Кар’ерны ўзлёт, ці Як збываюцца мары

- 12:00Адукацыйная прастора

Першае працоўнае месца можа даць не толькі неабходны вопыт, але і хуткі паспяховы кар’ерны старт. Менавіта так адбылося ў жыцці Алёны Андрэеўны Бусленка. Пяць гадоў яна выкладала англійскую мову ў Радушскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці, а сёння ўжо займае пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце.

На выбар прафесіі натхніла школьная настаўніца і любімы класны кіраўнік Надзея Анатольеўна Кароткая, якая таксама выкладала англійскую мову. Дзяўчыне хацелася стаць падобнай на яе, таксама рабіць важную, карысную справу і атрымліваць ад гэтага асалоду. Да таго ж настаўніца, што называецца, з першага позірку змагла прывіць асаблівае стаўленне да свайго прадмета, жаданне менавіта з ім звязаць жыццё. 

— Мы і зараз падтрымліваем зносіны. Тым больш што з часам у нас з Надзеяй Анатольеўнай з’яўлялася ўсё больш агульнага. Як і яна, я спачатку скончыла Рэчыцкі дзяржаўны педагагічны каледж, а зараз, дарэчы, мая настаўніца ўжо працуе там,— расказвае Алёна Андрэеўна. — Увогуле, у мяне засталіся цёплыя ўспаміны аб выкладчыках гэтай установы. Мне далі трывалую базу ведаў і навыкаў — як тэорыю, так і практыку. Дзякуючы гэтаму, на старце педагагічнай дзейнасці не было асаблівага страху, ішла на свой першы ўрок без моцнага хвалявання. 

Напэўна, у кожнага маладога педагога за плячамі свая асабістая гісторыя, свой адказ на пытанне аб тым, як яны замацоўваліся і прыжываліся ў сферы адукацыі. У якасці маладога спецыяліста Алёна Андрэеўна адчыніла дзверы Радушскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Жыхарцы Лоеўскага раёна давялося адправіцца ў новае, абсалютна невядомае месца, за дзвесце кіламетраў ад дому. Прызнаецца шчыра: гэта было для яе пэўным іспытам на стрэсаўстойлівасць і самастойнасць. Але неўзабаве пераканалася: на новым месцы абсалютна незнаёмыя людзі ў любой сітуацыі гатовы працягнуць руку дапамогі. Да таго ж пытанне з жыллём было адразу вырашана. Алёна Андрэеўна і зараз жыве ў трохпакаёвай кватэры, дзелячы яе з дзвюма суседкамі — таксама маладымі настаўніцамі.

— Тое, што мне далі арэнднае жыллё, вельмі ўзрадавала, — адзначае А.А.Бусленка. — Калі я засялялася, калегі прапаноўвалі дапамогу. Гэта было для мяне нечакана і вельмі прыемна. Зараз мяне ўсё задавальняе. У трохпакаёвай кватэры мы жывём утраіх з дзяўчатамі, так што ў кожнай ёсць свой пакой. Маімі суседкамі з’яўляюцца настаўніца малодшых класаў і сацыяльны педагог. У нас невялікая розніца ва ўзросце, таму пасябравалі хутка.

Напачатку маладая настаўніца перажывала яшчэ і з-за таго, як жа пройдзе знаёмства і складуцца адносіны з калектывам і кіраўніцтвам установы адукацыі і, безумоўна, як яе прымуць дзеці. Ёй нялёгка было самой прывыкнуць да змен, да свайго новага статусу ўжо не студэнткі, а настаўніцы. Для Алёны Андрэеўны Бусленка лёсавызначальнай стала сустрэча з дырэктарам Радушскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Аленай Васільеўнай Драздовай. Знаёмства з установай адукацыі пачалося менавіта з размовы з кіраўніком. У многім дзякуючы яе добразычлівасці, мудраму кіраўніцтву, пастаяннай падтрымцы ва ўсіх пытаннях маладая настаўніца і пасля адпрацоўкі двух гадоў не стала развітвацца з месцам, да якога прыкіпела душой. 

— Я паглыбілася ў школьнае жыццё, і яно аказалася вельмі цікавым, насычаным, — дзеліцца асабістым А.А.Бусленка. — Мне падабаецца, што я іду на работу туды, дзе ўва мне ёсць сапраўдная патрэба. Вучні рады мяне бачыць, цікавяцца навінамі, мы з імі заўсёды на сувязі. Складана пераацаніць ролю англійскай мовы, бо яна адкрывае многа магчымасцей у сучасным свеце. Хочацца перадаць школьнікам свае адносіны да прадмета, даць ім веды на належным узроўні, накіраваць на шлях пастаяннага самаразвіцця. Былыя вучні заўсёды будуць узгадваць педагога з удзячнасцю, калі ў розных сітуацыях, дзе спатрэбіцца веданне англійскай мовы, будуць адчуваць сябе ўпэўнена. Для гэтага варта менавіта ў школьныя гады закласці трывалую базу.

Устанавіць кантакт з вучнямі маладой настаўніцы ўдалося вельмі хутка. У першы ж год работы яна стала яшчэ і класным кіраўніком 11 класа. Цікава, што на той момант ёй было ўсяго 19, так што розніца ва ўзросце з выхаванцамі была нязначная. Аднак, магчыма, гэта дапамагала лепш разумець сваіх выхаванцаў. Алёна Андрэеўна лічыць: амаль у кожнай сітуацыі пры жаданні можна знайсці плюсы, менавіта на іх і варта рабіць стаўку. У яе даволі хутка наладзіліся па-сапраўднаму даверлівыя адносіны з адзінаццацікласнікамі. Каб не ўзнікла панібрацтва, настаўніца адразу карэктна, але канкрэтна акрэсліла межы. Былыя вучні і сёння ставяцца паважліва і на “ты” яе не называюць.

