Галіна Пятроўна Іванькіна (ініцыятар стварэння і кіраўнік дзіцячай тэатральнай студыі “Казка” Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”) вучыць падрастаючае пакаленне акцёрскаму майстэрству, ажыўляць казкі, цярпенню і карпатлівай працы, верыць у цуды.
Пачынаўся прафесійны шлях педагога зусім не з акцёрскай дзейнасці. Галіна Пятроўна скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага і атрымала спецыяльнасць настаўніка рускай мовы і літаратуры. Па размеркаванні працавала ў Абозскай васьмігадовай школе Любанскага раёна, а пасля выкладала англійскую мову ў Камсамольскай сярэдняй школе Капыльскага раёна. Там і пазнаёмілася з будучым мужам. Падчас працы настаўніцай рускай мовы і літаратуры малады педагог пачала захапляцца тэатрам, ставіла разам з вучнямі сцэнкі, мініяцюры. Праз некаторы час вярнулася ў роднае Маладзечна і пачала сумяшчаць настаўніцкую дзейнасць з творчай працай педагога-арганізатара дзіцячых пакояў па месцы жыхарства. Праз некаторы час была назначана дырэктарам дзіцяча-юнацкага аб’яднання “Пралеска”. Праз самаадукацыю, курсы павышэння кваліфікацыі ішла да сваёй мэты. Каб даведацца больш пра лялечныя спектаклі, прысутнічала на рэпетыцыях Мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка”, уважліва назірала, як акцёры працуюць з люстэркамі, каб ведаць, як лялькі выглядаюць збоку. Цяпер вялізнае люстэрка ў прыгожай разной раме вісіць на сцяне студыі і прываблівае ўвагу ўсіх наведвальнікаў. Па словах Галіны Пятроўны, люстэрка чароўнае: кожны новы вучань, што прыходзіць у “Казку”, загадвае перад ім жаданне, і яно, як сцвярджаюць старэйшыя навучэнцы, абавязкова здзяйсняецца.
Студыя “Казка” была створана ў 1985 годзе. Спачатку лялечны гурток наведвала невялічкая група дзяцей рознага ўзросту. Цяпер заняткі праходзяць для 4 груп школьнікаў — гэта 60 чалавек. У гэтым годзе пачала дзейнічаць яшчэ і група “Малыш”, у якой займаюцца дзеткі ад 3 да 6 гадоў. Студыя “Казка” займаецца пастаноўкай спектакляў, дзе галоўнымі героямі з’яўляюцца лялькі. Сярод іх ёсць пальчыкавыя, пальчаткавыя, батлеечныя, лялькі адкрытага тыпу, або планшэтныя, лялькі ў рост чалавека. Некаторых лялек шылі самі, іншых дарылі батлеечныя тэатры, многіх куплялі, таму педагог прывучае дзяцей беражліва адносіцца да лялек, любіць іх. Спачатку гурткоўцы выступалі з пастаноўкамі вядомых народных казак, пасля шукалі цікавыя, неардынарныя сцэнарыі. Цяпер студыя ганарыцца і аўтарскімі пастаноўкамі, якія дзеці з гордасцю прадстаўляюць на конкурсах. Сярод вучняў Галіны Пятроўны ёсць і акцёры-прафесіяналы: акцёр Мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка” Аляксандр Майрын, рэжысёр дзіцячага тэатра Настасся Бажко, вядучы Белтэлерадыёкампаніі Павел Лазовік і многія іншыя. Галіна Пятроўна мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю кіраўніка гуртка і ўжо больш за 5 гадоў працуе на пенсіі — так моцна і аддана любіць сваю працу. Акрамя тэатра, захапляецца лыжным спортам, прычым са школьных гадоў. Да здаровага ладу жыцця прывучае і сваіх навучэнцаў, разам яны выязджаюць на лыжах у маляўнічыя мясціны.
Алеся УШАКОВА.
Фота з архіва “Маладзіка”.