мэты можна праз пашырэнне лінгвістычнага і літаратуразнаўчага кругагляду дзяцей і падлеткаў, стымуляванне да даследавання літаратурных твораў і мовы пісьменнікаў. Дыялогі герояў, апісанні побыту і прыроды, светапоглядныя разважанні аўтараў уяўляюць сабой унікальную крыніцу звестак пра жыццё народа, фарміраванне яго менталітэту, развіццё нацыянальнай мовы. “Слоўнік мовы Янкі Купалы” ствараўся цэлым калектывам даследчыкаў на працягу 30 гадоў. А ўсяго беларускія навукоўцы падрыхтавалі чатыры падобныя слоўнікі: мовы Францішка Скарыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. І гэта — важкае папаўненне сэнсавага арсенала не толькі айчыннай лінгвістычнай навукі, але і нацыянальнай гісторыі, нацыянальнай культуры. Сёлета з дапамогай нашых шаноўных аўтараў мы вырашылі аддаць даніну павагі тым, дзякуючы каму беларуская мова вытрымала шматлікія гістарычныя выпрабаванні, развівалася і ўзбагачалася, — асветнікам, пісьменнікам, выдаўцам. Багацце і ўнікальнасць прадстаўленых форм дзейнасці — лінгвістычных гульняў і літаратуразнаўчых квестаў, віктарын, бібліятэчных заняткаў, літаратурных гасцёўняў — выдатная магчымасць далучыць сучасных хлопчыкаў і дзяўчынак да вывучэння самабытнасці беларускай мовы.
Яркую палітру школьнага жыцця прадстаўляюць у нашым пастаянным праекце “Энцыклапедыя “Школы Беларусі” настаўнікі сярэдняй школы № 31 Віцебска імя В.З.Харужай. Тут працуюць класы інжынернай накіраванасці, ваенна-патрыятычны і спецыялізаваныя па спорце класы, функцыянуюць школьныя навуковыя таварыствы, шматлікія аб’яднанні па інтарэсах, філіялы кафедр ВДУ імя П.М.Машэрава. А выхаваць паспяховых выпускнікоў, як вядома, могуць толькі паспяховыя настаўнікі, і ў чытачоў ёсць магчымасць даведацца, у чым унікальнасць калектыву педагогаў.
Лютаўскі выпуск “Бацькоўскага сходу” прысвечаны прафілактыцы булінгу ў школьным калектыве і знаёмству са спосабамі спынення яго праяўленняў на самым пачатковым этапе. Псіхолагі сцвярджаюць, што прычына цкавання — перш за ўсё не ў асаблівасцях ахвяры, а ў асаблівасцях групы. Асаблівасці групы — гэта ў вялікай ступені плён нашых з вамі выхавальніцкіх намаганняў.
Напярэдадні святкавання 80-годдзя з дня перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі “Народная асвета” прапануе на сваіх старонках мадэльныя ўрокі, сцэнарыі пазакласных мерапрыемстваў і метадычныя распрацоўкі, накіраваныя на захаванне ў навучэнцаў гістарычнай памяці і фарміраванне асабістай адказнасці за мірнае жыццё і росквіт нашай Беларусі.
Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар часопіса





