Каложскія чытанні ў Гродне сёлета сабралі рэкордную колькасць удзельнікаў

- 15:18Духовность и патриотизм, Новости

Каложскія чытанні ў Гродне сёлета сабралі рэкордную колькасць удзельнікаў. Заяўкі падалі каля 500 дакладчыкаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Адкрытыя абласныя навукова-адукацыйныя чытанні на базе ГрДУ імя Янкі Купалы і некалькіх школ і гімназій абласнога цэнтра прайшлі ўжо 13-ы раз. Яны ўключаны ў праграму супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы на 2020—2025 гады і з’яўляюцца этапам Міжнародных калядных адукацыйных чытанняў у Маскве.

— Безумоўна, гэта значнае мерапрыемства, якое аб’ядноўвае вялікую колькасць навучэнцаў. На мой погляд, Каложскія чытанні — гэта яскравы прыклад таго, як трэба працаваць з моладдзю ў плане перадачы нашых духоўна-маральных традыцый і захавання гістарычнай памяці, — падкрэсліў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь доктар гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч.

У гэтым годзе чытанні, арганізатарамі якіх выступаюць Гродзенская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы, ГрДУ імя Янкі Купалы, галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і абласны інстытут развіцця адукацыі, прайшлі пад знакам 80-годдзя Вялікай Перамогі.

— Гэта подзвіг барацьбы за мір і бараць­бы са злом, які здзейснілі нашы прабацькі. На алтар Перамогі пакладзены многія чалавечыя жыцці. Шмат было ў гісторыі войнаў, але Вялікая Айчынная самая кровапралітная. Уласцівасць чалавечай памяці — забываць цяжкія часы. Аднак нельга забываць той страшны час, каб гэтага ніколі больш не паўтарылася. Мы спрабуем даць ацэнку таму, што адбывалася. Без духоўных сіл, без дапамогі Божай, без веры гэтага подзвігу немагчыма было б дасягнуць, — адзначыў архі­епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній.

Удзельнікаў і гасцей мерапрыемства віталі рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка і начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык.

— Уяўленні аб жыцці нашага народа пабудаваны на вечных хрысціянскіх каштоўнасцях, якія заклікаюць да адзінства і згуртаванасці ў імя светлай мэты. Той мэты, што знаходзіцца за межамі жыцця кожнага з нас, — звярнуў увагу ўдзельнікаў чытанняў Руслан Абрамчык.

Ён адзначыў, што тэматыка заяўленых у рамках Каложскіх чытанняў выступленняў якраз адлюстроўвае ўстаноўку аб тым, што агульная мэта знаходзіцца за межамі нашага жыцця. Так, частка з іх прысвечана гераізму савецкіх людзей і святароў, мемарыялізацыі памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. І гэтая ўстаноўка адпавядае ідэалогіі беларус­кай дзяржавы, ключавымі пастулатамі якой з’яўляюцца адзінства, калектывізм, захаванне маральных арыенціраў і хрысціянскіх каштоўнасцей.

— Вельмі радуе, што ў сістэме адукацыі Гродзеншчыны і краіны ў цэлым устаноўка на фарміраванне гэтых каштоўнасцей захоўваецца на працягу многіх дзесяцігоддзяў, — падкрэсліў Руслан Юр’евіч.

У ходзе Каложскіх чытанняў гучалі такія значныя тэмы, як развіццё партызанскага і падпольнага руху на Гродзеншчыне, уклад партызан у барацьбу з акупацыйным рэжымам, пастарскае служэнне ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, формы дапамогі фронту.

Абмеркаванні на секцыях былі прысвечаны і 900-годдзю полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, 40-годдзю ўстанаўлення дня памяці Сабору Усіх Беларускіх Святых. Таксама ішла размова аб асэнсаванні Вялікай Айчыннай вайны ў літаратуры і кінамастац­тве.

Была арганізавана работа адразу некалькіх дыялогавых анлайн-пляцовак. Падчас адкрытага дыялогу “Захоўваем мінулае, цэнім сучаснасць, будуем будучыню” на базе гродзенскай гімназіі № 10 імя Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) гаварылі аб гістарычнай памяці ў разуменні сучаснай моладзі, актуальнасці выкарыстання сучасных тэхналогій у рабоце ўстаноў адукацыі і культуры, дзейнасць якіх накіравана на духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне моладзі. Разам з прадстаўнікамі Гродзенскай епархіі навучэнцы гімназіі разважалі і пра тое, якія яны, стваральнікі будучай беларускай гісторыі, і на якіх прынцыпах павінны грунтавацца іх жыццёвыя імкненні.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара