Гэтая гісторыя з Навагрудка пра тое, што мары маюць уласцівасць спраўджвацца, калі мы зусім перастаём чакаць…
Жарты лёсу
Жыла-была дзяўчынка, якая вельмі любіла гуляць у цырульніка і замучыла ўсіх сваіх сябровак, прымушаючы іх сядзець роўна. Пакуль яна “чаруе”. Дзяўчынка, праўда, шчыра лічыла, што каласкі і хвосцікі — гэта ўсяго толькі хобі, занятак для душы, якому ў дарослым жыцці не будзе месца. Наперадзе чакалі інстытут, доўгія і безвыніковыя пошукі працы па спецыяльнасці. Тады дзяўчына ўспомніла пра дзіцячае хобі. Скончыла курсы пры каледжы бытавога абслугоўвання ў Гродне і адправілася штурмаваць салоны прыгажосці. Аднак працаваць не змагла: не пераносіла пах фарбы і касметыкі.
Здавалася б, надышоў час назаўсёды развітацца з дзіцячымі фантазіямі, але нечакана дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прапанавала дзяўчыне адкрыць гурток цырульніцкага майстэрства “Лонда”. Сказана — зроблена. Распрацавала праграму, шляхам спроб і памылак падабрала касметычныя сродкі, якімі магла карыстацца без шкоды для здароўя… Паступова колькасць гурткоўцаў павялічылася, а праграма навучання падоўжылася з года да трох. Так Алена Уладзіміраўна Радзецкая стала педагогам дадатковай адукацыі Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
— Калі толькі пачыналі, амаль 20 гадоў назад, цяжка было знайсці патрэбную інфармацыю. Памятаю, мы з дзяўчатамі абыходзілі ўсе кіёскі “Белсаюздруку” ў акрузе ў пошуках часопісаў з прычоскамі. Самі прыдумвалі ўкладкі, якія хочам зрабіць, і спрабавалі перанесці свае фантазіі на паперу, — прыгадвае Алена Уладзіміраўна. — Гэта зараз у інтэрнэце мільён майстар-класаў. Ды і тое часта ў іх паказана толькі самае асноўнае, а ўсе тонкасці і нюансы застаюцца па-за кадрам. Тады навучэнкі пытаюць: “А чаму ў нас так прыгожа не атрымліваецца?” А я спрактыкаваным вокам бачу: там дадаткова выкарыстоўвалі гафрэ-плойку, там замацавалі прычоску на невідзімкі, але ўсіх сакрэтаў не раскрылі для эканоміі часу ці збераглі для платных майстар-класаў.
Хлопцам уваход забаронены?
У асноўным цырульніцкі гурток наведваюць дзяўчаты 14—17 гадоў. Аднак просяцца ў аб’яднанне па інтарэсах і малодшыя дзяўчынкі. Алена Уладзіміраўна гасцінна сустракае ўсіх. Пачынаюцца заняткі з азоў — пляцення з дзвюх пасмачак, якое паступова ўскладняецца, даходзячы да пляцення з пяці-шасці пасмаў у самых розных варыяцыях.
— У кагосьці ўсё атрымліваецца з першага разу, а камусьці даводзіцца пераплятаць той жа каласок і 10, і 15 разоў, каб ён выглядаў больш-менш прыстойна. Аднак пляценне — не самае складанае. Цяжэй за ўсё дзяўчынкам даюцца прычоскі. На другі год навучання мы пачынаем рабіць начосы, заплятаць пучкі, укладваць валасы з дапамогай прасіка, плойкі, бігудзі, працаваць з колерам, уплятаючы ў пасмы яркія ніткі ці фарбуючы іх крэйдай. З жаданнем вылучыцца з натоўпу крэатыўным знешнім выглядам да нас прыходзяць і хлопчыкі: на іх мы адпрацоўваем мужчынскія віды прычосак, авангардныя і яркія. Часам хлопцы так захапляюцца працэсам, што застаюцца на занятках ужо ў якасці вучняў, а не мадэлей. Асабліва заўзята пару гадоў назад “Лонду” наведваў хлопец па імені Саша. Амаль адразу яго тата пачаў абурацца: “Ты ж мужчына, навошта табе гэтая цырульня? Вось футбол — гэта справа!” Але хлопец быў упарты і, нягледзячы на гендарныя стэрэатыпы і словы таты, хадзіў на заняткі да апошняга, пакуль не зламаў руку, гуляючы ў футбол.
Шыкануць ці сэканоміць?