Маладых спецыялістаў часта непакоіць праблема дысцыпліны. Яны знаходзяцца ў пошуку свайго падыходу да вучняў, педагагічнага стылю. Алёна Андрэеўна яшчэ з каледжа цвёрда запомніла правіла: заходзіць у клас неабходна заўсёды з усмешкай, нягледзячы ні на што. На сваім вопыце пераканалася: гэта гарантуе пазітыўныя, спакойныя зносіны паміж педагогамі і вучнямі. 

— Настаўніку вельмі важна ўмець правільна будаваць зносіны, — падкрэслівае А.А.Бусленка. — Неабходна ўдзяліць вялікую ўвагу гэтаму пытанню, тым больш што зараз хапае неабходнай літаратуры, усемагчымых вэбінараў. З бацькамі адразу стала падтрымліваць сувязь і як настаўнік-прадметнік, і як класны кіраўнік. Прапаноўвала сваю дапамогу, бо часта ў мам і татаў узнікалі цяжкасці пры праверцы дамашняга задання па англійскай мове. Важна накіраваць, патлумачыць, як правільна дапамагчы свайму дзіцяці. 

Самой Алёне Андрэеўне на пачатку яе прафесійнай дзейнасці таксама час ад часу патрабавалася дапамога калег. Яна хутка ацаніла як важны плюс той факт, што яны заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, на любое пытанне па вучэбным, выхаваўчым ці арганізацыйным працэсе даць кваліфікаваны адказ. 

Аглядваючыся назад на пройдзены этап, Алёна Андрэеўна бачыць добры плён сваёй працы. Для яе гэта выдатная матывацыя і далей пераадольваць цяжкасці, расці прафесійна. Парадавалі добрыя вынікі выпускнікоў на ЦТ. Але на цяперашні момант сваё самае галоўнае дасягненне Алёна Андрэеўна бачыць у пераемнасці. Некалькі дзяўчат, якіх яна вучыла, вырашылі звязаць свой лёс з англійскай мовай і выбралі спецыяльнасць выкладчыка гэтага прадмета. У гэтым навучальным годзе было радасна прымаць у Радушскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе адну з былых вучаніц — Таццяну Талкачову. Яна скончыла ўніверсітэт і прыйшла ў родную школу ўжо ў якасці маладога спецыяліста, настаўніцы англійскай мовы.

Алёне Андрэеўне пры наведванні ўрокаў сваёй былой вучаніцы, безумоўна, прыемна бачыць водгукі свайго стылю выкладання. У свой час яна таксама многае пераняла ад сваёй школьнай настаўніцы, у якой заўсёды былі цікавыя, дынамічныя ўрокі. З часам Алёна Андрэеўна шукала свой падыход да вучняў кожнага класа і канкрэтнага дзіцяці. Абмен вопытам з калегамі, наведванне іх урокаў дапамаглі зрабіць формы і метады выкладання больш разнастайнымі.

— З пераходам на пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце я адразу адчула вялікую адказнасць ужо не толькі за сябе, выкладанне свайго прадмета, але і за ўсіх вучняў і ўвесь калектыў, — дадае А.А. Бусленка. — Зараз адну са сваіх галоўных задач бачу ў тым, каб у вучняў і педагогаў былі максімальныя магчымасці і жаданне вучыцца новаму, развівацца далей — адным словам, не стаяць на месцы, а расці, каб пры гэтым панавала добрая, спрыяльная такому працэсу атмасфера. Лічу, што напалову ў маёй новай сферы дзейнасці ўсё складваецца паспяхова дзякуючы таму, што я заваявала аўтарытэт. Сёння калегі без спрэчак прыслухоўваюцца да маіх патрабаванняў. 

Безумоўна, калі ёсць узаемаразуменне і павага, кіраваць вучэбным працэсам прасцей. Да таго ж Алёна Андрэеўна чуе і ўлічвае меркаванні, прапановы ўсіх членаў калектыву. Сама яна, каб інтэнсіўна развівацца, імкнецца як мага часцей наведваць розныя курсы і семінары, вэбінары і трэнінгі.

Алёна Андрэеўна і як настаўнік, і як намеснік дырэктара робіць стаўку на работу, якая прыносіць вынік і задавальненне. Пераканана: залог поспеху заключаецца ў дыферэнцыраваным падыходзе да навучання. Важна арганізаваць вучэбны працэс так, каб і высокаматываваныя вучні, і тыя, каму вучоба даецца складана, былі заняты заданнямі адпаведна сваім магчымасцям і такім чынам рабілі крок наперад. Таксама настаўніца робіць стаўку на сучасныя тэхналогіі і элементы гейміфікацыі як у малодшых, так і ў старшых класах. 

Алёна Андрэеўна любіць сваю работу. Стаўшы педагогам, яна па-новаму, асабліва цёпла, паглядзела на старую добрую традыцыю — вечар сустрэчы з выпускнікамі. Ёй падабаецца назіраць, як мяняюцца былыя вучні, даведвацца аб змяненнях у іх жыцці, слухаць іх успаміны пра школьныя гады, цёплыя словы ўдзячнасці настаўнікам і школе. Уяўляе, як праз дзесяць, дваццаць ці трыццаць гадоў такія сустрэчы будуць усё больш эмацыянальнымі і душэўнымі.

Таццяна ШЫМКО.