Кадры для вытворчасці

- 13:36Абитуриент

Знаёмства з прафесіяй інжынера неабходна пачынаць са школы. Прычым для гэтага патрэбны ўсяго толькі камп’ютарны клас, інтэрнэт, кваліфікаваны педагог і суправаджэнне БНТУ.

Пакуль пытанне адкрыцця інжынерных класаў прапрацоўваецца, у школах і гімназіях краіны па ініцыятыве Т.Канашэвіч, Ю.Бакун і А.Аўсіевіча пачалі функцыянаваць факультатыўныя заняткі “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію” міжпрадметнага характару (па вучэбных прадметах “Інфарматыка”, “Фізіка”, “Геаграфія”, “Матэматыка”, “Хімія”, “Біялогія”) для 10—11 класаў агульнаадукацыйных устаноў. Іх мэта — сфарміраваць у навучэнцаў тэхналагічную культуру і пазітыўнае стаўленне да інжынернай прафесіі. Звязана гэта з тым, што прафесія інжынера патрабуе пазнавальнай і творчай актыўнасці, прадпрымальнасці, ініцыятыўнасці і адказнасці за свае дзеянні. Развіццю гэтых якасцей якраз і спрыяе факультатыўная праграма.

— Лічбавізацыя і тэхналізацыя жыцця — гэта ўжо рэальны сённяшні дзень. Калі параўнаць сучасны адукацыйны працэс і час навучання тых, каму зараз 40+, то гэта дзве вялікія розніцы. Бо новыя рэаліі  міжпрадметнае ўзаемадзеянне настолькі перайначылі вытворчасць, што не рэагаваць на гэта ў адукацыйным плане проста немагчыма, — адзначыў дэкан факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ Андрэй Міхайлавіч Аўсіевіч. — Наш курс, які мы прапаноўваем школьнікам, не толькі прыкладны, але і светапоглядны, каб чалавек мог сам сябе настроіць на патрэбны лад і стаць эфектыўным работнікам і грамадзянінам.

Калі старшакласнікі азнаёмяцца з рэаліямі прамысловай вытворчасці, то і свой прафесійны выбар будуць рабіць свядома.

Андрэй АЎСІЕВІЧ.

— Наш факультатыў — гэта камандная работа, прычым ініцыятыва сыходзіла знізу, ад педагога. З намі актыўна працавала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 52 Мінска Юлія Бакун. У выніку нашага ўзаемадзеяння і нара­дзілася ідэя рыхтаваць школьнікаў, каб яны свядома выбіралі і прафесію, і спецыяльнасць, і ўніверсітэт, і былі арыентаванымі менавіта на інжынерную прафесію. Бо многія сённяшнія студэнты на пытанне, як яны падыходзілі да выбару спецыяльнасці, адказваюць: калі рабілі выбар, не ведалі, на што згаджаюцца, — дадала начальнік Цэнтра развіцця інжынернай адукацыі і арганізацыі вучэбнага працэсу БНТУ Таццяна Мікалаеўна Канашэвіч.

У сваю чаргу А.М.Аўсіевіч на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ правёў апытанне сярод першакурснікаў наконт таго, што ўвогуле яны ведаюць. Высветлілася, што пасля заканчэння фізіка-матэматычных класаў яны добра валодаюць профільнымі прадметамі, але зусім не разумеюць, як прымяняць гэтыя веды ў рэальнай вытворчасці.

— Дзеці прыходзяць да нас з фундаментальнай базай, мы іх акуратна ўво­дзім у спецыяльнасць. Працэнт задаволенасці навучаннем у нашым універсітэце дастаткова высокі. Але профільны клас “адбірае” ў старшакласнікаў працоўнае навучанне, таму сучасныя дзеці сталі далёкімі ад вытворчай сферы. Што сённяшні школьнік ведае і ўмее па працоўным навучанні? На ўроках працы па патрабаваннях тэхнікі бяспекі механічныя станкі сталі мала даступныя вучням. Канечне, гэта ра­зумна. З іншага боку, зараз усё аўтаматызавана, але ўсё роўна на ўроку працы дзеці пілуюць і клеяць штосьці, максімум могуць асвоіць свідравальны станок і азнаёміцца з такарнай апрацоўкай дрэва. На ўроках інфарматыкі вучням таксама даюць толькі агульныя паняцці і асноўныя найпрасцейшыя праграмы. Зразумела, што ўзнікаюць прабелы ў разуменні таго, як гэта ўсё звязана з рэальным жыццём, і іх трэба папаўняць, — сказаў Андрэй
Міхайлавіч.

