Кафэ Pascal запрашае

- 9:45Практыкум

Ці заахвоціць буктрэйлер да чытання? Калі індывідуальная работа ператвараецца ў гонку праследавання?
Як зрабіць бацькоўскі сход нясумным? На гэтыя і многія іншыя пытанні знайшлі адказ удзельнікі ІХ Мінскага маладзёжнага фестывалю педагагічных ідэй і рашэнняў падчас майстар-­класаў, якія для іх правялі вопытныя сталічныя настаўнікі.

Настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 51 Ірына Герман прапанавала маладым педагогам разгледзець гульнявыя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі на вучэбных занятках.

— Нашы дзеці даўно ўжо не но­сяць ні скакалкі, ні мячыкі, — адзначыла Ірына Мікалаеўна. — У іх у кішэнях заўсёды ёсць тэлефоны, партатыўныя прылады, электронныя гадзіннікі. Яны гуляюць з імі на прыступках школы, на стадыёнах, на перапынках. Але тут зві­ніць званок… І трэба вучыцца. А вучоба — складаная і карпатлівая работа. Каб аблег­чыць дзецям гэтую работу, у адукацыйны працэс уключаю прыёмы гейміфікацыі. Прымяненне метадычнага прыёму “Гейм­мікс” на любым з этапаў урока заўсёды паспяховае. Прыём спрацоўвае таму, што гульня нікуды не знікае, мы гуляем пастаянна і ад гэтага адчуваем задавальненне.

На пачатку ўрока настаўніца задае вучням пытанне з гумарам, прапануе расшыфраваць рэбус, прадстаўляе цікавую для рашэння задачу. Каб паўтарыць дамашняе заданне, актуаліза­ваць веды дзяцей, выкарыстоўвае такія гульні, як “Запуск рухавіка”, “Сябра ў горы з сабой бяры” (парная работа), “Гонка праследаванняў” (індывідуальная работа), “Гонка расследаванняў” (задача з нестандартнымі ўмовамі). На этапе рэфлексіі падабаецца школьнікам прыём “Кафэ Pascal” і фразы, якія яны працягваюць: “Я з’еў бы яшчэ гэта…”, “Больш за ўсё мне спадабалася…”, “Я амаль ператравіў…”, “Я пераеў…”, “Дабаўце, калі ласка,…”

Прыкладныя праграмныя прадукты дапамагаюць І.М.Герман ствараць маляўнічыя прэзентацыі для ўрокаў, крэатыўна-наглядна ўвасабляць матэрыял у выглядзе інфаграфікі. Для самакантролю навучэнцаў настаўніца выкарыстоўвае інтэрактыўныя дыдактычныя задачы і гульні, напрыклад, створаныя ў сэрвісах LearningsАpps (дадатак Web 2.0 для падтрымкі навучання і працэсу выкладання з дапамогай інтэрактыўных модуляў), Kahoot! (адукацыйная платформа, заснаваная на гульнях і пытаннях), Quizizz (сэрвіс для стварэння апытанняў і віктарын), Hot Potatoes (сэрвіс для стварэння крыжаванак з гатовых слоў), інтэрактыўныя тэсты (Master-test.net, MyTest і інш.).

Па меркаванні І.М.Герман, пры ўвядзенні гульні важныя, па-першае, канчатковая мэта, якую педагог хоча ад вучняў атрымаць, па-другое, дакладны сцэнарый гульні, па-трэцяе, яе механіка.

Сэрвіс Learnis дазваляе ствараць квесты жанру “Выхад з пакоя”. У такіх квестах перад гульцамі ставіцца задача выбрацца з пакоя, выкарыстоўваючы розныя прадметы, знаходзячы падказкі і рашаючы лагічныя задачы. Для стварэння адукацыйнага квеста падказкамі могуць быць адказы на задачы, якія неабходна ра­шыць для прасоўвання па сюжэце. Такім чынам, педагог, дадаючы змест сваёй дысцыпліны, робіць квест адукацыйным і займальным.

