Калі даходы не пакрываюць расходы

- 16:52Апошнія запісы, Калегіі, пасяджэнні, Рознае

Час патрабуе аптымізацыі бюджэтных расходаў, у сістэме адукацыі — у тым ліку. Пэўным рэсурсам тут можа быць развіццё пазабюджэтнай дзейнасці. Ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі гэта асабліва актуальна, бо на гэтым узроўні адукацыі ёсць свае, адметныя, магчымасці для атрымання дадатковых сродкаў. Але ці заўсёды гэтыя магчымасці выкарыстоўваюцца на месцах? Што сёння перашкаджае больш інтэнсіўнаму развіццю пазабюджэтнай дзейнасці ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі? Пра ўсё гэта ішла гаворка на апошнім пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі.

Умовы роўныя, вынікі — розныя

Задача развіцця ва ўстановах адукацыі дзейнасці, якая прыносіць даходы, была пастаўлена прэзідэнтам краіны падчас рэспубліканскай нарады з педагагічным актывам. Сёння ўжо прыняты шэраг мер, якія даюць пэўныя прэферэнцыі сістэме адукацыі і тым самым павінны спрыяць развіццю пазабюджэтнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі. У прыватнасці, з 2009 года ад падатку на дабаўлены кошт вызвалены тавары, якія вырабляюцца падчас навучання ў адпаведнасці з вучэбнымі планамі ўстаноў адукацыі, ад падаходнага падатку з фізічных асоб вызвалены даходы навучэнцаў, якія яны атрымліваюць пры ажыццяўленні ўстановай адукацыі пэўных відаў дзейнасці. Акрамя таго, установы адукацыі, у тым ліку прафесійна-тэхнічныя, вызвалены ад падатку на прыбытак ад дзейнасці, якая прыносіць прыбытак.
У цэлым даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі за 2013 год склалі 328,5 млрд. Пры гэтым доля пазабюджэтных даходаў ад усіх крыніц фінансавання ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі склала 14,6% — ад 11,1% у Брэсцкай вобласці да 19,2% у Мінскай вобласці.
— За апошнія два гады гэты паказчык значна вырас ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі Гомельскай вобласці і зменшыўся ва ўстановах адукацыі Віцебскай і Магілёўскай абласцей, — адзначыў начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандр Дзмітрыевіч Лашук. — Даходы ў разліку на аднаго навучэнца ва ўстановах адукацыі выраслі ад 3,3 млн рублёў у 2012 годзе да 4,3 млн рублёў у 2013 годзе. А ў шэрагу ўстаноў гэты паказчык значна вышэйшы: у Барысаўскім лесаагратэхнічным прафесійным каледжы — 11,4 млн рублёў на аднаго навучэнца, у Мазырскім прафесійным ліцэі — 10,8 млн рублёў.
Дарэчы, і такі паказчык, як доля даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці ў агульнай суме фінансавання ўстановы ў пэўных установах значна вышэйшы, чым сярэдні па краіне. Гэта, напрыклад, прафесійна-тэхнічны каледж РІПА, Мінскі ПТК кулінарыі і іншыя. Чаму ж у адных атрымліваецца тое, што не пад сілу іншым?
— Гэтыя прыклады гавораць як аб розных узроўнях работы органаў кіравання, так і аб спецыфіцы ўстаноў адукацыі, — падкрэсліў Аляксандр Дзмітрыевіч Лашук. — Таму неабходна прыняць меры па нарошчванні даходаў ад дзейнасці, якая прыносіць прыбытак у рэгіёнах, якія маюць нізкія паказчыкі.
Пры гэтым органам кіравання адукацыяй у рэгіёнах неабходна ўсебакова прааналізаваць эфектыўнасць дзейнасці, якая ажыццяўляецца, і думаць над развіццём той, якая найбольш прыбытковая. Канечне ж — з улікам рэальных умоў і магчымасцей, якія ёсць ва ўстанове адукацыі. З мэтай выяўлення найбольш эфектыўных відаў дзейнасці з эканамічнага пункту погляду ўстановам адукацыі варта праводзіць маніторынг паслуг, што прадастаўляюцца ў рэгіёне.

Вучэбна-вытворчыя майстэрні: быць ці не?

