Каштоўнасці экалагічнай сцежкі

- 11:43Адукацыйная прастора, Дашкольная адукацыя

Прырода — гэта само жыццё. Пра загадкавасць прыроды і тое, што яна чакае ад чалавека дапамогі і шанавання, трэба расказваць дзецям як мага раней. Прывіваць любоў і клопат да ўсяго жывога лепш за ўсё з самага ранняга дзяцінства. 

Выхавальнікі ясляў-сада пасёлка Акцябрскі Смалявіцкага раёна жывуць у сельскай мясцовасці, таму з першых дзён жыцця ба­чаць прыгажосць прыроды, чу­юць цудоўныя спевы птушак, вельмі хутка вучацца клапаціцца аб свойскіх жывёлах. У дзіцячым садку мы працягваем важную справу па фарміраванні ў дзяцей экалагічных уяўленняў аб жывой і нежывой прыродзе, расказваем пра ўзаемасувязь жывых арганізмаў з асяроддзем пражывання і пра розныя прыродныя працэсы. 

Адна з цікавых форм работы па экалагічным выхаванні ў нашай установе дашкольнай адукацыі — выкарыстанне экалагічнай сцежкі. Спецыяльна распрацаваны і абсталяваны маршрут у сучаснай практыцы экалагічнага выхавання адыгрывае вялікую ролю і дапамагае педагогам рэалізоў­ваць  пазнавальную, эстэтычную і аздараўленчую функцыі дашкольнай адукацыі. На 12 станцыях, якія размясціліся на тэрыторыі дзіцячай установы, педагогі разам з выхаванцамі праводзяць даследаванні і заняткі, экскурсіі і міні-суботнікі,  назіраюць за сезоннымі змяненнямі ў прыро­дзе, за раслінамі, развешваюць кармушкі, робяць фотаздымкі, збіраюць прыродны матэрыял: шышкі, каштаны, лісце. Найбольш прываб­лівае дзяцей падарожжа па сцежцы вясной і ўлетку.

Распачынае маршрут станцыя “Лес”, дзе можна ўба­чыць лясных жыхароў, якіх на палянцы пасялілі дарослыя. Тут паміж сабой сябру­юць зайцы і вавёркі, лісяня і аленяня, шчыруюць мурашкі ў сваёй хатцы, завіхаюцца пчолкі ля вулея. На станцыі шмат дрэў. Побач з кожным — таблічка з назвай. Педагогі, выконваючы ролі такіх казачных герояў, як Лесавік, каралева Ружа, цётка Агародка, прынцэса Хвойка, расказваюць дзецям пра звяроў і расліны. Веды малых яны правяраюць з дапамогай загадак. А яшчэ просяць дзетак па лістоце паз­наць, як называецца дрэва, расказаць, якія ў яго плады.

Наступная станцыя сцежкі з простай назвай “Кветнік” — самая яркая і разнастайная. Кветнік размешчаны так, што ўтварае карту Беларусі. Упрыгожваюць клумбы хосты і лілейнікі, аксаміткі і цыніі, ружы і цюльпаны, прымулы і півоні. А яшчэ тут размясціўся казачны цягнічок, у вагончыках якога растуць яркія кветкі. 

Праект “Экалагічная сцежка” дае магчымасць пашыраць кругагляд дзяцей, іх экалагічную культуру, прывіваць працоўныя навыкі.

Трэцяя станцыя “Хвойныя” — гэта своеасаблівы патрыятычны куток нашай экалагічнай сцежкі. Як сведчыць спецыяльная таблічка, тут у гонар 70-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне была створана кампазіцыя “Мір на планеце — шчасце дарослым і дзецям”. Дзякуючы вечназялёнай хвоі, яліне, кіпарысавіку, ядлоўцу, туі, гэты ўчастак вельмі прывабны. Дзеці ведаюць, што гэтыя расліны не толькі прыгожыя круглы год, але і непатрабавальныя ў доглядзе, а таксама ачышчаюць паветра.

Наступная станцыя “Ме­тэапляцоўка” агароджана каляровым плоцікам і мае абсталяванне для эксперыментаў і назіранняў. Тут дзеці вучацца працаваць з метэапрыборамі, весці дзённік назіранняў за ветрам і тэмпературай паветра, а выхавальнікі выкарыстоўва­юць абсталяванне пляцоўкі для правядзення дыдактычных гульняў, мэтавых прагулак, чытання тэматычных вершаў пра поры года і прыродныя з’явы.