Ён перакананы, што калі старшакласнікі азнаёмяцца з рэаліямі прамысловай вытворчасці, то свой прафесійны выбар будуць рабіць свядома:

— Задача інжынернага факультатыву прыкладная: паказаць не проста філасофскія тэндэнцыі развіцця прамысловасці, але і спектр інжынерных спецыяльнасцей нашай краіны. Прэстыжнасць ІТ-прафесій усё больш пераходзіць у інжынерныя спецыяльнасці. За гэтым будучыня!

У свеце тэхнікі і тэхналогій

Факультатыў “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”, як пра­віла, праводзіцца ў шосты школьны дзень і разлічаны на 2 гадзіны ў тыдзень. Ён складаецца з модуляў, кожны з якіх мае 4 блокі: тэарэтычны, праф­арыентацыйны, экскурсійны і практычны. Па кожным модулі БНТУ дапамагае школам праводзіць лабараторныя і практычныя заняткі, экскурсіі для старшакласнікаў, каб яны маглі азнаёміцца не толькі з вытворчасцю, але і з адукацыйным працэсам УВА. Сярод тых, хто актыўна супрацоўнічае з універсітэтам — педагогі сталічнай школы № 52.

— Мы пачынаем фарміраваць у дзяцей інжынернае мысленне з пачатковых класаў, рэалізуючы праект па развіцці метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў. Затым вучань пераходзіць на другую ступень, дзе мы рэалізуем інавацыйны праект “Укараненне адытыўных тэхналогій на ўроках працоўнага навучання і ў пазаўрочнай дзейнасці для фарміравання тэхналагічнай культуры навучэнцаў 6—9 класаў устаноў сярэдняй адукацыі”, робячы акцэнт на 3D-мадэляванні. У гэтым го­дзе мы адкрылі рэсурсны цэнтр інфармацыйных тэхналогій, — праінфармавала намеснік дырэктара ўстановы па вучэбнай рабоце Юлія Бакун.

Каманда стваральнікаў факультатыву “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію” распрацавала і вучэбна-метадычны комплекс у дапамогу педагогам.

Па яе словах, дзякуючы інавацыйнаму праекту, яны пачынаюць прафарыентацыйную работу ўжо ў 8 класе:

— Наша школа — адзіная ў Мінску з павышаным вывучэннем і абавязковым наведваннем факультатыву па 3D-мадэляванні, у межах якога мы ствараем праекты, спалучаючы працу дзяцей з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Прычым аснову загатовак дзеці робяць на ўроках працоўнага навучання, а дэталі, якіх не хапае, ствараюць на 3D-прынтары. Гэты праект рэалізуецца ў нас другі год, ён лёг у аснову факультатыўных заняткаў для 10—11 класаў. 

Інжынерны факультатыў разбіты на наступныя модулі: “Інфармацыйныя тэхналогіі”, “Лічбавыя і інтэлектуальныя  тэхналогіі”, “Машынабудаванне”, “Энергетыка”, “Горная справа”, “Спартыўная інжынерыя” і г.д.

— Спачатку вывучаецца тэарэтычны матэрыял, пасля ідзе прафарыентацыйны блок, дзе мы расказваем вучням пра розныя напрамкі сучаснай інжынерыі і паказваем, што не абавязкова рэалізоўваць сябе толькі ў праграмаванні або робататэхніцы, бо існуюць іншыя напрамкі, якія таксама заслугоўваюць увагі. Напрыклад, мала хто ведае, што на факультэце энергетычнага будаўніцтва БНТУ ёсць такая спецыяльнасць, як “Караблебудаўніцтва і тэхнічная эксплуатацыя вод­нага транспарту”. На самай справе, гэта цэлая індустрыя, якая добра развіта ў нашай краіне. Таму ў кожнай частцы прафарыентацыйнага модуля мы расказваем, чым менавіта займаецца той ці іншы спецыяліст, — падкрэсліла Юлія Аляксандраўна.

Што тычыцца экскурсійнага блока, то старшакласнікі наведваюць вядучыя прадпрыемствы краіны як анлайн, так і афлайн (МАЗ, МТЗ, БелАЭС і інш.). Затым ідзе практычны блок.

— У першым модулі “Інфармацыйныя тэхналогіі” нашы вучні выконвалі практычныя работы па праграмаванні, асновах робататэхнікі, 3D-ма­дэляванні. Зараз нашы старшакласнікі праходзяць другі модуль — “Машынабудаванне”, дзе азнаёмяцца, напрыклад, з шасцярэнькамі. Па завяршэнні кожнага модуля арганізоўваем праектную дзейнасць: прапаноўваем дзецям зрабіць які-небудзь праект на любую тэматыку, тут абмежаванняў няма. Так вывучаецца кожная галіна сучаснай інжынерыі. Вучні заканчваюць 10 клас і пераходзяць у 11-ы, дзе дубліруюцца тыя ж самыя модулі, але яны ўжо больш развітыя і па­глыбленыя. Такім чынам вырашаецца праблема свядомага выбару прафесіі старшакласнікамі, бо правільны выбар спецыяльнасці — зона адказнасці школы. І для таго, каб вучні рабілі яго свядома, мы павінны паказаць ім розніцу паміж спецыяльнасцямі, — пераканана намеснік дырэктара школы № 52.

Дапамагчы стаць інжынерам

Каманда стваральнікаў факультатыву распрацавала і ву­чэбна-метадычны комплекс у дапамогу педагогам, у якім падрабязна распісала, як займацца з навучэнцамі.

На сённяшні дзень дакладна вядома, што інжынерны факультатыў праводзіцца ў мінскіх школах №№ 52 і 105, каладзішчанскай сярэдняй школе № 2.

— Мы ведаем, што і ў дзвюх гімназіях Фрунзенскага раёна сталіцы адкрыты наш факультатыў. Нам вельмі хацелася б атрымаць зваротную сувязь ад тых школ, якія ўзялі нашу праграму і сваімі сіламі спрабуюць яе засвоіць. Чым больш будзе адкрыта гэтых факультатываў, тым больш шансаў, што з 1 верасня 2023 года пач­нуць функцыяна­ваць паўнавартасныя інжынерныя класы. І іх выпускнікі, спа­дзяёмся, праз 2 гады ўжо будуць мець такія ж прэферэнцыі пры паступленні ва УВА, як і выпускнікі іншых спецыялізаваных класаў, — дадала Т.М. Канашэвіч.

— Наша мэта — каб інжынерныя класы стаялі ў адным радзе з педагагічнымі, аграрнымі, спартыўнымі і ваенна-патрыятычнымі, выпускнікі якіх паступаюць ва УВА па выніках субяседавання. Канечне, каб яго прайсці, неабходна разумець, што сабой уяўляе інжынерная справа. І тут вельмі важная зацікаўленасць устаноў адукацыі па ўсёй краіне, — падзялілася меркаваннем Ю.А.Бакун.

Інжынерны клас — гэта напрамак падрыхтоўкі будучых інжынераў, фарміравання іх прафесійных інтарэсаў і свядомага выбару.

— Мы імкнёмся стварыць бесперапынную сістэму інжынернай падрыхтоўкі, арыентуючыся на якасную інжынерную адукацыю, што дапаможа нам выхаваць інжынера будучыні — крэатыўнага, здольнага да прыняцця нестандартных рашэнняў. Тым больш што ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, інжынерныя кадры вельмі запатрабаваныя. І патрэба ў іх настолькі вялікая, што, напрыклад, БНТУ падчас размеркавання не можа задаволіць усе заяўкі работадаўцаў. Разам з тым інжынерная праца ў краіне ацэньваецца дастаткова высока, — падсумавала Таццяна Канашэвіч.

Вольга АНТОНЕНКАВА.