Казка для школьнікаў і вяртанне ў дзяцінства для дарослых. У незвычайным музеі Навагрудка заўсёды Новы год

- 16:15Новости

У спецыяльнай школе-­інтэрнаце Навагрудка імя Л.Ф.Пашынскага дзейнічае незвычайны музей, дзе заўсёды Новы год. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Школьны музей “Цудоўны Новы год і гісторыя стварэння ёлачнай цацкі” заўсёды гасцінна прымае наведвальнікаў з устаноў адукацыі не толькі Навагрудка, але і ўсяго раёна, вобласці і рэспублікі.

Дзе яшчэ можна адначасова ўбачыць ёлачныя цацкі з ваты, кардону, паперы і шкла, зробленыя ўручную і адлітыя ў формах, а таксама пацеркі са шклярусу, пластмасавыя ялінкі і нават такія атрыбуты зімовых забаў, як драўляныя канькі, лыжы і санкі. Дзеці з захапленнем разглядаюць кожную цацку, а для іх педагогаў такі музей — сапраўдны экскурс у дзяцінства. Многія з дарослых знаходзяць тут цацкі, якія калісьці віселі на ёлцы ў доме іх бацькоў, дзеляцца ўспамінамі і расказ­ваюць, як беражліва захоўваюць далікатныя шкляныя ёлачныя ўпрыгажэнні.

Ініцыятарам стварэння экспазіцыі, прысвечанай Новаму году, выступіў дырэктар школы Алег Аркадзьевіч Анікевіч. Экспанаты збіралі ўсе разам — педагогі, навучэнцы і іх бацькі. А пачалося ўсё з пошукавай работы вучняў старшых класаў пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Вольгі Радчанка.

Сёння ў дзвюх залах музея сабрана амаль 4 тысячы экспанатаў. Распрацаваны экскурсіі па гісторыі вытворчасці ёлачных цацак і іншай навагодняй атрыбутыкі з пачатку XX стагоддзя і па цяперашні час. Сабраны каласальны відэаматэрыял па традыцыях святкавання навагодніх і калядных свят у розных краінах свету і ў розныя эпохі. На тэлеэкране дэманструюцца віншаванні з Новым годам вядомых людзей таго часу.

— Самая каштоўная наша цацка — дырыжабль, выпушчаны ў 30-х гадах мінулага стагоддзя, — расказала дырэктар музея Мая Ахмедаўна Жыдко. — У экспазіцыі ёсць дзве ўнікальныя газавыя лямпы і тры чайнікі, ліхтар, — усё з далікатнага шкла. Ні­дзе сёння не сустрэнеш і цацкі на прышчэпках, у нас ёсць птушачкі, Аладзін, Айбаліт і інш. Унікальныя цацкі з ваты, размаляваныя ўручную. Падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны час людзі працягвалі святкаваць Новы год. Ёлачныя цацкі таго часу часцей вырабляліся ў выглядзе ордэнаў, зорак, танкаў, самалётаў, дырыжабляў і іншых прадметаў ваеннай атрыбутыкі. У навагодніх цацках знайшла адлюстраванне і тэма асваення чалавекам космасу. З выхадам фільма “Карнавальная ноч” сталі выпускаць ёлачныя цацкі ў выглядзе гадзіннікаў.

Шмат у музеі пасляваенных цацак, сабраных у тэматычныя серыі “Касманаўтыка”, “Садавіна і агародніна”, “Шышкі”, “Музычныя інструменты”, “Жывёлы і птушкі” і інш. Ёсць мноства персанажаў з казак Джані Радары і Пушкіна, а таксама пацеркі са шклярусу, якія карысталіся папулярнасцю ў 50-я гады. Тут жа ёлкі часоў СССР, Дзяды Марозы з ваты, Снягуркі з пластмасы, калекцыя нямецкіх цацак са шкла. Прадстаўлена таксама вялікая калекцыя савецкіх паштовак 1975—1983 гадоў выпуску.

— Цацкі, зробленыя рукамі нашых настаўнікаў і выхавальнікаў, — сапраўдныя шэдэўры, — адзначае Алег Анікевіч. — Ёлачныя шары, звязаныя кручком, выкананыя ў тэхніцы дэкупаж і іншых дзівяць не толькі прыгажосцю, але і палётам фантазіі. Ганаруся, што ў нас працуюць настолькі таленавітыя людзі, за такімі педагогамі ідуць дзеці.

З гэтага навучальнага года музей абнавіўся. Калі экспазіцыя засталася ранейшай, вядома ж, яна ўвесь час папаўняецца новымі экспанатамі, то афармленне кардынальна памянялася. Цяпер усё зроблена ў адным стылі. Ёлачныя цацкі размеркаваны па калекцыях, прычым кожная з іх падвешана на асобную падстаўку з кручком. Дарэчы, купіць такія падстаўкі можна, але каштуюць яны дорага. У школе вырашылі пайсці сваім шляхам: закупілі толькі дрот, а рабіць падстаўкі сталі вахцёры ўстановы адукацыі. З’явіўся трон Снежнай каралевы, прысесці на яго і загадаць жаданне імкнуцца не толькі дзеці, але і дарослыя. Зроблена горка ў форме елкі, дзе размясціліся цацачныя домікі. А робяць іх выхаванцы пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання.

Навучэнцы спецыяльнай школы-інтэрната не толькі лю­бяць бываць у музеі, яны паўнапраўныя стваральнікі экспазіцыі. Дзеці дапамагаюць збіраць ёлачныя цацкі, удзельнічаюць у іх рэстаўрацыі, беражліва склейваючы разбітае шкло ці папраўляючы выцвілы малюнак. Яны з гордасцю расказваюць пра свой музей гасцям установы адукацыі.

 Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара