Каралева “Паўночнай сталіцы”

- 15:15Выхаванне

“Студэнтка, камсамолка, спартсменка і проста прыгажуня”. Гэтая вядомая кінафраза найлепш апісвае маю сённяшнюю гераіню. Марыя Салаўёва — актывістка Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, 16 гадоў прафесійна займаецца спартыўнымі бальнымі танцамі і афіцыйна прызнана самай прыгожай студэнткай Беларусі і першай віцэ-каралевай XXVII Міжнароднага міжуніверсітэцкага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева Вясна — 2018”. Нягледзячы на тое, што ёй усяго 19 гадоў і што яна вучыцца толькі на 2 курсе філфака Віцебскага дзяржуніверсітэта, дзяўчына дасягае першых вышынь ужо як педагог ва ўласнай школе бальных танцаў “Паўночная сталіца”.

Танец працягласцю ў жыццё

— Танцы для мяне — гэта ўсё, — расказвае Марыя. — Яны з’явіліся ў маім жыцці ў маленстве, калі ў 3,5 года я марыла стаць балерынай і баць­кі аддалі мяне ў школу танцаў. Пазней была школа з эстэтычным ухілам, дзе 8 гадоў я не выпускала з рук пэндзаль. Паралельна вучылася ў музычнай школе: іграла на фартэпіяна і спявала ў хоры. Насычанае музычна-канцэртнае жыццё дапаўнялі конны спорт і плаванне. Займалася таксама бісерапляценнем.

Усе гэтыя гады яна працягвала танцаваць. Спачатку гэта было хобі, якое потым выйшла на прафесійны ўзровень, бо Марыя ўжо займалася ў танцавальным клубе “Дынама” — адным з самых моцных і прагрэсі­ўных на той момант у Віцебску. На базе клуба пастаянна праходзілі міжнародныя турніры, з майстар-класамі туды прыязджалі чэмпіёны свету. Дзяўчынку не спыняла нават тое, што заняткі заканчваліся ў 23 гадзіны, што пасля іх даводзілася праз паўгорада ехаць дадому, рабіць ноччу ўрокі, а раніцай ісці ў школу.

І ўсё гэта было пераплецена з выступленнямі на конкурсах — ад гарадскіх да рэспубліканскіх і міжнародных. Ледзь не кожныя выхадныя Марыю чакаў чарговы турнір, а здаралася, што адразу два: у суботу магло быць выступленне ў Мінску, а ў нядзелю — ў Маскве ці Санкт-Пецярбургу. За перамогі і прызавыя месцы на спаборніцтвах рознага ўзроўню ў дзяўчыны засталося больш за 80 медалёў. А калі ў 11 гадоў Маша стала фіналісткай чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па бальных танцах, у яе з’явіліся першыя навучэнцы. У клубе існавала група 3-гадовых дзяцей, і выкладчыкі прапанавалі Марыі паспрабаваць сябе ў ролі трэнера.

— Відаць, у мяне ўсё атрымлівалася, бо, калі мне было ўжо 17, выкладчыкі і ўсе знаёмыя раілі выкладаць прафесійна. Але я хацела праводзіць заняткі так, як падабалася і было патрэбна мне, хацела сама будаваць урокі. Таму я марыла пра сваю школу. Праўда, не думала, што атрымаецца ажыццявіць гэтую мару ў 18 гадоў.

З маленства побач з Марыяй — і на трэніроўках, і на выступленнях, а цяпер і на ўласных занятках — яе мама, настаўніца нямецкай мовы. І чым больш дачка ўцягвалася ў бальныя танцы, чым лепш у яе ўсё атрымлівалася, тым больш Святлана Васільеўна… не хацела, каб яе дачка станавілася прафесійным трэнерам. Яна баялася, што Марыя будзе заўсёды на чамаданах і што бацькі не будуць бачыць яе дома, таму, калі надышоў час выбіраць прафесію, мама прапанавала дачцэ выбраць прафесію “на запас”.