— У інфарматыцы вялікі практычны складнік, і гэта нам толькі на руку. Калі прапаноўваецца тэма “Структура камп’ютара”, мы з шасцікласнікамі закупляем сістэмныя блокі. Калі працуем над тэмай “Тэхналогія апрацоўкі тэкставых дакументаў”, то дзеці ўяўляюць сябе супрацоўнікамі паліграфічнай кампаніі і ствараюць буклеты, візітоўкі. Калі прахо­дзім тэму “Асновы алгарытмізацыі і праграмавання”, то вучні выступаюць у ролі бізнес-аналітыкаў і праграмістаў, а калі працуем з электроннымі табліцамі, то арганізоўваюць тэндар на закупку чаго-небудзь. Напярэдадні Новага года, напрыклад, школьнікі вылічвалі, колькі каштуе падрыхтаваць навагодні стол. Калі пабудаваць у гульнявых місіях урок і правільна яго арганіза­ваць, то дзіця не будзе стамляцца, а вучоба яму будзе ў радасць, — заўважыла настаўніца.

Ірына Герман падзялілася вопытам па выкарыстанні адукацыйных сэрвісаў Learnis, Wordwool.

Маладыя педагогі паспрабавалі свае сілы ў ролі распрацоўшчыкаў віктарыны і вэб-квеста, яшчэ раз пераканаліся, што прымяненне гейміфікацыі ро­біць навучанне жывым, гнуткім, карысным і цікавым.

Бадай што адным з самых папулярных стаў майстар-клас “Нясумныя бацькоўскія сходы” настаўніцы пачатковых класаў гімназіі № 36 Мінска Ірыны Някраш. Маладыя педагогі азнаё­міліся з нетрадыцыйнымі формамі работы з бацькамі.

— Не сакрэт, што класны кіраўнік — гэта другая мама для вучня і надзейная правая рука для бацькоў, а бацькоўскія сходы традыцыйна застаюцца самай распаўсюджанай формай узаемадзеяння з сям’ёй, — лічыць Ірына Віктараўна. —  Аднак бацькі — людзі занятыя, ім часам няма калі пагаварыць з настаўнікам, прыйсці на сход або яны лічаць, што ўжо ўсё ведаюць пра сваё дзіця. У гэтым выпадку педагог павінен ведаць, як зацікавіць баць­коў неабходнай інфармацыяй, як эфектыўней пабудаваць бацькоўскі сход, на які бацькі будуць прыходзіць з задавальненнем і дзе не пасварацца, а навучацца выхоўваць.

Настаўніца разнастаіла форму правядзення бацькоўскіх сходаў, ператварыўшы іх з афіцыйнага мерапрыемства ў цікавую сустрэчу: бацькоўскія ўсенавучы, майстар-класы, трэнінгі, праекты, дзелавыя гульні, квесты. Гульні і практыкаванні, сярод якіх “Любячы погляд”, “Нельга”, “Памяняйцеся месцамі”, “Кампліменты” і іншыя, арыентаваны на развіццё разнастайных уменняў і навыкаў: сацыяльных, камунікатыўных, мысліцельных, мастацкіх, арганізатарскіх. Яны дазваля­юць ву­чыць бацькоў выказваць свае думкі і пачуцці, аналізаваць пражыты ў гульні вопыт паводзін і ўзаемадзеяння, садзейнічаюць прызнанню чужога і ўласнага “я”.

Пачынаючыя настаўнікі на практыцы апрабавалі, як дзейнічаюць прыёмы “Квілт” і “Пакетмод”. Асноўная ідэя першага прыёму — стварэнне вялікага папяровага палатна з лапікаў, на якіх пазначана меркаванне слухачоў па розных пытаннях. Удзель­нікі аб’ядналіся ў групы настаўнікаў, бацькоў і навучэнцаў і ўявілі, якім павінен быць сучасны вучань, сучасная сям’я. Цікава было слухаць меркаванні маладых педагогаў. Так, сучасны вучань патрабуе ўвагі да сябе, у выніку задае шмат пытанняў, эгаіст, думае пра сябе, лянівы, кампанейскі, хоча быць мажорам, актыўны, не можа ўседзець на месцы, вясёлы грубіян, мэтанакіраваны, начытаны (праўда, не творамі са школьнай праграмы), узаемадзейнічае з навакольнымі, нявыхаваны.

