Каляды на ўроку матэматыкі: незвычайны праект рэалізавалі ў сярэдняй школе № 3 Астраўца

- 10:02Образование

Праект “Калядная матэматыка” аб’яднаў вучняў 5-­х і 6-­х класаў сярэдняй школы № 3 Астраўца. Распрацоўку педагога Ганны Арлоўскай калегі і школьнікі ўспрынялі з вялікай цікавасцю і энтузіязмам, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Ідэю праекта, сам таго не ведаючы, падказаў мой двухгадовы сын. Простая дзіцячая цікаўнасць з мноствам пытанняў пра тое, што ж такое Каляды, наштурхнула на думку аб’яднаць, здавалася б, неспалучальныя рэчы: матэматыку і экскурс у гісторыю свята, — расказвае Ганна Арлоў­ская.

Наколькі паспяхова ў яе гэта атрымалася, лепш за ўсё кажуць водзывы навучэнцаў і іх бацькоў. А іх педагог атрымлівала на ўсіх этапах рэалізацыі праекта.

Вынікам кожных заняткаў у рамках праекта “Калядная матэматыка” было дадатковае дамашняе заданне з зорачкай. Выконваць яго прапаноўвалася па жаданні. Прычым аб’ядноўвала гэтыя заданні заўсёды лічба 2024.

— Дзецям трэба было, напрыклад, у шэрагу лічбаў паставіць знакі арыфметычных дзеянняў і дужкі так, каб у выніку атрымалася 2024, ці з адных адзінак (зноў жа з выкарыстаннем знакаў і дужак) скласці выраз, вынік якога — нумар надыходзячага года. Але не заўсёды з лічбай 2024 быў звязаны адказ. Так, у адным з заданняў дзецям прапаноўвалася знайсці, колькі і якія даты наступнага года можна запісаць у фармаце “дзень/месяц/год” толькі з дапамогай лічбаў 0, 2 і 4, — знаёміць з сутнасцю праекта су­размоўніца.

“Калядная матэматыка” ў вучняў сярэдняй школы № 3 Астраўца пачалася яшчэ ў пачатку лістапада. На працягу ўсёй чвэрці яны не толькі ўдасканальвалі свае матэматычныя веды, але і крок за крокам даведваліся новыя факты аб святкаванні Каляд і Новага года.

Своеасаблівы матэматычны адвент-каляндар школьнікі ўспрынялі на ўра. Са святочнай пяціхвілінкі пачынаўся іх кожны ўрок матэматыкі. У такім фармаце ў вучняў прайшло 30 заняткаў. За кожны правільны адказ каляднага задання актыўныя ўдзельнікі праекта атрымлівалі балы. А адной з самых доўгачаканых падзей чвэрці, якая нядаўна скончылася, для іх стала падвядзенне вынікаў.

— Праект нават перасягнуў мае чаканні. Дзеці не толькі з цікавасцю рашалі сапраўды складаныя заданні, але і актыўна далучаліся да пошуку цікавых фактаў, звязаных са святкаваннем Каляд і Новага года. Яны дзяліліся звязанымі з гэтымі святамі сямейнымі традыцыямі і нават запаветнымі жаданнямі, ажыццяўлення якіх чакаюць у 2024 годзе, — успамінае Ганна Арлоўская.

На апошніх занятках юныя матэматыкі ўжо самі рыхтавалі заданні накшталт тых, што рашалі. Гэты момант стаў для многіх дзяцей сямейна-аб’яднальным: бацькі дапамагалі складаць цікавыя заданні. Дзецям было прапанавана аформіць свае прыклады павышанага ўзроўню складанасці ў незвычайнай форме — у выглядзе зорачкі.

Апошні ў 2023 годзе ўрок матэматыкі для вучняў знаходлівага педагога з Астраўца прайшоў у форме кірмашу. Набыць зорачку аднакласніка можна было вы­ключна за правільны адказ.

— У сваёй рабоце прытрымліваюся слоў Ушынскага: “Дзіця патрабуе дзейнасці няспынна, а ўтамляецца не дзейнасцю, а яе аднастайнасцю”. Таму на занятках звяртаюся да выкарыстання розных форм арганізацыі вучэбнага працэсу. Праект “Калядная матэматыка” пабудаваны з выкарыстаннем гульнявых тэхналогій. І ў гэтым, бадай, галоўны сакрэт яго поспеху.

На шляху да педагагічнага самаўдасканалення Ганна Арлоўская з году ў год актыўна ўдзельнічае ў раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях. Як вынік, у скарбонцы яе асабістых дасягненняў — больш за 20 публікацый у СМІ.

Вяртаючыся ж да цікавага праекта “Калядная матэматыка”, варта адзначыць, што ў новым годзе ён, магчыма, стане актуальным для ўсіх школ Астраўца.

Кацярына МАЦЕВІЧ