Пятая станцыя самая смачная — “Ягаднік”. На ёй  дружна растуць клубніцы, суніцы, чорныя і чырвоныя парэчкі, маліны, вішня. Дзеці лю­бяць ласавацца дарамі прыроды, але яны ведаюць, што для таго, каб летам укінуць у рот ягадку, неабходна даглядаць расліны, палі­ваць, апрацоў­ваць, і тады яны аддзячаць добрым ура­джаем. 

На шостай і сёмай станцыях наведвальнікаў зноў віта­юць кветкі. 

На адной клумбе грэюць свае галоўкі палявыя званочкі, валошкі, незабудкі. На другой — цэлая “Зялёная аптэка”: рамонкі, мята, трыпутнік, календула, лопух, мацярдушка, падтыннік. Клумбы з кветак і лекавых раслін дапамага­юць пашырыць уяўленні дзяцей пра незвычайны кветкавы свет, замацаваць паняцці пра садовыя, палявыя, лекавыя расліны, а таксама дапамагаюць убачыць прыгажосць і непаўторнасць кожнай кветкі.

Восьмая станцыя “Луг” створана для таго, каб дзеці зразумелі, што луг — не проста расліннасць, а суполь­насць розных арганізмаў. Тут можна паназіраць за красаваннем кусцікаў канюшыны, разгле­дзець яе суквецці, паназіраць за кузуркамі, пчоламі, чмялямі, матылькамі. Педагогі расказваюць хлопчыкам і дзяўчынкам пра сувязь паміж раслінамі і насякомымі.

А вось адрозніваць каласкі жыта, ячменю і пшаніцы маленькія вандроўнікі вучацца на станцыі “Поле”. Яны добра ведаюць, колькі клопату патрабуе хлеб перад тым, як з’явіцца на стале ў выглядзе румянага бохана. 

Надта любяць дзеткі станцыю “Агарод”. Гэта нязменная памочніца ў замацаванні ведаў пра агародныя культуры і іх разнастайнасць. Агурочкі, бурачкі, кабачкі, салата, радыска, морквачка, цыбулька — усё гэта цікава, карысна і смачна! З ранняй вясны да позняй восені сумесна з выхавальнікамі малыя прымаюць удзел у пасеве і пасадцы агародных культур, паліваюць і праполваюць грады. У педагогаў на станцыі “Агарод” самы шырокі спектр прымянення розных форм і метадаў работы,  пачынаючы з вядзення размовы, загадвання загадак і заканчваючы пастаноўкай казак (напрыклад “Рэпка”).

Далей наш маршрут вядзе на станцыю “Паляна водараў”. Ах, як прыемна тут пастаяць летнім надвячоркам! На палянцы растуць расліны, якія маюць моцны водар: кроп, меліса, гваздзіка, цыбулька-­шніт, пятрушка, флёксы, эстрагон (тархун). На “Паляне водараў” малыя вельмі тонка адчуваюць прыгажосць і ранімасць раслін, пачынаюць ра­зумець, што кожная з іх з’яўляецца важнай, бо нясе шмат карысці людзям. Педагогі не забываюць даходліва расказ­ваць выхаванцам не толькі пра эстэтычную, але і пра аздараўленчую функцыю раслін.

Крочым далей і спыняемся ў крайнім пункце нашага маршруту. 

Нас сустракае 12-я станцыя — “Дэкаратыўнае кустоўе”. Тут рас­туць язмін, рабіннік, спірэя, вярба, вейгела і іншыя прыгожыя кусцікі. Узаема­дзеянне з прыгожымі аб’ектамі прыроды выклікае жаданне клапаціцца пра родную зямлю, беражліва да яе адносіцца.  

Педагогі разам з выхаванцамі і іх бацькамі будуць і далей распрацоўваць новыя станцыі. Праект “Экалагічная сцежка” спрыяе фарміраванню асноў экалагічнага мыслення ў дашкольнікаў, арганізацыі экалагічнай і доследна-эксперыментальнай дзейнасці, дае магчымасць пашыраць кругагляд дзяцей, іх экалагічную культуру, прывіваць працоўныя навыкі. 

Ірына МІХНЕВІЧ,
выхавальніца дашкольнай адукацыі ясляў-сада п.Акцябрскі Смалявіцкага раёна.
Фота аўтара.