Гарачая дыскусія разгарэлася паміж групамі наконт неабходнасці правядзення бацькоўскіх сходаў. Ірына Віктараўна прапанавала ўдзельнікам майстар-класа паспрабаваць, як на практыцы дзейнічае прыём “Дэбаты”. Педагогі ўпэўніліся, што бацькоўскі сход арганізоўваецца не толькі для таго, каб даведацца пра поспехі свайго сына ці дачкі, а но­сіць выхаваўчы, вучэбны характар. Нетрадыцыйныя формы работы з бацькамі дапамагаюць фарміраваць адзіны, зладжаны калектыў дзяцей, бацькоў і педагогаў. Спецыяльныя прыёмы ствараюць станоўчы настрой на шчырую, дзелавую размову, садзейнічаюць больш лёгкаму ўспрыманню матэрыялу, пабуджаюць да абмену ўласным вопытам сямейнага выхавання.

Майстар-клас па тэме “Ві­зуа­лізацыя для правакацыі” правялі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 26 Мінска Юлія Пяткевіч і Юлія Вераскоўская. Яны засяродзілі ўвагу прысутных на больш эфектыўных прыёмах візуалізацыі.

Стварэнне анімацыйных буктрэйлераў на сёння з’яўляецца асабліва папулярным. Буктрэйлер — прадукцыйны метадычны сродак, які дазваляе вучням вылучыць галоўнае ў кнізе, перадаць думку з дапамогай медыйных тэхналогій. Педагогі 26-й школы выкарыстоўваюць буктрэйлеры на пачатку вывучэння таго ці іншага твора (прагляд 2—3-мінутнага роліка дазваляе разам з дзецьмі вызна­чыць мэты, этапы работы над ім), у якасці заліковай праектнай работы. Этапы стварэння буктрэйлера наступныя: выбар кнігі для рэкламы, распрацоўка сцэнарыя (прадумаць сюжэт і напі­саць тэкст), падбор матэрыялу для відэарада, запіс агучанага тэксту, выбар праграмы для работы з відэа,  відэамантаж.  Практыка паказвае, што такі від дзейнасці падабаецца вучням больш, чым напісанне сачыненняў.

Часта на ўроках выкарыстоўваецца воблака слоў — ві­зуальны спіс катэгорый або тэгаў, які аб’яднаны пэўнай тэматыкай. Воблака слоў прымяняецца на розных этапах урока: пры праверцы дамашняга задання (вучням прапаноўваецца знайсці паняцці, з якімі адбылося знаёмства), пры паведамленні новай тэмы, замацаванні, на этапе рэфлексіі (выпісаць з воблака словы, якія больш за ўсё характарызуюць стан на ўроку). Існуе вялікая колькасць праграм для стварэння воблака слоў: Wordart.com, Tagul, Word it Оut, Wordseloud.com.

Пры вывучэнні біяграфіі настаўнікі прымяняюць кросенсы — асацыятыўныя галаваломкі, якія азначаюць перасячэнне сэнсаў, і лэпбукі — самаробныя інтэрактыўныя кніжкі з кішэнямі, укладкамі, у якіх змешчаны матэрыялы па пэўнай тэме. Гэта выдатныя спосабы замацаваць ці сістэматызаваць вывучаны матэрыял. Работа над лэпбукам вельмі разнастайная, роля настаўніка ў ёй зводзіцца да мінімуму. Педагог выступае не крыніцай інфармацыі, а падштурхоўвае вучняў да здзяйснення новых адкрыццяў. Прычым лэпбук можна стварыць не толькі ў папяровай форме, а і ў электронным выглядзе з дапамогай праграм MS PowerPoint, Prezi.

Маладыя педагогі выканалі практычную работу на тэму “Каляды”: стварылі лэпбук і кросенс. Яны прыйшлі да высновы, што сродкі візуалізацыі накіраваны на развіццё творчага патэнцыялу школьнікаў, іх выкарыстанне і распрацоўка вучаць думаць, аналізаваць, дзейнічаць крэатыўна.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.