Любоў да Радзімы варта пацвярджаць канкрэтнымі справамі. Год добраўпарадкавання — выдатная нагода для кожнага з нас паказаць, як мы любім Беларусь.
Асабіста для мяне адным з прыкладаў будуць педагогі-краязнаўцы. Яны не толькі ўмеюць прыгожа расказваць пра адметнасці малой радзімы. Разам з вучнямі настаўнікі добраўпарадкоўваюць помнікі архітэктуры, аб’екты, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, упрыгожваюць вуліцы родных гарадоў і вёсак. Гэта ў тым ліку пра іх знакамітае выказванне: “Патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт”.
У мінулым годзе кожная мая камандзіроўка была напоўнена сустрэчамі з такімі неабыякавымі людзьмі. Адна з іх прайшла ў Касцюковіцкім раёне. Добра памятаю, як у вёсцы Канічы настаўнік фізічнай культуры і здароўя Новасаматэвіцкай сярэдняй школы Уладзімір Яўгенавіч Сальнікаў, углядаючыся ў велічныя вежы руін храма, з любоўю расказваў пра гісторыю святыні, а потым у будынку былога бровара знаёміў з гаспадарчым жыццём краю.
Помнікі архітэктуры Уладзімір Яўгенавіч падтрымлівае ў прывабным турыстычным выглядзе: рэгулярна ачышчае ад хмызняку, зграбае лісце, сухую траву. І да гэтай карыснай справы далучае сваіх вучняў. Сапраўды, патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт і толькі ўласным прыкладам. Дарэчы, на вялікай паляне каля былога бровара настаўнік стварыў футбольную пляцоўку: змайстраваў разам з калегамі драўляныя вароты, абкошвае траву. Цяпер гэта любімае месца дзетвары. У цёплы перыяд года тут часта праводзяцца футбольныя баталіі і дваровыя гульні.
Чытачы нашай пастаяннай рубрыкі “Нам засталася спадчына” ведаюць, што мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкага лагера смерці (за ўклад у яго рэканструкцыю аўтарскаму калектыву нядаўна была прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва) у многім створаны дзякуючы настаўнікам. Падчас маёй жнівеньскай камандзіроўкі педагог загадчыца мемарыяльнага комплексу Зінаіда Мікалаеўна Хлебавец паведаміла, што яшчэ ў 1950-я гады балота, на якім нацысты трымалі мірных людзей, пачаў даследаваць былы настаўнік гісторыі і дырэктар Азарыцкай сярэдняй школы Уладзімір Лазаравіч Макатроў. Гэта ён знайшоў брацкую магілу вязняў і менавіта па яго ініцыятыве на месцы магілы быў устаноўлены абеліск. Сёння там велічны мемарыял у памяць пра ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Праз канкрэтныя справы праяўляюць сваю любоў да малой радзімы і педагогі Башнеўскай базавай школы Шумілінскага раёна. Напрыклад, пад кіраўніцтвам настаўніцы матэматыкі Марыны Ягораўны Аляксеенка юныя валанцёры ўпрыгожылі ў аграгарадку Башні аўтобусны прыпынак. Летам разам з бацькамі, сябрамі і педагогамі яны ачысцілі яго ад старой фарбы, нанеслі выявы бусла, матылькоў, кветак. Цяпер прыпынак — не проста месца, дзе спыняецца грамадскі транспарт, гэта арыгінальны арт-аб’ект. І падобныя прыклады, упэўнены, ёсць у кожным раёне. Пра іх мы і далей будзем расказваць на старонках выдання. Тым больш нагода цудоўная — Год добраўпарадкавання.
2025-ы толькі пачаўся, а значыць, кожны з нас можа зрабіць на карысць роднай Беларусі шмат канкрэтных спраў, каб яна была яшчэ больш утульнай, прыгожай.
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА