Кацярына Марцішчанка: мы, настаўнікі, своеасаблівыя скульптары дзіцячай асобы

- 9:00Главная, Образование

Развіць асобаснае ўспрыманне, раскрыць здольнасці дзяцей, навучыць іх крэатыўна думаць і заўважаць прыгожае ў штодзённым — у гэтым бачыць сваю асноўную задачу настаўніца мастацтва сярэдняй школы № 42 Магілёва Кацярына Марцішчанка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У педагогіку Кацярына Міхайлаўна прыйшла ў свядомым узросце. Шлях у прафесію быў доўгім і няпростым. Аднак цяжкасці прывялі да работы, у якой яна знайшла сябе.

— Пра тое, што буду настаўнічаць, ведала яшчэ з дзяцінства. Натхнілі школьныя педагогі. Сваю мару здзейсніла, атрымала дыплом па профілі “Беларуская філалогія”. Але знайсці работу па спецыяльнасці ў горадзе адразу не ўдалося. Потым нарадзіліся дзеці, я паглыбілася ў мацярынства. Праз некаторы час, вярнуўшыся да пытання працаўладкавання, апынулася ў 42-й школе, дзе патрэбен быў настаўнік мастацтва. Вырашыла паспрабаваць і неўзабаве зразумела: гэта сапраўды маё, — падзялілася Кацярына Марцішчанка.

За плячыма Кацярыны Міхайлаўны амаль два гады выкладчыцкай дзейнасці. Але яна і цяпер дакладна памятае свой самы першы ўрок.

— Неверагодна хвалявалася за тое, каб усё атрымалася. А калі ўбачыла 30 пар дзіцячых вачэй, скіраваных на мяне, зразумела, што вучні хвалююцца не менш. Той першы ўрок дапамог мне ўсвядоміць: адзін з ключавых фактараў паспяховых заняткаў — псіхалагічны камфорт. У клас я нязменна заходжу з усмешкай, пакідаючы ўсе свае праблемы і перажыванні за дзвярыма, — паведаміла Кацярына Марцішчанка.

Галоўны прынцып работы Кацярыны Міхайлаўны — індывідуальны падыход да навучэнцаў. Яна імкнецца знайсці ключык да сэрца кожнага дзіцяці.

— Для мяне важна, з якім настроем дзеці прыходзяць на ўрок, мне неабыякавыя іх інтарэсы і захапленні. Заўсёды стараюся ўлічваць здольнасці і схільнасці вучняў. Прытрымліваюся думкі, што мы, настаўнікі, своеасаблівыя скульптары дзіцячай асобы. Навучэнцаў можна параў­наць з пластылінам. Адны — мяккія і падатлівыя, іншыя — цвёрдыя, упартыя, ім трэба больш цяпла, каб прая­віць сябе. Дзеці розныя, і гэта неабходна ўлічваць, — падкрэсліла малады педагог.

Зараз у Кацярыны Марцішчанка 20 класаў, а гэта амаль 600 навучэнцаў. І ўсе вучні з задавальненнем бягуць на яе ўрокі, бо яны вельмі захапляльныя.

— Мастацтва — шматгранны прадмет. Імкнуся выбудоўваць заняткі так, каб дзеці не проста набывалі веды, а адчувалі сябе неад’емнай часткай культурнай спадчыны чалавецтва, вучыліся аналізаваць і выказ­ваць уласны пункт гле­джання, — адзначыла Кацярына Міхайлаўна.

На ўроках яна шырока прымяняе мультымедыйныя тэхналогіі, візуалізацыю, тэхналогіі параўнання і праблемнага навучання. Але асаб­ліва падабаюцца дзецям гульнявыя тэхналогіі. Вучні як малодшых, так і старшых класаў з энтузіязмам ла­дзяць на занятках тэатралізаваныя паказы, віктарыны і нават рыцарскія турніры.

— Акцэнт на ўроках заўсёды раб­лю на беларускай культуры. У якасці прыкладаў падчас вывучэння розных тэм часта прыводжу нашы нацыянальныя асаблівасці і народныя традыцыі. Гэта дапамагае прывіваць вучням любоў да роднай краіны, фарміраваць у іх патрыятычныя і грамадзянскія якасці. Наогул, імкнуся максімальна задзейні­чаць на занятках выхаваўчы патэнцыял. Для мяне важна фарміра­ваць навучэнцаў доб­рымі, прыстойнымі людзьмі, — падкрэсліла Кацярына Міхайлаўна.

Каб пастаянна адкрываць штосьці новае для вучняў, Кацярына Марцішчанка спасцігае перадавы вопыт, удзельнічае ў метадычных мерапрыемствах. Нядаўна яна стала ўдзельніцай абласнога фестывалю “Прызванне — педагог”. Пайшла на конкурс дзеля прафесійнага развіцця, а ў выніку стала лаўрэатам і атрымала галоўны прыз.

— Перамога была нечаканасцю. Думаю, усё атрымалася дзякуючы падтрымцы калектыву. Мне вельмі дапамагае кіраўніцтва нашай установы і старэйшыя калегі. Гэта дазволіла хутка прайсці прафесійнае станаўленне і матывуе на далейшы рух наперад, — прызналася настаўніца. — У планах — удасканаленне педагагічнага майстэрства. Падчас конкурсных этапаў чарговы раз пераканалася, што прафесію выбрала правільна. Штодзень з радасцю іду ў школу, бо там мяне чакаюць мае вучні. Хочацца быць для іх самай лепшай.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара