Кіраўнік павінен быць камандным гульцом

- 13:50Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Тры гады назад Мар’інагорскі дзяржаўны ордэна “Знак Пашаны” аграрна-тэхнічны каледж імя У.Е.Лабанка ўзначаліў малады кіраўнік — Дзяніс Валер’евіч Зубенка — кандытат тэхнічных навук, добры сем’янін і спартсмен. І хоць займаецца ён адзінаборствамі, але прызнаецца, што ў жыцці і рабоце ён камандны гулец. Пра тое, як яго каманда развівае ўстанову, пра каледж, які ён шчыра любіць, пра прафесійную адукацыю і проста пра жыццё  — наша гутарка з Дзянісам Валер’евічам.

— Дзяніс Валер’евіч, можна сказаць, што вы трапілі ў каледж яшчэ ў дзяцінстве. Мар’інагорскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж для вас — больш чым проста месца работы. Раскажыце, як лёс звязаў вас з установай.

— З гэтай установай я звязаны непарыўна, не ўяўляю свайго жыцця без каледжа. Мая сям’я жыла ў пасёлку Мар’іна, што за некалькі кіламетраў ад Мар’інай Горкі. У гэтым пасёлку і размешчаны каледж. І з самага маленства ён стаў для мяне родным. Кожны дзень я бачыў яго, гуляў каля яго з сябрамі. Тут праходзіць свой прафесійны шлях мой баць­ка Валерый Яўгенавіч Зубенка. Ён заўсёды быў і застаецца для мяне прыкладам. І стаўленне да каледжа, як да свайго дому, я таксама пераняў у яго. Для мяне было лагічным жаданне тут вучыцца, аднак баць­ка параіў ісці ва УВА такога ж напрамку — аграрнага. Я так і зрабіў — паступіў у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, што ў Горках. Пасля абароны дыплома атрымаў павестку ў ваенкамат, адслужыў у арміі. Дарэчы, менавіта армія дапамагла мне зразумець, што мог бы сябе рэаліза­ваць у педагагічнай дзейнасці. Я служыў у спецназе, быў камандзірам аддзялення, і ў мяне нядрэнна атрымлівалася праца­ваць з людзьмі: тлумачыць і даносіць ім патрэбную інфармацыю, арганізоўваць і матываваць, перадаваць малодшым таварышам свае веды. Падумаў, што гэтак жа магу перадаваць і свае веды, атрыманыя ў акадэміі. І калі служба ў войску скончылася, я адразу ж накіраваўся ў каледж. Літаральна адразу, у форме з аксельбантамі, прыйшоў у кабінет дырэктара прапанаваць сябе ў якасці работніка. Гэта было ў ліпені, а ўжо 1 верасня я пачаў выкладаць у каледжы.

— З якім настроем узяліся за працу? Ці памятаеце самыя першыя заняткі?

— Я выкладаў спецдысцыпліну “Сельскагаспадарчыя машыны”. Добра памятаю першыя заняткі, якія праводзіў. Перад гэтым я ўзмоцнена рыхтаваўся — набраў кніжак у біб­ліятэцы, гартаў іх, перачытваў свае канспекты, прадумваў, што і як скажу. Добра памятаю і групу, якая першай прыйшла на заняткі, кожнага навучэнца — з імі да сёння падтрымліваем зносіны. На першых занятках я вельмі хваляваўся, разумеючы, што вопыту ў мяне няма. Аднак калі заняткі скончыліся, я быў шчаслівы, бо адчуў, што я на сваім месцы, што гэта — мая справа. Каб удасканальвацца ў ёй, я атрымаў вышэйшую педагагічную адукацыю.

— Вы займаліся яшчэ і навуковай дзейнасцю і ў даволі маладым узросце сталі кандыдатам тэхнічных навук. Раскажыце пра гэты вопыт.

— У 2010 годзе я паступіў у аспірантуру РНПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі. Пачаў працаваць над дысертацыяй. Калі б у самым пачатку мне хто-небудзь сказаў, што за 5 гадоў мне ўдасца напісаць і абараніць дысертацыю, я не паверыў бы. Мне здавалася, што кандыдат навук — гэта нешта недасягальнае. Аднак сёння я перакананы, што кожны здольны на гэта. З цягам часу зразумеў, што насамрэч няма нічога недасягальнага, усё залежыць толькі ад твайго жадання і колькасці намаганняў, якія ты прыкладаеш, а таксама ад каманды, з якой ты працуеш. Мне вельмі пашанцавала сустрэць на кафедры цудоўных людзей, выбітных навукоўцаў, якія мяне вельмі падтрымалі. Я абараніў дысертацыю па тэме “Высеў зернавых культур пнеўматычнай сістэмай з вертыкальным размеркавальным прыстасаваннем”. Была выпушчана сеялка з распрацоўкай, створанай падчас навуковай работы.Так у 31 год я стаў кандыдатам тэхнічных навук.

— У 2016 годзе вас прызначылі намеснікам дырэктара па вытворчым навучанні, а ў 2018 — дырэктарам. З якімі думкамі сустракалі гэтыя падзеі?

— Канечне, я адчуваў радасць, але адначасова і страх, бо такая работа — надзвычай вялікая адказнасць. Гэта адказнасць за людзей, а ў каледжы каля 800 навучэнцаў і 230 работнікаў. А яшчэ гэта адказнасць перад тымі, хто будаваў і развіваў установу. Уявіце сабе, гісторыя каледжа набліжаецца да палутара стагоддзяў. Столькі цудоўных людзей укладвалі свае душы і сілы ў каледж. Не хочацца, каб перад імі было сорамна.

Я шчыра ганаруся нашым каледжам. Гэта ўнікальная ўстанова. Адна з найстарэйшых устаноў прафесійнай адукацыі ў нашай краіне. Сёлета каледж святкуе 145-годдзе з дня свайго стварэння. За гэты час установа стала па-сапраўднаму роднай мноству людзей. Нядаўна мне патэлефанавала жанчына і расказала, што яе маці — выпускніца каледжа 1951 года (на той час гэта быў тэхнікум), і яна літаральна кожны дзень прыгадвае час вучобы, установу, сваіх педагогаў і сяброў, расказвае пра ўсё гэта родным. Мне пашчасціла пагутарыць і з самой выпускніцай — яна цікавілася, як выглядае каледж зараз, як ён змяніўся, расказвала, якім ён быў дзесяцігоддзі назад. Уявіце сабе, 70 гадоў мінула з таго часу, калі яна тут вучылася, а гэтыя ўспаміны — адны з самых яркіх для яе. Вось які глыбокі эмацыянальны след пакідае ў душах людзей наш каледж. І гэта бясцэнна.

— Што сёння ўяўляе сабой установа, якіх спецыялістаў выпускае?

— Мы рыхтуем спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу нашай краіны. Сёння прапануем навучанне на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасцях “Тэхнік-механік”, “Тэхнік-электрык”, “Аграном”. Разам з асноўнай прафесіяй нашы выпускнікі атрымліваюць і рабочыя прафесіі, такія як вадзіцель, трактарыст, камбайнер, слесар, электраманцёр, кладаўшчык.

Наша ўстанова становіцца на­дзейнай стартавай пляцоўкай для прафесійнай дзейнасці выпускнікоў або для іх далейшага навучання ва УВА. У каледжы створаны ўсе ўмовы для таго, каб працэс навучання праходзіў паспяхова. Каледж — гэта 200 га зямлі, 3 вучэбныя корпусы, вучэбна-вытворчыя майстэрні, вучэбна-доследная гаспадарка, а таксама клуб, спартыўныя залы, інтэрнат.

Нам ёсць чым ганарыцца. Штогод уменні і таленты нашых навучэнцаў увасабляюцца ў дасягненнях на конкурсах прафесійнага майстэрства. У мінулым годзе навучэнцы каледжа годна выступілі на Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020: у кампетэнцыі “Аграномія” навучэнец Арсеній Сафонаў заваяваў бронзавы медаль. Каманда каледжа стала бронзавым прызёрам рэспубліканскага фестывалю прафесійнага майстэрства “Акадэмія-Профі”. Дыплома ІІ ступені нашы навучэнцы ўдастоены ў рэспубліканскім туры Міжнароднай бізнес-гульні “Пачынаючы фермер”. У гэтым го­дзе таксама ўжо ёсць дасягненні  — навучэнцы занялі 3-е месца ў рэспубліканскім конкурсе “Аграмайстэрства” ў намінацыі “Аграномія”. І гэта толькі некалькі прыкладаў, якія дэманструюць, што нашы навучэнцы атрымлі­ваюць высокі ўзровень падрыхтоўкі.

