Выхаванне павагі да малой радзімы і краіны, прывіццё любові да спорту, якасны адпачынак і развіццё навучэнцаў сталі вызначальнымі для летняй аздараўленчай кампаніі ў Лідскім раёне. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Курс — на адпачынак
Лета для навучэнцаў перастала выконваць функцыю звычайнага адпачынку: сёння тры месяцы канікул — гэта шматгранныя магчымасці не толькі для перазагрузкі, але і для інтэлектуальнага, творчага і асобаснага росту школьнікаў.

Начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Тарасюк расказала, што яшчэ падчас навучальнага года ў раёне распрацавалі, а сёння рэалізуюць праект “Курс на лета: канікулы на выдатна!”, накіраваны не толькі на арганізацыю вольнага часу школьнікаў, aле і на забеспячэнне метадычнай падтрымкі і бяспекі знаходжання дзяцей у выхаваўча-аздараўленчых лагерах.
— Праект “Курс на лета: канікулы на выдатна!” з’яўляецца комплекснай праграмай, якая аб’яднала мерапрыемствы па падрыхтоўцы педагогаў да работы ў аздараўленчых лагерах і па абагульненні станоўчага вопыту работы, — адзначыла Вольга Зігмундаўна.
Праект “Курс на лета: канікулы на выдатна!” накіраваны не толькі на арганізацыю вольнага часу школьнікаў, aле і на забеспячэнне метадычнай падтрымкі і бяспекі знаходжання дзяцей у выхаваўча-аздараўленчых лагерах.
У межах раёна праходзіць і калейдаскоп-праект “#КарысныВольныЧас”, які ўключае ў сябе шэраг значных кірункаў і тэм. Грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне прадстаўлена праектам “Героі нашых вуліц”. Фарміраванне псіхалагічнай і інфармацыйнай культуры адлюстравана ў ідэі “Камунікацыя 4.0”, яна накіравана на развіццё навыкаў зносін і работу з вялікім аб’ёмам інфармацыі, з якой штодня дводзіцца сутыкацца і дарослым, і дзецям. Акрамя названых, на Лідчыне рэалізуюцца і праекты па выхаванні бяспечнай жыццядзейнасці, здаровага ладу жыцця, па экалагічным выхаванні.
— На працягу навучальнага года ўстановы адукацыі Лідскага раёна актыўна рыхтавалі базу для летняга адпачынку, — звярнула ўвагу Вольга Тарасюк. — У межах розных праектаў праводзіліся мерапрыемствы, прызваныя выявіць найбольш паспяховыя практыкі па падрыхтоўцы да летняга сезона. Лепшыя ідэі сталі асновай насычанай праграмы лагераў.
Начальнік упраўлення адукацыі адзначыла некалькі прыкладаў. Так, летнія канікулы стануць незабыўнымі дзякуючы рэалізацыі праекта “Зялёныя дэтэктывы” ў сярэдняй школе № 16 Ліды імя П.М.Машэрава. Юныя даследчыкі навакольнага асяроддзя раскрываюць экалагічныя злачынствы, вывучаючы прыроду, і прымаюць удзел у краязнаўчай дзейнасці. У сярэдняй школе № 9 Ліды імя А.У.Нічыпорчыка рэалізуецца ідэя “Улётнае відэа”: вучні ствараюць медыяпраекты, развіваючы крэатыўнае мысленне і навыкі каманднай работы ў свеце лічбавых камунікацый.
— Праект “Курс на лета: канікулы на выдатна!” абяцае стаць важным крокам да якаснага вольнага часу і аздараўлення школьнікаў Лідскага раёна, — запэўнівае Вольга Зігмундаўна. — Ён аб’ядноўвае разнастайныя ініцыятывы, накіраваныя на здароўе, развіццё і патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Гэта спрыяе таму, што ў нас растуць творчыя і адказныя грамадзяне. Мы ўпэўнены, што летнія канікулы стануць незабыўнымі і насычанымі для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.
Карысныя справы

У загарадным аздараўленчым лагеры “Бярозка” рэалізуецца праграма “Патрыёцк — горад, які мы пабудуем!”.
У чым яе сэнс і на што яна накіравана? Дырэктар лагера Аліна Нікадзімаўна Коргіна расказала, што змест праграмы глыбокі.
— Павага да сваёй краіны, яе нацыянальных традыцый — гэта аснова выхавання падрастаючага пакалення, — засяроджвае ўвагу дырэктар. — Наша краіна мае багатую, тысячагадовую гісторыю, самабытную і непаўторную культурную і прыродную спадчыну. Менавіта гэта фарміруе ў дзяцей цікавасць да роднага краю, выхоўвае патрыятычныя пачуцці, гістарычную свядомасць і сацыяльную актыўнасць. Таму варта звярнуць асаблівую ўвагу на фарміраванне ў падрастаючага пакалення актыўнай грамадзянскай пазіцыі, каштоўнасных адносін да гісторыі і культуры, да мінулага і сучаснасці.

Праект “Патрыёцк — горад, які мы пабудуем!” разлічаны на навучэнцаў 6—16 гадоў і рэалізуецца ў “Бярозцы” на працягу 15 дзён. Ён аб’ядноўвае розныя кірункі, сярод якіх выхаванне культуры бяспечнай жыццядзейнасці і здаровага ладу жыцця, ідэалагічнае, грамадзянскае, патрыятычнае, духоўна-маральнае, экалагічнае, працоўнае выхаванне і інш.

