У Паўладарскім дзяржаўным універсітэце адкрыўся інфармацыйны цэнтр АТ “НАТР” (Нацыянальнае агенцтва па тэхналагічным развіцці). Тут жа адбыўся рэгіянальны семінар-трэнінг, на якім маладых людзей знаёмілі з тэхналогіямі кіравання бізнес-праектамі.
“Сёння наш калектыў стаў на шлях стварэння ўніверсітэта даследча-прадпрымальніцкага тыпу, — адзначыў, адкрываючы семінар, рэктар ПДУ Арын Арсарыеў. — Ствараецца стартап-акадэмія, адкрываюцца інфармацыйныя цэнтры НАТР і Болашак-стартап, плануецца адкрыццё фронт-офіса “Даму”. Супрацоўніцтва з НАТР дазволіць нашаму ўніверсітэту атрымаць дадатковую кансалтынгавую падрыхтоўку і дыверсіфікаваць крыніцы фінансавання стартап-праектаў нашых студэнтаў, магістрантаў і дактарантаў”.
Намеснік старшыні праўлення АТ “Нацыянальнае агенцтва па тэхналагічным развіцці” Жуматай Салім расказаў пра механізмы падтрымкі пачаткоўцаў-бізнесменаў, стартап-праектаў, а таксама магчымасці атрымання інавацыйных грантаў для студэнтаў, навукоўцаў і прадпрымальнікаў. Ён паведаміў, што ўжо з верасня пералік прыярытэтных напрамкаў, па якіх падаюцца інавацыйныя гранты, пашыраны з 8 да 16. “Цяпер да нас могуць звяртацца вынаходнікі з інавацыйнымі праектамі ў сферы нана- і касмічнай галіны, прагрэсіўных тэхналогій у мэблевай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, фармацэўтычнай галіны, медыцынскай прамысловасці, біяінжынерыі, геннай інжынерыі, аграхіміі, робататэхнікі”, — адзначыў Ж.Салім.
У семінары-трэнінгу прынялі ўдзел больш за 40 чалавек з ліку маладых прадпрымальнікаў, лідараў маладзёжных арганізацый, стыпендыятаў праграмы “Болашак”, маладых вучоных і наватараў.