Сёння ў прафесійна-тэхнічных установах адукацыі развіваюцца розныя напрамкі пазабюджэтнай дзейнасці: вытворчае навучанне навучэнцаў, дзейнасць вучэбна-вытворчых майстэрняў, прафесійная падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі па прафесіях рабочых, іншыя адукацыйныя паслугі — курсы, заняткі ў гурт-ках, і іншыя віды — арэнда, здача другасных рэсурсаў. Аднак асноўны прыбытак — гэта сродкі ад вытворчага навучання ў арганізацыях: тыя 25% заробленых навучэнцамі сродкаў, якія застаюцца ва ўстанове адукацыі. У цэлым па краіне яны склалі 46% да агульнага аб’ёму даходаў, ці 146 млрд рублёў. Пры гэтым зноў-такі адзначаецца вельмі істотная дыферэнцыяцыя па рэгіёнах, напрыклад, у Мінску гэты паказчык складае 80%.
— Даволі вялікая разбежка ў гэтых паказчыках сведчыць пра тое, што ў абласцях гэтаму пытанню ўдзяляецца розная ўвага, па-рознаму будуецца сістэма работы па ўзаемадзеянні з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, — падкрэсліў А.Д.Лашук. — Пра гэта сведчыць доля выпускнікоў, якія праходзілі вытворчую практыку на платных рабочых месцах. У 2013 годзе па краіне гэты паказчык склаў 64,4%. У разрэзе абласцей — ад крыху больш за 50% у Віцебскай вобласці да 88% у Мінску. Відавочна, што ў шэрагу рэгіёнаў ёсць рэзерв для ўдасканалення работы.
Яшчэ адзін адметны для сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі напрамак пазабюджэтнай дзейнасці — работа вучэбна-вытворчых майстэрняў. У структуры даходаў удзельная вага гэтага віду дзейнасці ў краіне ў сярэднім складае каля 12%. У разрэзе абласцей — ад 2,8% да 38,9%. Аднак спецыялісты прызнаюць, што апошнім часам, з развіццём рынку паслуг і тавараў, такія майстэрні не заўсёды могуць канкурыраваць з іншымі профільнымі арганізацыямі. Неабходнасць адпрацоўкі прыёмаў выканання работ навучэнцамі падчас вытворчага навучання — і як вынік невысокая прадукцыйнасць працы, а таксама стан матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі не дазваляе весці выпуск высокатэхналагічнай канкурэнтаздольнай прадукцыі, а таксама забяспечваць высокую якасць паслуг, што прадастаўляюцца. Прадаць такую прадукцыю бывае вельмі складана. Акрамя таго, рэнтабельнасць дзейнасці такіх майстэрняў зніжаецца за кошт значных затрат на сыравіну, аплату працы, камунальныя расходы. Ускладняе сітуацыю і тое, што пастанова Савета Міністраў № 641, якой сёння рэгулююцца пытанні пазабюджэтнай дзейнасці дзяржаўных устаноў адукацыі. Пытанне аднаўлення расходаў па артыкулах затрат у бюджэт, што адбыліся на выраб прадукцыі падчас вытворчага навучання, засваення адукацыйных праграм установы адукацыі, у дакуменце не ўрэгулявана для практычнага прымянення на месцах і, адпаведна, трактуецца неадназначна. Як адзначыў А.Д.Лашук, зараз гэтае пытанне прапрацоўваецца міністэрствамі адукацыі і фінансаў.
— Для правільнага адлюстравання затрат на вытворчае навучанне ва ўстановах адукацыі неабходна асобна ўлічваць расходы на выпуск прадукцыі ў працэсе засваення адукацыйных праграм ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі і прадукцыі, якая выраблена ў пазаўрочны час пры ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці, — падкрэсліў спецыяліст.
У такіх умовах некаторыя віды дзейнасці для прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі наогул сталі нерэнтабельнымі, асабліва — сельскагаспадарчага профілю. Ці варта развіваць іх далей?
— У гэтым напрамку кіраўнікам устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі варта граматна будаваць бізнес-планы і быць гатовымі да роўных умоў працы на рынку, — упэўнены міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. — Сёння неабходна вызначыцца з напрамкамі дзейнасц: адмовіцца ад нерэнтабельных і шукаць тыя віды дзейнасці, дзе мы зможам арганізаваць рэнтабельны бізнес.

Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі

Асобна ў структуры пазабюджэтнай дзейнасці стаіць такі напрамак, як падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі па прафесіях рабочых. І, здавалася б, у гэтым напрамку ўстановам прафесійна-тэхнічнай адукацыі не павінна быць роўных: у іх і вопыт, і база, і спецыялісты. Аднак не ўсе так адназначна.
— У цяперашні час у адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь “Аб адукацыі” права рэалізацыі адукацыйных праграм прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі па прафесіях рабочых прадастаўлена як установам адукацыі, так і іншым арганізацыям. Да таго ж у адпаведнасці з заканадаўствам дзейнасць па рэалізацыі адукацыйных праграм прафесійнага навучання па прафесіях рабочых атрымання спецыяльнага дазволу, ліцэнзіі Міністэрства адукацыі не патрабуе, — расказаў начальнік аддзела павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Міністэрства адукацыі Дзяніс Аляксандравіч Канапацкі. — Усё гэта сведчыць пра тое, што сёння ўсе ўстановы і арганізацыі, у тым ліку і ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, знаходзяцца ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі на рынку паслуг у галіне дадатковай адукацыі дарослых.
І, варта адзначыць, сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі не заўсёды вытрымлівае гэтую канкурэнцыю. У 2013 годзе рэалізацыяй адукацыйных праграм прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі займаліся 152 установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі з 203, што складае 75,4%. Штогадовая колькасць слухачоў, якія праходзяць навучанне ў гэтых установах, складае каля 25 тысяч — гэта толькі 13% ад колькасці ўсіх слухачоў, якія вучацца па праграмах бесперапыннага прафесійнага навучання па прафесіях рабочых.
— Да таго ж сёння ў краіне дзейнічае мноства арганізацый, якія займаюцца правядзеннем вучэбных курсаў. Аднак варта разумець, што ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам такія курсы не дазваляюць слухачам атрымаць кваліфікацыйны разрад, катэгорыю, — адзначыў Д.А.Канапацкі. — Значныя патокі людзей, якія праходзяць навучанне ў гэтых цэнтрах, магчыма перанакіраваць ва ўстановы адукацыі, у тым ліку прафесійна-тэхнічныя. Але для гэтага неабходна прыняць меры па павышэнні канкурэнтаздольнасці сістэмы прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі па прафесіях рабочых: па аптымізацыі тэрмінаў рэалізацыі адукацыйных праграм прафесійнай падрыхтоўкі па прафесіях рабочых, у шэрагу выпадкаў гэта можна зрабіць без згубы якасці адукацыі. Напрыклад, на вучэбных курсах цырульніка рыхтуюць 6 месяцаў, ва ўстанове прафесійна-тэхнічнай адукацыі — 8 месяцаў. Трэба таксама перагледзець патрабаванні да арганізацыі адукацыйнага працэсу пры асваенні адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі па прафесіях рабочых у частцы прадастаўлення права слухачам самастойнага асваення тэарэтычнага курса.
Акрамя таго, установам адукацыі неабходна самім праводзіць больш актыўную рэкламную кампанію па прасоўванні такіх паслуг. Пры падрыхтоўцы да калегіі нашай службай былі прааналізаваны прапановы сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў інтэрнэце па пытанні атрымання прафесіі рабочага па праграмах дадатковай адукацыі дарослых. Выявілася, што ў гэтым напрамку ёсць прапановы шэрагу арганізацый, якія займаюцца правядзеннем вучэбных курсаў. А вось устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі — толькі адзінкі.
Тое, што ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі не заўсёды вытрымліваюць канкурэнцыю на рынку паслуг па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі па прафесіях рабочых, сведчаць і службы занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
— З агульнай колькасці беспрацоўных, якія прайшлі навучанне ў розных тыпах устаноў, у сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў мінулым годзе прайшлі навучанне амаль 27%. З часам гэты паказчык зніжаецца, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Галіна Дзмітрыеўна Грынчук. — Справа ў тым, што з нядаўняга часу пры выбары пастаўшчыка адукацыйных паслуг мы абавязаны выкарыстоўваць механізм, прапісаны ў Законе “Аб дзяржаўных закупках”. Такім чынам, працэдура выбару навучальных устаноў ускладняецца. Як выявілася, не ўсе прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі гатовы працаваць па гэтай схеме: рыхтаваць і прадастаўляць неабходны пакет дакументаў і ўдзельнічаць у конкурсе. У гэтай сітуацыі прыватныя ўстановы адукацыі, установы дадактовай адукацыі дарослых аказаліся больш мабільнымі і, адпаведна, выігрывалі конкурсныя працэдуры. Да таго ж навучальныя ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі не дастаткова мабільныя ў частцы ўвядзення новых, запатрабаваных спецыяльнасцей.
Пры гэтым, як адзначыла спецыяліст, у наступным годзе сітуацыя можа яшчэ больш ускладніцца. Плануецца падпісанне дакумента аб адзінай эканамічнай прасторы, што мае на ўвазе ў тым ліку і закупкі адукацыйных паслуг для ўсіх трох краін на роўных умовах.
Разам з тым гэта дае і пэўныя новыя магчымасці для ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў частцы экспарту адукацыйных паслуг па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі па прафесіях рабочых.
— Нам неабходна аддзяліць даходы адукацыйныя ў агульнай пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі і займацца гэтым напрамкам асобна, — падкрэсліў міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. — Бо гэта наш, прафесійны, напрамак. Актуальнасць гэтай тэмы павышаецца ў сувязі з адзіным эканамічным асяроддзем: установы трох краін будуць канкурыраваць паміж сабой за адукацыйныя паслугі. Гэта новыя выклікі, але і новыя магчымасці для экспарту адукацыйных паслуг установамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

 

Алена МАРКЕВІЧ.