Каверзныя тэсты

- 13:45Абитуриент

Ці патрэбны для падрыхтоўкі да ЦТ рэпетытар? Лічу, што для матываванага чалавека з развітымі валявымі якасцямі — не. Чалавек, які імкнецца да дасягнення сваёй мэты, можа падрыхтавацца і самастойна.

Нашы адзінаццацікласнікі выходзяць на фінішную прамую. Літаральна некалькі месяцаў засталося да таго моманту, калі давядзецца адстойваць права звацца студэнтам установы вышэйшай адукацыі.

У Ашмянскім раёне ўжо на працягу некалькіх гадоў існуе выдатная, з майго пункту гле­джання, форма падрыхтоўкі да ЦТ. Гэта міжшкольны факультатыў па вучэбных прадметах. Заняткі абсалютна бясплатна могуць наведваць навучэнцы ўсіх школ раёна ў зручны для іх час. Заняткі праводзяць вопытныя педагогі дзве-тры гадзіны на тыдзень.  Наведваючы іх, навучэнец можа параўнаць узровень сваіх ведаў з узроўнем ведаў іншых дзяцей, убачыць недахопы ва ўласных ведах, высветліць, над чым яшчэ трэба папраца­ваць, і атрымаць кансультацыю настаўніка.

Свае заняткі планую ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай факультатыўных заняткаў “Абагульняючы факультатыўны курс” (грамадазнаўства) для 11 класа ўстаноў адукацыі, што рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, рэкамендаванай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. У гэтым навучальным годзе ў мяне 3 гадзіны на тыдзень, і гэта апты­мальны варыянт. Заняткі праходзяць па пятніцах у другой палове дня.

Вопыт паказвае, што найважнейшай умовай паспяховай здачы ЦТ па грамадазнаўстве з’яўляецца дасканалае веданне матэрыялу вучэбных дапаможнікаў для 9—11 класаў. Каб навучэнцы звярталі большую ўвагу на некаторыя важныя моманты ў тэксце, складаю для іх каверзныя тэсты. Напрыклад.

Ці правільна, што:

1) у тэарэтычных канцэпцыях інфармацыйнае грамадства разглядаецца як адна з разнавіднасцей індустрыяльнага грамадства;

2) электронны ўрад — гэта прымяненне інфармацыйных тэхналогій для фарміравання органаў дзяржаўнай улады.

А) правільна 1;
Б) правільна 2;
В) правільна 1 і 2;
Г) няправільна 1 і 2. 

Работа з такога роду тэстамі дазваляе не толькі запомніць, але і зразумець сутнасць многіх з’яў, на якія навучэнец можа і не звярнуць увагі, чытаючы тэкст вучэбнага дапаможніка, але гэта вельмі спатрэбіцца ў стане стрэсавай сітуацыі пры выкананні заданняў ЦТ.

З гэтай жа мэтай прапаную навучэнцам выканаць практыкаванне “Аднавіце тэкст”.

1_____ грамадства характарызуецца 2_____ роляй прамысловасці ў сістэме гаспадарчай дзейнасці, панаваннем 3_____ вытворчасці, масавай 4_____ вытворчасцю, тэхналагічным па­дзелам працы, 5_____ канцэнтрацыяй вытворчасці і рабочай сілы. У 6_____ сферы адбываецца шырокае развіццё таварна-грашовых адносін, у гаспадарчай дзейнасці дамінуе строгі эканамічны разлік. Прамысловае прадпрыемства, прадпрымальніцкая дзей­насць аддзяляюцца ад 7_____ гаспадаркі. 8_____ сфера адрозніваецца высокім узроўнем гарызантальнай і вертыкальнай сацыяльнай мабільнасці. Адбываецца урба­нізацыя — гарады займа­юць 9_____ становішча ў жыцці грамадства. Такім чынам, асновай развіцця 10_____ грамадства становіцца машынная вытворчасць, навукова-тэхнічны прагрэс, які падмацоўваецца духам прадпрымальніцтва, 11_____ канкурэнцыяй і рацыянальнасцю дзеянняў. У 12_____ грамадстве эканоміку, заснаваную на вытворчасці тавараў, змяняе эканоміка паслуг. Гэта не азначае зніжэння ролі 13_____вытворчасці, яна застаецца асновай 14_____ эканомікі. Ідзе скарачэнне колькасці работнікаў, занятых у 15_____ вытворчасці — не толькі сельскагаспадарчай, але і прамысловай. Прымяняюцца
16_____ тэхналогіі, якія забяспечваюць павышэнне прадукцыйнасці працы і якасці прадукцыі. 17_____ месца ў працэсе вытворчасці займаюць спецыялісты, тэхнікі, менеджары. Рэзка ўзрастае грамадскае значэнне 18_____ ведаў. Шматразова павялічваюцца капіталаўкладанні ў галіны, якія вызначаюць навукова-тэхнічны прагрэс і 19_____ вытворчасць. З’яўляюцца 20_____ навукова-вытворчыя аб’яднанні, якія спалучаюць навуку, вытвор­часць, адукацыю, абслугоўванне.

Прапушчаныя словы дадзены ў назоўным склоне мужчынскага роду: а) высокі; б) індустрыяльны; в) рэальны; г) дамашні; д) комплексны; е) сацыяльны; ж) таварны; з) рэсурса­зберагальны; і) эканамічны; к) вызначальны; л) постіндустрыяльны; м) машынны; н) навуковы; о) рыначны; п) матэ­рыяльны; р) навукаёмісты; с) прамысловы. Некаторыя словы могуць быць выкарыстаны некалькі разоў.

Заняткі пачынаем з размінкі. Яна ўключае ў сябе работу з паняццямі і персонамі ў грамадазнаўстве. Гэта дапамагае стварыць сітуацыю поспеху пры выкананні заданняў ЦТ мінулых гадоў. Навучэнец павінен ве­даць азначэнне паняццяў і мець дакладнае ўяўленне аб адрозненнях, напрыклад, унушэння ад пераканання, функцый грошай як сродку абароту ад сродку плацяжу, вытрымкі ад самавалодання. Акрамя прагаворвання азначэнняў паняццяў, выкарыстоўваем практыкаванне “Рассыпанае азначэнне”. Са спіса слоў трэба скласці азначэнне і на­зваць паняцце. Напрыклад, самастойных, грамадскіх, незалежных, асаблівая, адносін, сістэма, і, ад, адносна, дзяржавы, грамадскіх, сфера, інстытутаў, інтарэсаў, адно­сін.

Адказ павінен выгля­даць наступным чынам: асаблівая сфера грамадскіх адносін, сістэма самастойных і адносна незалежных ад дзяржавы інстытутаў, грамадскіх інтарэсаў, адносін — грамадзянская супольнасць. 

На кожных занятках працуем з тэкстам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Прапаную выканаць заданні па аднаўленні прабелаў. Напрыклад.

Артыкул 1. Рэспу­бліка Беларусь — уні­тарная … сацыяльная… дзяржава.

Артыкул 2. Чалавек, яго правы, свабоды і … іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і … грамадства і дзяржавы.

Артыкул 3. Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца … . Народ ажыццяўляе сваю ўладу … , праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй.

Артыкул 6. Дзяржаўная ўлада ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове падзелу яе на … , выканаўчую і … . Дзяржаўныя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны … паміж сабой, стрымліваюць і … адзін аднаго.

Сістэматызуем і паўтараем матэрыял па тэме заняткаў і працуем з заданнямі ЦТ мінулых гадоў. Праўда, у сувязі з пераходам на новую праграму ёсць нюансы. Змяніліся не толькі азначэнні паняццяў, але і трактоўкі, напрыклад, форм і відаў зносін, функцый дзяржавы, функцый рынку і г.д. Большасць навучэнцаў, якія наведваюць заняткі, становяцца студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі і ўвасабляюць у жыццё свае мары. Сур’ёзнай падмогай пры падрыхтоўцы да ЦТ па грамадазнаўстве з’яўляюцца апорныя канспекты, схемы і табліцы, распрацаваныя Н.Кушнер, А.Палейка, І.Бернат. 

1

2

3

4

5

6

7

8

9

10

11

12

13

14

15

16

17

18

19

20

                                       

Яніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ, 
настаўніца гісторыі і грамадазнаўствасярэдняй школы № 3 Ашмян.


Персоны

 

Навучэнцы, якія наведваюць заняткі міжшкольнага факультатыву, забяспечваюцца памяткамі “Персоны ў грамадазнаўстве”. Да стварэння такіх памятак з партрэтамі асоб, якія згадваюцца ў вучэбным дапаможніку, мяне падахвоцілі заданні ЦТ 2016 года. Фрагмент памяткі выглядае так.

 

Гіпакрат
(460—370 г. да н.э.) 

Старажытнагрэчаскі ўрач, лічыў, што чалавечы тэмперамент вызначаецца тым, якая з чатырох вадкасцей пераважае ў арганізме — кроў, слізь, жоўтая жоўць, чорная жоўць.




Клаўдзій Гален
(129—201)

Антычны ўрач, прапанаваў назвы для абазначэння тыпаў тэмпераменту.



Іван Паўлаў
(1849—1936)

Рускі вучоны, лічыў, што аснову тэмпераменту складае тып нервовай сістэмы, якую чалавек атрымлівае ў спадчыну ад біялагічных бацькоў. Своеасаблівасць нервовай сістэмы вызначаецца суадносінамі двух асноўных працэсаў — узбуджэння і тармажэння. У якасці асноўных характарыстык тэмпераменту вылучаў сілу/слабасць, ураўнаважанасць/неўраўнаважанасць, рухавасць/інертнасць нервовай сістэмы.



 

У табліцы спецыяльна пакідаецца свабоднае месца, каб можна было дабавіць цікавую інфармацыю.