IV Міжнародны конкурс дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце”, арганізатарамі якога па традыцыі выступаюць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, пабіў усе папярэднія рэкорды. Сёлета на конкурс было пададзена 31 875 работ з 26 краін. Упершыню ў гэтым творчым спаборніцтве, якое праводзіцца раз у два гады, прынялі ўдзел Боснія і Герцагавіна, Венгрыя і Інданезія. Найбольшай актыўнасцю вызначыліся Расія (23 039 работ), Беларусь (1897), Румынія (1852), Казахстан (972) і… Шры-Ланка (678). А больш за ўсё ўзнагарод — 6 з 24 магчымых у розных узроставых катэгорыях — атрымалі прадстаўнікі Польшчы, якія зладзілі сапраўдны баль у намінацыі “Графіка” і тым самым пацвердзілі, што нават у дзіцячым мастацтве паняцце школы не страціла сваёй актуальнасці.
А надоечы ў выставачнай зале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ўрачыста адкрылася выстава лепшых работ, дасланых на конкурс. Мерапрыемства, упрыгожанае ў пераносным сэнсе выступленнямі дзіцячых калектываў НЦМТДіМ і ў літаральным — малюнкамі юных мастакоў з розных куткоў планеты, стала яркім святам для ўсіх прысутных — і дзяцей, і дарослых арганізатараў конкурсу, і пачэсных гасцей з ліку прадстаўнікоў дыпламатычных ведамстваў (у тым ліку двух паслоў — Арменіі і Казахстана), МЗС Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаўных структур.
Як адзначыў на адкрыцці выставы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Віктаравіч Якжык, маштабы IV Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце” найперш гавораць пра запатрабаванасць гэтага праекта ў розных краінах свету і пра яго выдатныя перспектывы. У самой сутнасці конкурсу, заўважыў намеснік міністра, відавочна праяўляецца так званая дзіцячая дыпламатыя — вельмі важны складнік іміджу краіны. “Упэўнены, што многія дзеці, удзельнікі гэтага конкурсу, пасябруюць адно з адным. Замежнікі зацікавяцца нашай краінай і прыедуць сюды ці ў турыстычную паездку, ці на вучобу. Таксама і нашы ўдзельнікі ўбачаць, як малююць іх аднагодкі з іншых краін, і абавязкова захочуць з імі пасябраваць. Конкурс “Сябруюць дзеці на планеце” адназначна працуе на нашу будучыню”, — сказаў Віктар Віктаравіч Якжык і пажадаў конкурсу далейшага пашырэння гарызонтаў.
У сваю чаргу дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільеўна Васільчанка падкрэсліла, што рэалізацыя праекта стала магчымай толькі дзякуючы яго сумеснай падтрымцы міністэрствамі адукацыі і замежных спраў, пасольствамі розных краін у нашай краіне, Нацыянальнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, Расійскім цэнтрам навукі і культуры, Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў і Беларускім саюзам мастакоў. Яна ж выказала ўпэўненасць, што выстава, якую сёння можна ўбачыць у цэнтры, абавязкова выправіцца ў падарожжа па рэгіёнах Беларусі і па іншых культурных цэнтрах сталіцы. “Мы бачым тут, што свет захапленняў дзяцей з самых розных куткоў свету вельмі разнастайны. Але бачым і тое, што іх усіх яднае, — ласкавае сонца, яснае неба і любоў з боку бацькоў, наогул усіх дарослых. Непасрэднасць, шчырасць і аптымізм”, — з гэтымі словамі Надзея Васільеўна Васільчанка аб’явіла, што выстава адкрыта.
Цяпер па экспазіцыі можна было блукаць і… нават згубіцца ў гэтым рознакаляровым святле. Я, па шчырасці, і згубіўся. А таму падышоў да старшыні журы конкурсу, сябра Беларускага саюза мастакоў, дацэнта кафедры малюнка і жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Івана Дзямідавіча Кліменкі.
— Іван Дзямідавіч, вы ўжо другі раз старшынствуеце ў журы. Ёсць дынаміка? І наогул, ці можна гаварыць пра якісьці прагрэс ці рэгрэс у дзіцячай творчасці, як мы іншым разам гаворым пра гэта ў дачыненні да дарослага мастацтва?
— Хутчэй так, чым не. Сёння дзеці малююць усё-такі інакш, чым яшчэ якіх-небудзь дваццаць гадоў назад, па той простай прычыне, што сёння дзіця бачыць зусім іншы свет… Адзінае агульнае ў сённяшніх дзяцей і дзяцей мінулых дзесяцігоддзяў тое, што яны заўсёды маюць рацыю, яны заўсёды па-свойму праўдзівыя. Важна, каб дарослыя, разумеючы ўсё гэта, неяк накіроўвалі іх унутраны энергетычны працэс. Бо ва ўсіх пакаленнях ёсць пэўны працэнт рамантычна настроеных дзяцей. І такія дзеці самі, без падказкі дарослых, у тры ці пяць гадкоў робяць свае першыя крокі ў тое, што называецца мастацтвам. А вось потым, як толькі дзіця само ўвайшло туды, трэба, каб яму пашанцавала — каб яму сустрэўся добры педагог, чалавек, мастак, які разумее сэнс творчасці. А гэты сэнс — вельмі асабісты ў кожнага чалавека… Што тычыцца гэтай выставы, то яна ўсё-такі адрозніваецца ад мінулай.
— Чым?
— Нейкай усеагульнай колераноснасцю, чысцінёй колеравага каларыту… Работы сталі больш яркімі за кошт таго, што колер з колерам пачынае быць у большай залежнасці. Пры гэтым ён не страчвае сваёй сілы, а становіцца яшчэ больш выразным і дынамічным. А яшчэ сёлета выдатна праявіліся нацыянальныя традыцыі. Традыцыйна моцны латышскі жывапіс, польская графіка — ад гэтага нікуды не дзенешся…
— Вы ўбачылі тут сярод удзельнікаў конкурсу будучых студэнтаў акадэміі?
У адказ Іван Дзямідавіч падводзіць мяне да работы дзевяцігадовай латышкі Сіугале Юстыне і амаль шэптам кажа: “Вось пра такую студэнтачку я мог бы толькі марыць… І хай бы гэтая Сіугале прыхапіла з сабой яшчэ некалькіх сваіх латышскіх сябровак, якія паўдзельнічалі б у конкурсе. Жанчыны лепш адчуваюць святло, колер, чым мужчыны. Гэта нават навукай даказана. А Сіугале па-свойму, па-дзіцячы гэта даказала”.