Навучэнцы сумяшчаюць вучобу з рознабаковай творчай дзейнасцю. У каледжы працуе клуб, дзе юнакі і дзяўчаты мо­гуць рэалізаваць любыя свае таленты. Педагог-арганізатар Паліна Валер’еўна Шлык актывізавала выхаваўчую работу і вывела яе на новы ўзровень. У творчых спаборніцтвах нашы юнакі і дзяўчаты таксама маюць значныя поспехі.

Мы ганарымся музеем каледжа, які ў 2017 годзе атрымаў ганаровае званне “народны”. Экспазіцыя адлюстроўвае шматгадовую гісторыю станаўлення і развіцця ўстановы адукацыі. У музеі праходзяць экскурсіі, выхаваўчыя гадзіны, тэматычныя вечары, акцыі, тут займаюцца даследчай і праектнай работай.

Асаблівае значэнне для нашых навучэнцаў мае спорт. Яны атрымалі шмат перамог у розных відах спорту. А як інакш, іх рыхтуюць бліскучыя трэнеры. Так, у каледжы працуюць адразу два майстры спорту міжнароднага класа па гіравым спорце — Павел Іванавіч Хадачынскі і Святлана Аркадзьеўна Доўгая, якая з’яўляецца дзеючай чэмпіёнкай Беларусі і Еўропы.

— Дарэчы, вы таксама ў ліку тых, хто актыўна зацікаўлівае навучэнцаў спортам.

— Так, у маім жыцці спорт заўсёды займаў важнае месца. Хачу, каб так было і з нашымі навучэнцамі. У розны час я займаўся вольнай барацьбой, футболам, боксам, а знайшоў сябе ў тайландскім боксе і кікбоксінгу. З 2011 года вяду ў каледжы заняткі па баявых адзінаборствах. Каб даваць хлопцам максімум карысці, скончыў завочна БДУФК. Гэта маё самае моцнае захапленне, і прыемна назіраць, што такім жа захапленнем спорт становіцца і для навучэнцаў. У каледжы пуставала памяшканне, мы з хлопцамі сваімі сіламі адрамантавалі яго і цяпер тут трэніруемся. Спорт проста неверагодна мяняе людзей да лепшага, загартоўвае цела і характар і вельмі спрыяе выхаванню моладзі.

— У чым вы бачыце місію каледжа?

— У нас вельмі складаная і вельмі важная місія — не проста даць прафесію, а выхаваць чалавека. На гэта накіраваны ўсе нашы намаганні. Мы працуем з маладымі людзьмі ва ўнікальны перыяд іх жыцця — калі яны з дзяцей ператвараюцца ў дарослых. Па сутнасці менавіта ў каледжы яны становяцца самастойнымі, і трэба падтрымаць іх на гэтым шляху сталення. Не сакрэт, што вучыцца да нас прыходзяць не самыя моцныя навучэнцы. Многія з іх, на жаль, не атрымалі належнай бацькоўскай увагі і любові, а значыць, і выхавання. У іх не ўмацавалася сістэма маральных каштоўнасцей, нярэдка адсутнічаюць неабходныя сацыяльна-бытавыя навыкі. Наша задача — даць ім самім убачыць і зразумець, што ў кожным з іх ёсць велізарны патэнцыял, паказаць, якія гарызонты могуць перад імі адкрыцца. Выхаваць навучэнца ўсебакова, стварыць у яго моцны падмурак чалавечых якасцей — менавіта на гэта накіравана выхаваўчая і спартыўная работа каледжа.

— Што дапамагае вырашаць пастаўленыя задачы, што вы лічыце абавязковымі ўмовамі для эфектыўнай работы?

— У першую чаргу каманда! Я перакананы: адзін чалавек не можа нічога зрабіць, а разам можна і горы звяр­нуць. Кіраўнік павінен быць камандным гульцом. Таму з самага пачатку я ведаў, што мне патрэбны надзейныя людзі. І я шчаслівы, што сёння ў мяне ёсць сапраўды зладжаная каманда, дзе ўсе разумеюць адзін аднаго і нашы агульныя мэты. Менавіта таму і працуецца добра. Я ўдзячны кожнаму з іх за магчымасць ствараць гісторую каледжа ра­зам. Кожнаму са сваіх намеснікаў давяраю, як сабе, і кожнага цаню як прафесіянала і як чалавека.


