Касцюміраваныя святы і экскурсіі на прадпрыемствы — брэнды краіны — прафсаюзная пярвічка сярэдняй школы № 2 Чавус, якую шосты год узначальвае настаўніца хіміі Наталля Тужыкава, жыве цікава і актыўна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пярвічка ў дзеянні
У педагогіку Наталля Міхайлаўна пайшла першай у сям’і. У школьныя гады яе любімым прадметам была хімія, таму прафесію дзяўчына выбірала такую, каб не развітвацца з захапляльным светам хімічных элементаў і рэакцый. Маці раіла ёй ісці ў фармацэўты, але выпускніца прыняла рашэнне стаць настаўніцай хіміі. Школьніца справядліва разважыла, што для яе жывой, энергічнай натуры рух і шум школьных класаў падыходзяць больш, чым статычнасць свету лекаў.
Скончыўшы Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова, вярнулася на малую радзіму. Пачынала выкладаць у сельскіх школах Чавускага раёна і ўжо 14 гадоў працуе ў сярэдняй школе № 2 Чавус.
Наталля Міхайлаўна паспяхова рэалізуецца як на прафесійнай і грамадскай, так і на сямейнай ніве — разам з мужам гадуе дваіх сыноў і дачку.
Членам прафсаюза настаўніца з’яўляеца ўсё сваё працоўнае жыццё. А 6 гадоў назад калектыў даручыў ёй узначаліць прафсаюзную пярвічку. За работу ўзялася з уласцівай ёй актыўнасцю і неабыякавасцю, паступова набіраючыся вопыту. Вельмі дапамагала тое, што яна заўсёды магла абаперціся на членаў прафкама і на працоўны калектыў у цэлым. І ўсё атрымалася.
Па словах Наталлі Міхайлаўны, сіла іх прафкама ў тым, што ў ім ёсць прадстаўнікі ўсіх пакаленняў, ад маладога спецыяліста да працуючага пенсіянера, і аб’яднаны людзі розных тэмпераментаў. Нехта — такі ж, як яна, актыўны, хутчэйшы за ртуць, а нехта — больш спакойны, разважлівы. Яны выдатна ўзаемадапаўняюць адно аднаго і забяспечваюць найлепшы вынік у рабоце пярвічкі.
Дапамагае і надзейнае сацыяльнае партнёрства, выбудаванае з кіраўніцтвам установы адукацыі. Дырэктар Аляксандр Аляксандравіч Старавойтаў у свой час сам заканчваў гэтую школу, так што яна для яго намнога большае, чым проста месца работы. І інтарэсы людзей, якія тут працуюць, заўсёды ў прыярытэце.
Кожнаму — па патрэбах
Ахоп калектыву школы прафсаюзным членствам складае 100%. Пярвічка аб’ядноўвае 96 работнікаў установы адукацыі і 22 ветэранаў працы.
— Каб быць паспяховым прафсаюзным лідарам, трэба ўмець размаўляць з людзьмі. Цікавіцца іх жыццём, выслухоўваць, праяўляць клопат. Я не падзяляю свет на чорнае і белае, у любой падзеі бачу розныя колеры і дапамагаю рабіць гэта іншым. Такі падыход дазваляе вырашаць амаль усе пытанні, — адзначае мая суразмоўніца. — А яшчэ трэба быць аптымістам і любіць жыццё. Калі гаварыць у філасофскім сэнсе, то чалавеку не даецца звыш таго, што ён можа, а ў тым, што дадзена, заўсёды ёсць пазітыў.
Матывуюць людзей не толькі словам, але і справай. У калектыўным дагаворы прапісаны шэраг дадатковых мер сацыяльнай падтрымкі, якімі супрацоўнікі ахвотна карыстаюцца. Маладым спецыялістам, а іх у школе зараз двое, часткова кампенсуюць затраты на арэнду жылля, аказваюць матэрыяльную дапамогу падчас здачы сесіі на завочным аддзяленні ўніверсітэтаў. Для вопытных педагогаў прадугледжаны надбаўкі за настаўніцтва, за высокія дасягненні ў працы. Грашовая падтрымка супрацоўнікам аказваецца як са шчаслівых нагод, такіх як уступленне ў шлюб, юбілей, так і з сумных: доўгая хвароба, страта блізкіх.
Прафсаюзная ячэйка сярэдняй школы № 2 Чавус ужо два гады перамагае ў раённым конкурсе “Мая пярвічка ў дзеянні”.
Шэраг прыемных бонусаў прадугледжаны для членаў прафсаюза, якія сумяшчаюць прафесійныя абавязкі з бацькоўскімі. Так, з нагоды нараджэння малыша выдзяляецца матэрыяльная дапамога. На 1 верасня першакласнікаў і апошні званок выпускнікоў іх бацькам даюць аплатны выхадны дзень. Дарэчы, права на такі выхадны прадастаўлена таксама бабулям і дзядулям, але ў гэтым выпадку ён не аплачваецца. Мнагадзетным сям’ям напярэдадні новага навучальнага года дапамагаюць сабраць дзяцей у школу. Прыемна адзначыць, што ў школе працуюць ажно дзевяць мнагадзетных бацькоў.
Калі супрацоўнік хоча аздаравіцца ў адным з прафсаюзных санаторыяў, яму кампенсуецца больш за палову кошту пуцёўкі. Напрыклад, у мінулым годзе такой магчымасцю скарысталіся тры чалавекі. Як паказвае практыка, асабліва падабаецца членам пярвічкі адпачываць у санаторыях “Прыдняпроўскі” на Гомельшчыне і “Беларусачка” пад Мінскам.
Каб людзі ўсміхаліся
Творча і душэўна адзначаюць у калектыве ўсімі любімыя святы, такія як Новы год, 8 Сакавіка, 23 лютага. Натхняльнікам выступае старшыня пярвічкі, у якой аналітычны склад розуму настаўніцы хіміі гарманічна спалучаецца з крэатыўнасцю творчага чалавека. Дарэчы, у дзяцінстве яна наведвала тэатральны і танцавальны гурткі, спявала ў школьным хоры. А пачаўшы працаваць педагогам, не раз выступала вядучай раённых мерапрыемстваў.

Да свят у школе заўсёды пішацца цікавы сцэнарый, у чым няма роўных настаўніцы музыкі Яўгеніі Віктараўне Белавусавай. Ахвотна далучаюцца да пастановак і іншыя члены іх багатага на таленты калектыву. Дзякуючы плённаму супрацоўніцтву з раённым Домам культуры, а таксама залатым рукам педагогаў, святочныя паказы заўсёды касцюміраваныя: на сцэне бываюць і русалкі, і казачныя гераіні, і прыгажуні ў старарускім стылі.
— Калі ўжо ўзяліся ладзіць для калектыву свята, то трэба, каб гэта было па-сапраўднаму цікава і весела, каб людзі ўсміхаліся. А інакш няма сэнсу і пачынаць. Уплыў добрага настрою чалавека на якасць працы цяжка пераацаніць, — дзеліцца меркаваннем суразмоўніца.
Важны складнік культурнага жыцця калектыву — наведванне тэатральных пастановак, эстрадных канцэртаў, якія праходзяць у Магілёве. Супрацоўнікі вандруюць па прыгожых гістарычных мясцінах Беларусі, а яшчэ захапляюцца прамысловым турызмам. Па ініцыятыве Чавускай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі рэгулярна ладзяцца групавыя паездкі на прадпрыемствы, якія з’яўляюцца брэндамі нашай краіны, і прадстаўнікі 2-й школы заўсёды ў іх удзельнічаюць. Былі ўжо на “Камунарцы”, “Спартаку”, “Крыніцы”, наведалі ААТ “БЕЛАЗ”, “Слуцкія паясы”, іншыя заводы і фабрыкі.
Актыўна далучаецца пярвічка да прафсаюзных конкурсаў фотаздымкаў і відэаролікаў, чэленджаў. Вядома ж, не засталася яна ў баку і ад фотачэленджу “Працуем!”, які Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі зладзіў да 1 Мая. Адправілі 12 фотаздымкаў, з гордасцю паказаўшы свае працоўныя месцы.
Днямі ўзялі гран-пры на раённым конкурсе інсцэніраванай ваенна-патрыятычнай песні сярод прадпрыемстваў і арганізацый раёна “Мы — нашчадкі Перамогі”, прымеркаваным да 9 Мая.
Сябруюць тут і са спортам. Прадстаўнікі калектыву ўдзельнічаюць у прафсаюзных спартакіядах, турзлётах, раённым свяце здароўя і спорту “Чавусы — тэрыторыя здароўя”. А яшчэ на іх рахунку шмат карысных працоўных спраў. Пасля леташняга моцнага ўрагану дапамагалі супрацоўнікам РАНС ачышчаць ад паваленых дрэў гарадскія могілкі. Цесна ўзаемадзейнічаюць з лясгасам, рэгулярна далучаючыся да пасадак і праполак лесу.
За шматлікімі справамі і клопатамі не забывае прафсаюз пра ветэранаў працы. Іх наведваюць, віншуюць са святамі, дапамагаюць. Заўсёды запрашаюць прадстаўнікоў старэйшага пакалення на школьныя мерапрыемствы, канцэрты. Пры гэтым шукаюць новыя актуальныя формы ўзаемадзеяння. Напрыклад, правялі круглы стол “Вопыт і юнацтва”, на які запрасілі навучэнцаў 10—11 класаў і ветэранаў працы. Разам папілі гарбаты, шчыра паразмаўлялі аб мінулым і сучаснасці. Такія ініцыятывы чарговы раз пацвярждаюць, як шмат добрага і карыснага можна рабіць пад шырокімі крыламі прафсаюзнай арганізацыі.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і прадастаўлена ўстановай адукацыі





