Як навучэнцы дапамагаюць сельскагаспадарчым прадпрыемствам.
На базе СУП “Хаціслаўскі” працаваў студэнцкі сельскагаспадарчы атрад “Юнацтва” імя Пятра Гаўрылава ў складзе 9 навучэнцаў Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці і Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя чыгуначнага транспарту.
— Студатрад — лепшы спосаб правесці час цікава і з карысцю, — гаворыць камандзір атрада Вераніка Дворак. — У нашым атрадзе панавала атмасфера сяброўства і адзінства. Мы займаліся прыбіраннем і добраўпарадкаваннем тэрыторыі машыннатрактарнага парка СУП “Хаціслаўскі”. Працоўная дзейнасць вырашыла праблему вольнага часу, навучыла маладых людзей згуртаванасці і адказнасці, дазволіла зарабіць першыя грошы. Акрамя таго, гэта каштоўны жыццёвы вопыт.
— Працаваць было няцяжка: дружнай і вясёлай кампаніяй справіліся з усім, — расказвае камісар атрада Антон Мярчук. — Студатрад — выдатная магчымасць не толькі папрацаваць, але і цікава правесці час, адчуць пэўную рамантыку, даведацца шмат карыснага.
На сельскагаспадарчым прадпрыемстве ніколі не бывае лішніх рук. Адміністрацыя СУП “Хаціслаўскі” задаволена работай студатрадаўцаў, іх адказнымі адносінамі да справы і высокай дысцыплінай. Навучэнцы добрасумленна выканалі розныя віды даручаных работ.
Студэнцкі сельскагаспадарчы атрад “Іскра” імя П.М.Машэрава працуе на палетках цяплічнага камбіната “Бярэсце”.
У студатрадзе задзейнічаны старшакласнікі сярэдняй школы вёскі Тэльмы-1. Юнакі і дзяўчаты займаюцца праполкай раслін, зборам агародніны і яе сарціроўкай.
— Вучні збіраюць капусту розных гатункаў, праполваюць садавіну, выконваюць дробныя даручэнні, — расказала камандзір атрада Кацярына Ільютчык. — Работа даецца па-рознаму. Некаторыя школьнікі ўпершыню ў жыцці ўзялі ў рукі сельгасінвентар, а некаторым праца ў полі добра знаёмая. Дапамагаюць адно аднаму. У дрэннае надвор’е атрад пераводзіцца на склад для сарціроўкі агародніны.
Арына Андрыюк упершыню падпрацоўвала мінулым летам. Як і сёлета, у “Бярэсці”. Пайшла працаваць па ўласным жаданні: не хацела марнаваць дома час на канікулах, калі можна падзарабіць. Работа цяжкасцей не выклікае: дарослыя заўсёды дапамогуць пры неабходнасці.
Давід Кулага ў атрадзе таксама другі раз. Вырашыў правесці лета з карысцю. Юнаку падабаецца працаваць з сябрамі і аднакласнікамі. Падчас работы яны больш даведваюцца адно пра аднаго, вучацца новаму.
— Вырошчваць ураджай — цяжкі занятак. Папрацаваўшы ў полі, пачынаеш цаніць чужую працу, — адзначыў школьнік.
— Працаваць у цяплічным камбінаце вельмі прэстыжна. Трапіць сюды складана. Часам не можам задаволіць усе заяўкі. Сёлета тут адпрацуюць 3 атрады, — паведаміла першы сакратар Брэсцкага райкама БРСМ Лілія Пуляшка.
Брэсцкі раён пераважна аграрны, таму большасць студатрадаў маюць сельскагаспадарчы профіль. Сёння працуюць 4 атрады: 3 сельскагаспадарчыя і 1 экалагічны.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ;
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.