— Як выбудоўваеце сваю работу з людзьмі? Якімі прынцыпамі кіруецеся?

— Самае галоўнае — заўсёды быць чалавекам і імкнуцца разумець людзей, да кожнага знаходзіць свой падыход, ставіцца да людзей па-добраму і справядліва. Мы ўсе жывём у невялікім пасёлку, я тут рос і ўсе добра ведаюць мяне, маіх бацькоў, маю сям’ю. Гэтак жа і я ведаю сваіх работнікаў, што накладвае на мяне дадатковую адказнасць і ў той жа час дапамагае знайсці індывідуальны падыход да кожнага.

Імкнуся ствараць спрыяльны эмацыянальны фон для лю­дзей, каб яны працавалі без лішняга напружання і стрэсу. Патрэбна здаровая атмасфера ў калектыве, таму лічу, што ў кіраўніка не можа быць дрэннага настрою — нельга, каб твае негатыўныя эмоцыі ўплывалі на іншых людзей. Трэба быць у добрым сэнсе прадказальным, каб людзі ведалі, чаго ад цябе ча­каць, каб разумелі: крытыку яны атрымаюць таму, што дрэнна выканалі працу, а не таму, што ў дырэктара дрэнны настрой. Каб кожны раскрыў свой патэнцыял, трэба стварыць для гэтага ўмовы — падтрымліваць матэрыяль­на і эмацыянальна. Важна своечасова ацаніць ініцыятыву і намаганні чалавека прэміяй, але не менш важна і сказаць яму добрае слова, пахваліць, падтрымаць.

— Усё ваша прафесійнае жыццё звязана з прафесійнай адукацыяй, вы ўбачылі сістэму з розных бакоў, знахо­дзячыся на розных пасадах. Што думаеце аб перспектывах развіцця прафесійнай адукацыі ў нашай краіне? Якія пытанні зараз актуальныя для сіс­тэмы прафадукацыі?

— Думаю, трэба ўдасканальваць і ўзмацняць узаемадзеянне з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў. Выра­шаць пытанні пад­рыхтоўкі кадраў неабходна толькі ў цеснай звязцы з імі, каб навучанне не было адарвана ад рэальнай вытворчасці, не існавала само па сабе. Няправільна, калі заказчыкі кадраў уключаюцца ў работу толькі на этапе працаўладкавання выпускнікоў. Менавіта для прадпрыемстваў мы рыхтуем кадры і дзе, як не на гэтых прадпрыемствах, лепш ведаюць, якія работнікі ім патрэбны, што яны павінны ўмець. Трэба, каб заказчыкі кадраў дапамагалі ўдасканальваць змест навучання. Наогул, лічу, што яны павінны падключацца яшчэ на этапе прафарыентацыі, рэкламаваць сябе, каб дзеці хацелі працаваць на гэтых прадпрыемствах і для гэтага выбіралі наш каледж. Сумесная работа дасць максімальныя вынікі.

Яшчэ адно важнае пытанне, неабходнасць рашэння якога даўно наспявала і важнасць якога пандэмія зрабіла відавочнай, — стварэнне паўнавартаснага інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя, пляцовак для дыстанцыйнай работы. Інавацыі павінны актыўна пранікаць у сістэму прафадукацыі.

Ёсць і фундаментальныя рэчы, актуальныя для сістэмы ва ўсе часы. Гэта, напрыклад, павышэнне якасці адукацыі, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэнне прафесійнага ўзроўню педагагічных работнікаў. Гэта ніколі нельга выпускаць з поля зроку.

— Што дапамагае вам падтрымліваць свой эма­цыянальны рэсурс, каб ажыццяўляць так шмат розных спраў?

— Канечне, мая сям’я — мой галоўны жыццёвы рэсурс. А яшчэ дапамагае ўсведамленне таго, што ўсе мы робім вялікую і важную справу. Гэта цудоўна — бачыць вынікі сваёй працы ў кожным навучэнцы і разумець, што мы не проста выхоўваем прафесіянала, асобу, а разам развіваем нашу краіну.

— Дзяніс Валер’евіч, шчыра дзякую вам за размову!

Гутарыла Дар’я РЭВА.