У выніку Маша выбрала рамана-германскую філалогію. Нягледзячы на тое, што гэта маміна сфера, прычыны такога выбару ў Марыі былі свае. Калі яна, маленькая, брала ў рукі кнігу па бальных танцах, то вельмі шкадавала, што выданне было, як правіла, на англійскай мове, і заўсёды гаварыла, што вывучыць англійскую дасканала, каб чытаць гэтыя кнігі.

— Я ведаю, што, калі б выбрала прафесійную харэаграфію, у маім жыцці ўжо не было б нічога, акрамя танца. Але свет рухаецца наперад, і карысна развіваць сябе ў розных сферах. Ва ўніверсітэце, напрыклад, я вывучаю тры замежныя мовы (нямецкую, англійскую і польскую) і лічу гэта цікавым дапаўненнем майго танцавальнага жыцця. Але галоўнае, што кнігі па танцах чытаю ў арыгінале, на англійскай мове. Ёсць, канечне, пераклады, аднак там існуюць хібы. А калі ты ведаеш мову добра, то даслоўна разумееш, што там напісана, бо зразумець схемы па бальных танцах складана, ды і апісаны яны вельмі сцісла. Напрыклад, напісана: паварот корпуса на 1/2Ѕ. А як яго паварочваць? У які бок? У арыгінале пра гэта гаворыцца, але перакладчык толькі прыблізна перакладзе. Ён павінен ведаць танец, каб усё даслоўна і правільна перакласці. Аднак такіх спецыялістаў няма, таму я вырашыла, што сама буду ведаць мову, каб не спадзявацца на перакладчыка.

Цяжкасці загартоўваюць

Марыя не цягнула справу да сталага ўзросту, у якім прынята пачы­наць трэнерскую кар’еру, а каб адкрыць уласную школу, ледзь дачакалася свайго паўналецця. Яна хацела не проста менш фінансава залежаць ад бацькоў, а сваёй працай дапамагаць тату. 25 гадоў назад ён, 22-гадовы лейтэнант міліцыі, на службе атрымаў раненне і, як вынік, пажыццёвую інваліднасць. З гадамі яго здароўе толькі пагаршалася, і каб ён канчаткова не страціў магчымасць ха­дзіць, трэба было тэрмінова мяняць сустаў на штучны. Аперацыя на той час каштавала 50 мільёнаў недамінаваных рублёў. Да таго моманту сям’і ўжо ўдалося штосьці зарабіць і адкласці, частку сродкаў дапамог саб­раць БРСМ, астатнюю суму пазычылі ў сяброў. Каб хутчэй вярнуць усе даўгі, дзяўчына да ночы працавала ва ўласнай школе.

Маючы важны стымул, Марыя з лёгкасцю пераадольвала любыя перашкоды, пачынаючы ад юрыдычных пытанняў да пошуку патрэбнай залы. Але яе юны ўзрост меў непажаданы вынік, калі яна пачала набіраць дзяцей:

— Складана было заваяваць давер бацькоў маіх выхаванцаў. На першай сустрэчы я адчувала недавер — занадта маладой была. Праўда, пасля першага ж урока, на якім прысутнічалі бацькі, іх сумненні рассейваліся, і яны разумелі, што з нашых заняткаў будзе толк. Таму галоўнай задачай было зацікавіць бацькоў прыйсці на гэтую сустрэчу.

Першым крокам было ўстанаўленне вельмі дэмакратычных цэн за заняткі. Гэта, а таксама першыя добрыя вынікі выхаванцаў Марыі (што сведчыла пра прафесійны падыход трэнера) запусцілі сарафаннае радыё. Цяпер “Паўночную сталіцу” ў Віцебску добра ведаюць.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 50, 4 мая.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара і з архіва Марыі САЛАЎЁВАЙ.