Дзяўчаты, якія займаюцца ў “Лондзе” па тры-чатыры гады, ужо могуць самі даваць майстар-класы па пляценні. Часта яны так і робяць падчас школьных мерапрыемстваў. Навучыцца плесці “рыбін хвост” ці “французскую касу” — карысны навык, калі ўлічваць, колькі сёння каштуе зрабіць сабе гэтыя прычоскі ў салоне і цырульні.
Але, на жаль, ёсць навыкі, якія пакуль майстрыхам з аб’яднання па інтарэсах недаступныя. Напрыклад, практыка па стрыжках. Для гэтага патрэбны абсталяваныя згодна з санітарнымі нормамі памяшканні: абкладзеныя кафляй, з умывальнікамі і спецыяльнымі крэсламі. Так што дзяўчатам пакуль даводзіцца абыходзіцца тэорыяй. Затое, калі ўжо рызыкнула і зрабіла карэ, — рыхтуйся, да цябе выстраіцца чарга.
— На стрыжках можна папрактыкавацца рабіць дробнае гафрэ, мокры эфект. Вельмі ўдзячна кароткія валасы ўспрымаюць начосы, — расказвае педагог. — На доўгіх кудзерках практыкаваць іх нязручна — пасмы блытаюцца ў пальцах, лёгка зрабіць чалавеку балюча. Часам і да слёз даходзіць. Таму, што да чужых валасоў варта адносіцца далікатна і асцярожна, таксама трэба навучыцца, як і правілам догляду валасоў. Мы шмат працуем з матэрыялам: падбіраем маскі, шампуні, спрэі, каб валасы лёгка расчэсваліся, былі бліскучымі і прыгожымі.
Заўзятыя аматары прыгожых завіткоў, якія даказалі, што “Лонда” — гэта не імгненны інтарэс, а сапраўднае пачуццё, просяць бацькоў набыць спецыяльныя манекены-галовы — для адпрацоўкі навыкаў пляцення і ўкладкі. Прычоскі і пляценні на манекенах заўсёды выглядаюць шыкоўна. Гэта жывыя валасы могуць быць рэдкімі, слабымі, капрызнымі, мець праблемную структуру, на іх амаль заўсёды трэба ствараць дадатковы аб’ём з дапамогай начосаў…А з манекенамі ўсё інакш — фактура ў іх заўсёды выдатная.
— Праўда, узнікае грашовае пытанне, — дзеліцца педагог. — Каб манекен доўга служыў, ён павінен быць зроблены з натуральных валасоў, а гэта вельмі дорага. Кошт адной “натуральнай галавы” каля 600—700 рублёў. Штучныя ж валасы, хоць і таннейшыя, патрабуюць вельмі пяшчотнага стаўлення. Памятаю, як далікатна працавала з імі адна з маіх вучаніц: расчэсвала толькі пальцамі, вельмі акуратна перабірала кожную пасмачку, даставала манекен са спецыяльнай сумкі, толькі каб зрабіць прычоску, сфатаграфаваць вынік, і зноў хавала. Але з часам штучныя валасы ўсё роўна раскудлачваюцца і робяцца як у лялькі — жорсткімі, збітымі, іх не расчасаць. Маслы, спрэі, бальзамы не выратоўваюць. Таму, калі ўжо набываць для заняткаў такі аксесуар, то хаця б напалову з натуральнымі валасамі — іх можна памыць і “падлячыць”. Але зноў жа — пытанне ў цане.
Пайду з распушчанымі…
Важны пункт заняткаў — правілы гігіены. Усё па-даросламу — набор расчосак у кожнага гурткоўца свой: расчоска з вузкім канцом, расчоска з шырокімі зубчыкамі, “відэлец” для начосаў, пара для ўкладкі (брашынг, бамбаж) і звычайная масажка.
— Гелі, лакі, мусы, пенкі я набываю сама. Як і аднаразовыя аксесуары: невідзімкі, шпількі, сіліконавыя рызінкі — дзяўчаты пасля заняткаў забіраюць іх з сабой, у прычосках. Праўда, у іх зараз мода пайшла на распушчаныя валасы. Адпрацуюць укладку, пляценне, выйдуць за парог цэнтра творчасці — і тут жа распускаюць валасы, каб пафарсіць па вуліцы з прыгожымі кудзеркамі. Што зробіш: гэта падлеткі, яны любяць паўтараць адно за адным. Нават на дэфіле прычосак, якія мы перыядычна ладзім, хочуць рабіць адно і тое ж. Я тлумачу: гэта ж паказ, трэба прадэманстраваць розныя варыянты, пахваліцца, чаму мы за гэты час навучыліся, бо вынік — захопленыя вочы гледачоў — таго варты.
Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота з архіва А.У.Рудзік.