Казачныя скульптуры са снегу стварылі педагогі ДЦРД № 2 Віцебска

- 15:03Новости

У лютым у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 Віцебска пад кіраўніцтвам намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці Ірыны Машэра прайшоў творчы конкурс «Снежныя фантазіі» сярод маладых педагагічных работнікаў установы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

— Выхавальнікі прадумалі эскізы і дызайн зімовых фігур, ярка іх размалявалі і далі назвы. Снежныя скульптуры сталі падарункам для малышоў. Яны з нецярпеннем чакалі прагулкі, каб адправіцца ў падарожжа па зімовай казцы і пазнаёміцца з абаяльным Чабурашкам, вясёлым пінгвінам, мудрымі катамі і іншымі героямі літаратурных твораў, адзначыла суразмоўніца.

Лепка фігур са снегу дазваляе вырашыць мноства задач пазнавальнага, фізічнага, эстэтычнага напрамкаў вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі і разнастаіць дзейнасць дзяцей на зімовай прагулцы. У выхаванцаў фарміруюцца ўяўленні аб узаемасувязі паміж надвор’ем і станам снегу: у мароз ён рассыпісты і не лепіцца, а з надыходам адлігі робіцца пластычным.

Крэатыўныя работы маладых педагогаў захапілі і бацькоў. Казачныя фігуры сталі гульнявымі цэнтрамі на свежым паветры і любімымі фотазонамі для дарослых і дзяцей.

Па выніках анлайн-галасавання вызначыліся пераможцы: 1-е месца заняла Вольга Новікава з работай «Кот-баюн», 2-е — Яна Мароз са скульптурай «Марозны Дракоша», 3-е — Настасся Лабусава з кампазіцыяй «Вясёлы дзень нараджэння».

Загадчыца ДЦРД № 2 Віцебска Ілона Марчанка павіншавала пераможцаў, уручыла ім дыпломы і ўзнагародзіла ўсіх удзельнікаў каштоўнымі падарункамі.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы