Кацярына Пятруцкая: тэма фарміравання патрыятычнай свядомасці ў моладзі сёння як ніколі актуальная

- 10:05Актуально, Новости

Больш за 2,5 тысячы чалавек сабраў у горадзе над Бугам міжведамасны вучэбны семінар, прысвечаны ваенна­патрыятычнаму выхаванню школьнікаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Адкрываючы семінар, намеснік міністра адукацыі Беларусі Кацярына Пятруцкая адзначыла, што тэма фарміравання патрыятычнай свядомасці ў моладзі сёння як ніколі актуальная. Гэта адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі ў цэлым і адукацыйнай галіны ў прыватнас­ці. Намаганні педагогаў павінны накіроўвацца на выхаванне ў моладзі любові да Айчыны, фарміраванне ў вучняў пазітыўных адносін да вайсковай службы і гатоўнасці ў любы момант абараніць суверэнітэт краіны. Асаблівая роля ў гэтай справе адведзена кіраўнікам па ваенна-патрыятычным выхаванні. Установы адукацыі забяспечаны імі на 93,4%. У кад­равым падборы такіх педагогаў задзейнічана Міністэрства абароны Беларусі.

Вялікая ўвага ўдзяляецца дзейнасці маладзёжных аб’яднанняў. У школах усіх рэгіёнаў краіны працуюць профільныя ваенна-патрыятычныя класы, адкрываюцца адпаведныя клубы на базе вайсковых часцей. На кантролі — рэалізацыя дарожнай карты па выкарыстанні патэнцыялу ДТСААФ у выхаваўчай рабоце. Гэты дакумент дазваляе мэтанакіравана паглыбляць вектары супрацоўніцтва, укараняць новыя кірункі работы з моладдзю па тэхнічных відах спорту, спрыяе развіццю змешаных відаў баявых адзінаборстваў і інш. 

Асаблівую значнасць і маштабнасць сёлета набываюць мерапрыемствы, прысвечаныя 80-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. З гэтай мэтай ва ўстановах адукацыі арганізавана сістэмная і мэтанакіраваная работа з дзецьмі па ўвекавечанні і захаванні памяці аб абаронцах Айчыны і ахвярах фашызму. Гэтая работа рэа­лізуецца праз шэфства над удзельнікамі вайны, працаўнікамі тылу, вязнямі і сем’ямі загінуўшых ваеннаслужачых, удзел у добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на тэрыторыі вайсковых пахаванняў і ў мемарыяльных месцах, а таксама праз маладзёжныя акцыі і пошукавую дзейнасць.

— Важную ролю ў рабоце педагогаў адыгрывае будаўніц­тва Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі, абвешчанае Усебеларус­кай маладзёжнай будоўляй, — адзначыла Кацярына Пятруцкая. — Кожны школьнік Брэст­чыны павінен далучыцца да гэтай будоўлі, каб затым расказ­ваць сваім дзецям і ўнукам пра неабходнасць захавання гістарычнай памяці, бо не словы, а рэальныя справы выхоўваюць сапраўдных патрыётаў.

Адным з маштабных сёлетніх мерапрыемстваў стане ўсебеларускі патрыятычны праект “Памяць пакаленняў у імя будучыні”, да рэалізацыі якога далучацца ўсе школы краіны. Яго практычныя матэрыялы ў далейшым будуць шырока выкарыстоўвацца ў выхаваўчай рабоце і захаванні гістарычнай памяці пра Вялікую Айчынную вайну.

Ваенны камісар Брэсцкай вобласці Алег Канавалаў па­дзяліўся вопытам узаемадзеян­ня органаў кіравання адукацыяй з ваеннымі камісарыятамі па патрыятычным выхаванні моладзі і ўмацаванні прэстыжу службы ва Узброеных Сілах Беларусі. Паколькі не ва ўсіх рэгіёнах вобласці дыслацыруюцца вайсковыя часці, менавіта ваенныя камісарыяты выступаюць у ролі арганізатараў і каардынатараў адпаведнай работы са школьнікамі. Колькасць тэматычных мерапрыемстваў, якія праводзяцца з імі, даволі вялікая.

На Брэстчыне актыўна ствараюцца і дзейнічаюць цэнтры ваенна-патрыятычнага выхавання, ваенна-патрыятычныя клубы і класы. Так, сёння ў вобласці паспяхова працуюць дзевяць такіх цэнтраў і 46 клубаў, у тым ліку сем — на базе вайсковых часцей. У 33 ваенна-патрыятычных і кадэцкіх класах вучацца больш за 400 юнакоў і дзяўчат. Штогод на базе вайсковых часцей ладзяцца спартыўна-патрыятычныя лагеры, у якіх летась пабывалі каля трох тысяч падлеткаў.

Важнае месца ў патрыятычным выхаванні займае работа па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны. Так, у гонар загінуўшых лётчыкаў 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы Герояў Беларусі Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі наз­ваны вуліца ў Баранавічах і піянерская дружына ў сярэдняй школе № 13 гэтага ж горада. Акрамя таго, установам адукацыі вобласці актыўна надаюцца імёны знакамітых людзей, вядомых военачальнікаў і землякоў, якія загінулі ў Афганістане.

Сёння на Брэстчыне ўжо налічваецца 56 імянных школ, але неўзабаве іх стане яшчэ на 14 больш.

Вайскоўцы задзейнічаны ў рабоце маладзёжнага патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці. Да канца бягучага года ва ўсіх рэгіёнах вобласці бу­дуць створаны цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі.

Не стаіць у баку ад па­трыятычнага выхавання мола­дзі і Беларуская Праваслаўная Царква. Памочнік благачыннага па місіянерскім служэнні, адказны за ўзаемадзеянне Пінскай епархіі з ДТСААФ, протаіерэй Алег Ілюшын засяро­дзіў увагу на духоўна-маральнай аснове патрыятызму.

Ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі патрабуе якаснага метадычнага суправа­джэння педагогаў. Пра яго асаблівасці паведаміла начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА Святлана Корбут.

Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама Аксана Рылка азнаёміла ўдзельнікаў семінара з тым, як у рэгіёне пабудавана работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі ва ўмовах сучасных глабальных выклікаў. Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Дзмітрый Дзявятаў з сярэдняй школы № 14 імя Я.М.Фаміна Брэста падзяліўся цікавым вопытам прафарыентацыйнай работы з падлеткамі. Метадыст маладзёжнага патрыятычнага цэнтра Вольга Бурак расказала пра новыя кірункі патрыятычнага выхавання, а загадчыца цэнтра дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі сярэдняй школы № 27 імя Героя Савецкага Саюза І.П.Барсукова Брэста Таццяна Федзюкова — пра яго дзейнасць.

Падводзячы вынікі семінара, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская скіравала педагогаў да таго, што галоўнае ў ваенна-патрыятычным выхаванні — гэта не колькасць тэматычных мерапрыемстваў, а іх якасць.

З гэтым цалкам пагадзілася і намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая, дадаўшы, што ў эфектыўным выхаванні нельга абмяжоўвацца адзінкавымі мерапрыемствамі. Плён прыносіць толькі сістэмная работа ва ўзаемадзеянні з іншымі зацікаўленымі ведамствамі. Кацярына Аляксандраўна заклікала шырока папулярыза­ваць цікавы выхаваўчы вопыт у СМІ і не забываць актыўна ствараць у школах музейныя куткі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара