Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Віталь Хадановіч: галоўнае — навучыць дзяцей любіць Радзіму

- 9:00Главная, Образование

Прывіццё дзецям адданасці Айчыне, гордасці за сваю краіну і народ лічыць галоўным у сваёй рабоце кіраўнік па ваенна­-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 40 Магілёва Віталь Хадановіч. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Са сферай адукацыі і педагогікай Віталь Алегавіч звязаны амаль два з паловай дзесяцігоддзі. Доўгі час ён выкладаў геаграфію, пэўны перыяд быў намеснікам дырэктара. Новы раздзел у яго прафесійнай біяграфіі адкрыла ўвядзенне пасады кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні.

— Калі прапанавалі папрацаваць у гэтым кірунку, пага­дзіўся не разважаючы. Я перакананы, што настаўніку неабходна як вучыць, так і выхоўваць. У свядомасці моладзі павінны быць не навязаныя звонку, а нашы, традыцыйныя культурныя каштоўнасці. Ваенруку трэба канцэнтраваць сваю дзейнасць менавіта на гэтым. Дапрызыўная падрыхтоўка, знаёмства з вайсковай службай першачарговыя. Але важней навучыць дзяцей любіць Радзіму, — упэўнены Віталь Хадановіч.

Фарміраваць у вучняў патрыя­тычныя пачуцці Віталь Алегавіч пачынае з моманту іх прыходу ў школу. Выхаваўчай работай ахоплівае дзяцей з 1 па 11 клас. Ён рэгулярна ла­дзіць для школьнікаў урокі памяці і мужнасці, тэматычныя дыскусіі, круглыя сталы, дыялогавыя пляцоўкі, кіналекторыі.

— Пры правядзенні мерапрыемстваў рэгулярна выкарыстоўваю прынцып “роўны вучыць роўнага”. Старэйшыя навучэнцы падтрымліваюць малодшых, дзеляцца вопытам. Такая пераем­насць вельмі патрэбна, бо малышы стараюцца браць са старшакласнікаў прыклад, — паведаміў Віталь Хадановіч.

Па яго меркаванні, ключавое значэнне ў патрыятычным выхаванні адыгрывае і ўзаемадзеянне з бацькамі, бо часта дзіця капіруе тое, што трансліруецца ў сям’і.

— Выхаванне патрыёта — складаны працэс, у які павінны быць раўнацэнна ўцягнуты сям’я і школа. Па гэтай прычыне заўсёды знаходжуся ў цеснай сувязі з бацькамі, тлумачу, што ў станаўленні дзіцячай асобы мы з імі паплечнікі. Згуртаванасць прыносіць адпаведныя вынікі: для навучэнцаў любоў да Радзімы не проста словы. Яны з цікавасцю вывучаюць гісторыю роднага краю, ушаноўваюць подз­вігі герояў Вялікай Айчыннай вайны. Хлопцы і дзяўчаты актыўна ўдзельнічаюць у нясенні Вахты Памяці ля Вечнага агню. Для іх гэта прывілей і ганаровы ры­туал, — расказаў Віталь Алегавіч.

На пастаяннай аснове сумесна з класнымі кіраўнікамі Віталь Хадановіч арганізоўвае для вучняў экскурсіі. Гэта паездкі па памятных мясцінах і прафарыентацыйныя выезды. Школьнікі наведалі мноства мемарыялаў, пабывалі ў шэрагу вайсковых часцей і падраздзяленняў сілавых структур.

— Падчас экскурсій падлеткі наглядна знаёмяцца з армейскімі буднямі. Многіх убачанае натхняе на выбар прафесіі. Але самае галоўнае, што навучэнцы пачынаюць разумець значнасць міру і спакою на роднай зямлі. Асабліва выразна яны ўсведамляюць гэта ля помнікаў ахвярам генацыду ці манументаў баявой славы, — заўважыў Віталь Алегавіч.

Акрамя ваенна-патрыятычнага выхавання, Віталь Хадановіч па-ранейшаму настаўнічае — выкладае навучэнцам асновы бяспекі жыццядзейнасці. Да таго ж педагог прымае ўдзел у дзейнас­ці савета прафілактыкі школы, вялікую ўвагу ўдзяляе пад­рыхтоўцы дзяцей да конкурсаў і спаборніцтваў.

— Мае вучні неаднаразова станавіліся пераможцамі гарадскіх этапаў вядомых патрыятычных гульняў “Зарнічка” і “Арляня”. Нямала ў вучняў і іншых поспехаў. Але для мяне каштоўна тое, што школьны парог навучэнцы пераступаюць дастойнымі грамадзянамі з правільнымі жыццёвымі арыенцірамі, — падкрэсліў Віталь Алегавіч.

Свае прафесійныя прынцыпы Віталь Хадановіч надоечы прадставіў на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Пры істотнай канкурэнцыі ён стаў пераможцам.

— Гэтае дасягненне — заслуга ўсёй школы. Гадаваць дзяцей патрыётамі імкнецца ўвесь наш педагагічны калектыў, — запэўніў Віталь Алегавіч. — Дася­гаць пастаўленых мэт дазваляюць агульная ўцягнутасць і адзіныя падыходы да выхавання.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара