Калі турысты — журналісты. Юныя жыхары Смаргоні паказваюць прыгажосць роднага краю ў відэасюжэтах

- 17:18Новости

Сваё лета ў аб’ектыў відэакамеры ловяць юныя краязнаўцы са Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Натхніцца на цікавае падарожжа і атрымаць прафесійныя парады ад удзельнікаў маладзёжнай тэлестудыі “МАГ” можна на іх YouTube-­канале. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З юнымі тэлевізійшчыкамі Людміла Маеўская пазнаё­мілася, яшчэ калі працавала настаўніцай гісторыі ў сярэдняй школе № 7 Смаргоні. Спачатку праводзіла майстар-класы па здымках і відэамантажы для тэлестудыі (гэтаму яна навучылася на курсах), а апошнія 4 гады з’яўляецца кіраўніком гэтага аб’яднання. З педагогам і яе навучэнцамі мы сустрэліся ў іх утульнай студыі, куды яны вярнуліся пасля здымак арганізацыі здаровага харчавання ў раёне.

— Наша тэлестудыя стваралася якраз для асвятлення тэм, важных для моладзі, і трансляцыі знятых відэаролікаў на Смарогонскім раённым тэлебачанні. На невялікі перыяд работа мясцовага тэлебачання была прыпынена, але цяпер зноў аднаўляецца. І наша таксама. Разам з дзецьмі мы зноў ездзім па горадзе, па раёне, бяром інтэрв’ю ў дзяцей, іх бацькоў, настаўнікаў, здымаем сюжэты пра ўсе важныя падзеі, якія тычацца адукацыі, навучання, выхавання, аздараўлення і г.д., — гаворыць Людміла Віктараўна.

Але ўлічваючы, што ў студыі шмат аматараў вандровак, то апошнім часам большасць іх ролікаў маюць турыстычна-края­знаўчы кірунак. Сярод заўзятых турыстаў — Аляксандр Кананенка і Карына Маеўская, якія з задавальненнем паказваюць родны край у сваіх сюжэтах. Яны гавораць:

— Галоўнае ў нашых відэа пра лета — паказаць свае эмоцыі, уражанні, адчуванні падчас паходаў, сплаваў па рэках. Ёсць вучэбныя ролікі для тых, хто ўпершыню збіраецца сплаўляцца на байдарках, а ёсць пра такія катэгарыйныя паходы, прайсці якія цяжка нават падрыхтаваным спартсменам. Даём практычныя парады і тым, хто ўжо мае багаты паходны вопыт, але хоча паспраба­ваць сябе на больш складанай дыстанцыі.

Людміла Маеўская дадае:

— Мы загадзя распрацоўваем праграму кожнага свайго пахода, заўсёды ўключаем у маршруты наведванне цікавых аб’ектаў і ў роліках расказваем пра іх, пабу­джаючы новых турыстаў наве­даць гэтыя цікавыя мясціны. Так, на шляху па Віліі (109 км) мы вывучалі храмы ў яе наваколлі — ад Залесся да Быстрыцы. У мінулым го­дзе праплылі па Нарачанцы, Віліі, 36 кіламетраў прайшлі супраць цячэння па Страчы. Гэта вельмі актыўная рака, яна пакінула ў нас самыя яркія ўспаміны. Усяго гэты маршрут — 144 кіламетры. На ім мы больш увагі ўдзялялі прыродным помнікам — геалагічным, гідралагічным, заказнікам. Мы іх шукалі па картах, па каардынатах (яны ж не знахо­дзяцца на беразе, а ў глыбіні лясоў), таму асвойвалі і арыента­ванне.

Зусім хутка ў нас пройдзе сплаў па Баторыне, Мястры, Нарачы, Нарачанцы і па Віліі — да моста Смаргоні. На гэтым шляху мы будзем вывучаць прыродныя і архітэктурныя помнікі (у прыватнасці, сядзібу Агінскіх у Залессі і іх капліцу на беразе Нарачанкі), а таксама помнікі Вялікай Айчыннай вайны.

Сплавы на байдарках дазваляюць дзецям атрымаць асалоду ад водных маршрутаў, адчуць прахалоду рэк і ўразіцца прыгажосцю прыродных і архітэктурных славутасцей. Праз відэаролікі можна далучыцца да іх вандровак анлайн і натхніцца паўтарыць афлайн.

У захапленні ад водных паходаў і педагогі цэнтра творчасці. Ацаніла іх і дырэктар Вольга Каравай. Праўда, прызнаецца, адразу лёгка пагадзілася, а калі села ў байдарку, пачала баяцца. Але яна хутка пераадолела гэты страх.

— Такое воднае падарожжа мы здзейснілі з калегамі на Дзень настаўніка. Мы цэлы дзень ім наталяліся, і нам таго дня было мала. Усе мы з задавальненнем усё паўтарылі б. Ужо прадумваем маршрут. Цяпер у нас праходзіць палатачны лагер “Берандзей”, потым некалькі дзён будзе доўжыцца дзіцячы сплаў на байдарках. Пасля гэтага хочацца і нам з калегамі ўзяцца за вёслы, — гаворыць Вольга Міхайлаўна.

Людміла Віктараўна адзначае, што страх выйсці на ваду на байдарцы пераадольвае ў сабе амаль кожны:

— Калі я яшчэ працавала ў школе, тры гады не дазваляла сябе ўгаварыць сесці на байдарку. А калі перайшла працаваць сюды, села ў яе і ўжо не ўяўляю свайго лета без сплаваў. Цяпер мы марым купіць байдаркі, таму пішам праекты на атрыманне гранта на гэта. Пакуль байдаркі арандуем, а калі купім свае, то зможам часцей арганізоўваць такія экскурсійна-турыстычныя паходы, каб не толькі мае навучэнцы змаглі прайсці гэтымі маршрутамі, але і іншыя жадаючыя.

Гэтымі днямі педагог, юныя тэлевізійшчыкі і яшчэ амаль трыццаць юных гараджан адпачываюць у палатачным лагеры “Берандзей”, які размясціўся на турыстычнай стаянцы Канькова на Вішнеўскім возеры ў Нацыянальным парку “Нарачанскі”.

— Сёлетні наш лагер тэматычны, прысвечаны вывучэнню партызанскага руху, — тлума­чыць Людміла Маеўская. — Мы стаім на месцы, дзе ў чэрвені 1944 года дыслацыраваўся партызанскі лагер напярэдадні вызвалення Беларусі. І таму ў аснове нашага новага відэасюжэта будзе ролевая гульня пра жыццё партызан.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота з архіва тэлестудыі