Важная частка праграмы — гульні, без якіх не абыходзіцца ні адзін дзень у лагеры. Большасць з іх прысвечана вывучэнню роднага краю. Так, выхаванцы “Бярозкі” на працягу змены ствараюць горад сваёй мары: яны гараджане, якія аб’яднаны ў будаўнічыя брыгады і ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні горада Патрыёцка.
— Дэвіз будоўлі — “Даведайся новае! Зрабі карыснае!”, — дадае Аліна Нікадзімаўна. — Таксама на працягу змены кожная будаўнічая брыгада стварае свой унікальны гарадскі аб’ект — віртуальны ці рэальны, прэзентацыя якога адбудзецца ў апошні дзень змены.
Урок для кадэтаў
Шматвектарны характар надалі аздараўленню навучэнцаў у сярэдняй школе № 6 Ліды імя М.Б.Куканенкі.

На працягу першага летняга месяца ва ўстанове адукацыі арганізавана работа двух лагераў — “Сонейка” і “Патрыёт”. Фізкультурна-аздараўленчы лагер “Сонейка”, які наведваюць 150 навучэнцаў, працуе ў межах праекта “Стыль жыцця — здаровы”.
— “Сонейка” — гэта займальная платформа для фізічнага і псіхалагічнага аднаўлення дзяцей, — расказвае кіраўнік выхаваўча-аздараўленчага лагера “Патрыёт” Святлана Завыша. — У межах лагера праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на раскрыццё творчага патэнцыялу і фарміраванне навыкаў калектыўнага ўзаемадзеяння сярод выхаванцаў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца выхаванню ў іх пачуцця адказнасці, развіццю сямейных каштоўнасцей, грамадскіх інтарэсаў і грамадзянскіх абавязкаў.
У ваенна-патрыятычным лагеры “Патрыёт” дзеці і падлеткі падчас змены рэалізуюць праект “Я і ты, разам — кадэты”. Па словах кіраўніка лагера, гісторыя “Патрыёта” пачалася яшчэ ў 1997 годзе, калі ва ўстанове адукацыі з’явіліся першыя класы ваенна-патрыятычнага кірунку.
— Праект “Я і ты, разам — кадэты” разлічаны на навучэнцаў 11—17 гадоў і рэалізуецца на працягу 15 дзён, — дадала Святлана Аляксандраўна. — У план мерапрыемстваў уключаны шэраг значных рэспубліканскіх акцый, сярод якіх “Бяспечныя канікулы”, “Лета — дзецям”, “Памяць удзячных сэрцаў”, “Вялікай Перамозе — 80!”.
Праграма лагера ўключае рэалізацыю гульнявых ідэй, правядзенне сюжэтна-ролевай гульні “Ад навабранца да сяржанта”. Сутнасць апошняй у тым, што на працягу 15 дзён навучэнцы праходзяць тры этапы армейскай службы. На першым яны пагружаюцца ў армейскі побыт: зарадка, страявая падрыхтоўка, штодзённая здача рапартаў камандзіраў атрадаў камандзіру лагера, дзяжурства салдата ў аддзяленні. Абавязковае і наведванне мерапрыемстваў, падчас якіх кожны навабранец можа за выніковы ўдзел атрымаць званне яфрэйтара. З нагоды прысваення такога звання праводзіцца ўрачыстая лінейка, на якой радавыя атрымліваюць пагоны яфрэйтара.
— На другім этапе “службы” падлеткам прапаноўваецца акунуцца ва ўмовы палявых збораў — адправіцца ў паход, — расказвае пра адметнасці работы лагера яго кіраўнік. — Тут трэба ўмець самастойна паставіць палатку, сарыентавацца на мясцовасці па прыродных прыметах, згатаваць ежу на вогнішчы, а таксама арганізаваць свабодны час аднагодкаў з выкарыстаннем вайсковых песень. На гэтым этапе вызначаюцца тыя салдаты, якія атрымліваюць пагоны і званне малодшага сяржанта.
Трэці этап — гэта афармленне “салдатамі” дэмбельскага альбома, у якім кожны адлюстроўвае яркія моманты армейскага жыцця. За актыўны ўдзел, паспяховасць, сілу характару, фізічную актыўнасць, уменне быць стратэгам і тактыкам асобным вучням прысвойваецца званне сяржанта з уручэннем адметных знакаў.
Сістэма работы, якая склалася ва ўстанове адукацыі па грамадзянскім і ваенна-патрыятычным выхаванні, у тым ліку ў летні перыяд у лагеры “Патрыёт”, паспрыяла паспяховаму ўдзелу школьнікаў у рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарнічка”.
— У “Зарнічцы” ў нас 2-е месца, а ў “Зарніцы” — 3-е на раённых этапах, — дадае Святлана Завыша. — Бліскуча выступілі навучэнцы 11—12 гадоў на ўсіх этапах. Так, у нас першыя месцы ў раёне і вобласці, пераможнае 2-е месца ў краіне. Падрыхтоўкай каманды займаўся ў тым ліку кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні палкоўнік запасу Міхаіл Рыгоравіч Лукеш.
Лета ў сярэдняй школе № 6 Ліды імя М.Б.Куканенкі вызначаецца не толькі дзейнасцю аздараўленчых лагераў — тут арганізавана работа студэнцкіх атрадаў і працоўнай брыгады для вучняў, якім споўнілася 14 гадоў. А вучні 5—8 класаў развіваюць працоўныя навыкі, аказваючы дапамогу ў добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі. Разам з настаўніцай біялогіі Вольгай Самускевіч дзеці прымаюць удзел у раённым аглядзе-конкурсе “Квітней, любімы горад!” у намінацыі “Жывая кніга”. Для гэтага школьнікі яшчэ вясной пасадзілі на клумбах кветкі, якія сёння з’яўляюцца сапраўдным упрыгажэннем школьнай тэрыторыі.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





