Камсамол Беларусі ў абліччах

- 11:04Актуально, Апошнія запісы

Урачыстае адкрыццё тэматычай кампазіцыі “Камсамол Беларусі ў абліччах”, прысвечанай лідарам маладзёжнага руху Беларусі, адбылося 2 сакавіка ў Рэспубліканскім доме моладзі.

На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка, старшыня Савета ветэранаў камсамольскага, піянерскага і маладзёжнага руху Рэспублікі Беларусь Аляксей Аляксандравіч Крыўдзенка, Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына Анатольеўна Старавойтава і першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Андрэй Эдуардавіч Белякоў. Гасцямі мерапрыемства стала дэлегацыя моладзі Курскай вобласці на чале з дэпутатам Курскай абласной думы Аляксандрам Пятровічам Трубнікавым.

Партрэтная галерэя — гэта праект гісторыі камсамольскага і маладзёжнага руху Рэспублікі Беларусь, прысвечаны стагоддзю УЛКСМ. Праект аб’яднаў актывістаў БРСМ у пошукава-даследчай дзейнасці, якая працягваецца і сёння. У будучыні кампазіцыя будзе пашырана. Плануецца, што абноўлены Музей гісторыі камсамольскага і маладзёжнага руху Рэспублікі Беларусь пачне работу ў кастрычніку бягучага года.

На выставе прадстаўлены 24 графічныя чорна-белыя партрэты з выявамі першых сакратароў ЦК ЛКСМ(Б), якія былі напісаны студэнтамі мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па знойдзеных фотакартках, дакументах, аповедах. “Сімвалічна, што студэнты мастацкага факультэта намалявалі лідараў камсамола ў маладым узросце, як сімвалічна і тое, што пасяджэнне адбываецца ў Доме моладзі, бо гэта гістарычны будынак, у якім доўгі час працавалі камсамольцы”, — адзначыў Андрэй Белякоў.
Карціны фармату А2 размешчаны ў храналагічным парадку, пачынаючы з 1918 года. У экспазіцыю ўвайшлі партрэты Міхаіла Зімяніна, Кірыла Мазурава, Пятра Машэрава, Аляксея Крыўдзенкі і іншых маладзёжных лідараў.

“Больш за 200 мільёнаў чалавек прайшлі школу камсамола. Амаль усе маладыя гарады нашай краіны пабудаваны камсамольцамі. Гэта і Наваполацк, і Салігорск, і Светлагорск. Сёння БРСМ — найбуйнейшая маладзёжная арганізацыя ў СНД”, — расказаў Аляксей Аляксандравіч Крыўдзенка.

Ігар Васільевіч Карпенка заўважыў, што камунікатыўныя і лідарскія здольнасці ў маладых людзей фарміруе маладзёжнае грамадскае аб’яднанне, студэнцкія атрады, валанцёрскі рух. Так, БРСМ — гэта пляцоўка, дзе можна паспрабаваць свае здольнасці ў розных сацыяльных ролях і набыць важны вопыт. Расказваючы пра галерэю, міністр адукацыі адзначыў, што камсамольская арганізацыя фарміравала важных палітычных дзеячаў краіны, можна ўспомніць у сувязі з гэтым Мазурава, Машэрава, Аксёнава. Сёння БРСМ працягвае традыцыі. Сярод удзельнікаў Саюза моладзі ёсць дэпутаты раённых і гарадскіх саветаў, парламента. Сучасная моладзь актыўна ўдзельнічае ў студатрадаўскім і валанцёрскім руху — менавіта гэта з’яўляецца сувязным звяном паміж папярэднім і цяперашнім пакаленнямі.

Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця адбылося першае пасяджэнне Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных стагоддзю камсамола.

Дар’я ЦАУНЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.