Кіраўніцтва Міністэрства адукацыі і яго супрацоўнікі прынялі ўдзел у агульнагарадскім суботніку

- 17:30Актуально, Новости

Прадстаўнікі адукацыйнага ведамства добраўпарадкавалі сквер ля Ратамскай сярэдняй школы і новы інтэрнат БДУІР. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнтаў “Настаўніцкай газеты”.

Незалежнасць краіны — справа кожнага

У час працоўнага дэсанту ў Ратамцы Мінскага раёна міністр адукацыі Андрэй Іванец разам са сваім намеснікам Сяргеем Рудым і супрацоўнікамі ведамства абрэзалі сухастой, сабралі апалае лісце і пасадзілі са­джанцы. А затым усклалі кветкі да абеліска на брацкай магіле савецкіх воінаў і магілы Героя Савецкага Саюза Мікалая Ішуціна. Пад яго камандаваннем стралковы батальён 207-га Гвардзейскага стралковага палка 70-й Гвар­дзейскай стралковай дывізіі 13-й арміі Цэнтральна фронту з 20 па 30 верасня 1943 года паспяхова фарсіраваў Днепр і Прыпяць. За гэты час ён адбіў некалькі фашысцкіх атак.

— Ратамская сярэдняя школа размяшчаецца на вуліцы Героя Савецкага Саюза Мікалая Ішуціна. Ён быў жыхаром Ратамкі і ўнёс важкі ўклад у гады Вялікай Айчыннай вайны ў цэлы шэраг падзей. Навядзенне парадку ў такіх памятных месцах — вельмі важны ўклад у захаванне нашай гістарычнай памяці. У Год міру і стварэння мы павінны яшчэ раз падкрэсліць: мы — беларусы — памятаем сваю гісторыю і шануем подзвіг савецкага народа. Самае галоўнае — мы павінны глядзець у будучыню і разумець, што мір знаходзіцца ў нашых руках, а незалежнасць нашай краіны — справа кожнага чалавека. Думаю, кожны жыхар Ратамкі і іншых найбліжэйшых населеных пунктаў з задавальненнем прыходзіць у гэты сквер для ўшанавання памяці нашых герояў, — сказаў А.Іванец.

Ён нагадаў, што такія акцыі маюць сістэмны характар. Міністэрства адукацыі праводзіць вялікую работу, каб за кожнай школай быў замацаваны помнік, мемарыял, памятнае месца, у якім нашы юнакі і дзяўчаты будуць пастаянна падтрымліваць парадак, вывучаць архіўныя матэрыялы, гісторыю.

Кожны школьнік павінен усведамляць, што яго малая радзіма — гэта таксама памятнае месца той трагічнай і ў той жа час гераічнай старонкі нашай краіны. Вельмі хацелася б, каб той пасільны ўклад, які ўнеслі супрацоўнікі нашага ведамства, застаўся на доўгія гады, каб усе жыхары Ратамкі і навучэнцы, прыходзячы сюды, з задавальненнем бавілі тут свой час, прыводзілі сюды сваіх дзяцей і перадавалі ім нашу гісторыю, — выказаў спадзяванне міністр адукацыі.

У сваю чаргу дырэктар Ратамскай сярэдняй школы Т.У.Касіловіч падкрэсліла, што іх установа была пабудавана ў 1967 го­дзе. Пасля яе адкрыцця настаўнікі разам з вучнямі заклалі сквер.

— Традыцыйна тут праходзяць мітынгі, прысвечаныя Дню Перамогі, Дню Незалежнасці, Дню народнага адзінства, прыём у піянеры, камсамольцы, БРСМ. У нашай школе дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб “Застава”, яго выхаванцы перыядычна праводзяць акцыі, накіраваныя на добраўпарадкаванне парку. Дарэчы, у нас распрацаваны план мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, бо гэта сапраўды знакавая падзея для ўсёй краіны. У нас запланаваны розныя мерапрыемствы, у тым ліку афармленне дакументаў на прысваенне школе імя героя Мікалая Фёдаравіча Ішуціна, — паведаміла Таццяна Уладзіміраўна.

Прынцыпы справядлівасці

Затым міністр адукацыі сустрэўся з педагогамі Мінскага раёна ў Ратамскай сярэдняй школе.

— Сёння асаблівая ўвага ўдзяляецца падтрымцы сельскай школы. Мы выдатна разумеем, што педагогі, якія тут працуюць, адданыя сваёй прафесіі, і мы гэта вельмі шануем. У жніўні пры маніторынгу падрыхтоўкі школ да новага навучальнага года мы былі асаб­ліва ўважлівымі да школ з багатай гісторыяй. Да 1 лістапада збяром усе планы па правядзенні капітальных і бягучых рамонтаў з усіх школ краіны. А з наступнага года пачнём рэалізоўваць маштабную праграму па мадэрнізацыі і прывядзенні ў парадак школ, якія ў гэтым маюць асаблівую патрэбу. Хоць асабіста я ўпэўнены, што не сцены робяць установу адукацыі, а тыя педагогі, якія ў ёй працуюць, — лічыць Андрэй Іванец.

Ён анансаваў, што ў хуткім часе адбудзецца чарговы вялікі рэспубліканскі се­мінар для педагогаў, у тым ліку па ўвахо­джанні ў прафесію маладых кадраў.

— Мы будзем рабіць перафармаціраванне структуры падрыхтоўкі педагогаў нашай краіны. Напрыклад, у Інстытуце псіхалогіі БДПУ конкурсы вялікія і няма праблем з наборам. Аднак там прымаецца толькі 20% бюджэтнікаў і 80% платнікаў, мы будзем гэта перайначваць, бо псіхолагі вельмі патрэбны, гэтак жа, як і педагогі-дэфектолагі. Мы стараемся арыентаваць нашу моладзь на тыя спецыяльнасці, якія сапраўды неабходны сістэме адукацыі. Сёлета ўжо сур’ёзна павялічаны набор на педагагічныя спецыяльнасці, які і далей будзе ўзрастаць, — дадаў Андрэй Іванавіч.

Былі закрануты і пытанні мэтавага набору, навучання ў педагагічных і інжынерных класах, вынікі правядзення ЦЭ і ўнутранага экзамену.

— Мы будзем уносіць змяненні ў правілы прыёму. Так, адным з крытэрыяў адбору мэтавікаў на педспецыяльнасці стане прахадны парог: прэтэндэнт на мэтавае навучанне павінен мець сярэдні бал атэстата не ніжэйшы за 7. У гэтым годзе правялі сур’ёзны аналіз, і тыя абітурыенты, якія здавалі ўнутраны экзамен, засталіся больш задаволенымі, чым тыя, хто здаваў ЦТ. Некаторыя з іх здавалі і экзамен, і тэсціраванне, а пасля сказалі, што экзамен аказаўся лягчэйшым за ЦТ, — расказаў міністр.

Па яго словах, у гэтым годзе вучні сельскіх школ з ЦЭ справіліся не горш, чым навучэнцы гарадскіх устаноў, што таксама радуе.

— З кожным годам складанасць ЦЭ будзе пакрыху павялічвацца. Ужо ў тэсты РТ мы пачалі вяртаць заданні пятага ўзроўню складанасці: руская (беларуская) мова — па 4 заданні, фізіка — 1, матэматыка, грамадазнаўства, англійская мова — па 2, сусветная гісторыя і гісторыя Беларусі — па 3. Але яны пакуль на мяжы 4—5 узроўню складанасці. Структуру тэстаў не мяняем: частка А — 25% заданняў, частка В — 75%. Дарэчы, для нульбальнікаў у наступным го­дзе ўводзім паслабленне: яны змогуць пера­здаць ЦЭ ў жніўні, атрымаць атэстат і пайсці ў каледж. Аднак тыя, хто будзе спіс­ваць, такой магчымасці пазбавяцца. ЦЭ яны змогуць пераздаць толькі ў наступным го­дзе, бо прынцып справядлівасці ніхто не адмяняў, — праінфармаваў А.Іванец.

Што тычыцца праверкі бланкаў ЦЭ і ЦТ, то яна будзе празрыстай.

— Як толькі РІКВ адсканіруе бланкі, іх размесцяць у асабістым кабінеце навучэнца. Ён зможа сам іх праглядзець, ацаніць сябе і падлічыць балы. Заданні ў частцы А — 1 першасны бал, у частцы В — 2 балы. Побач будуць размешчаны і пераводныя таблічкі. Мы мяняць нічога не будзем, — патлумачыў міністр адукацыі. Ён нагадаў і аб правядзенні Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі:

Упершыню правядзём аналіз якасці адукацыі. Нанова стваралі ўвесь метадычны матэ­рыял для ацэнкі функцыянальнай пісьменнасці. Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі — гэта зрэз ведаў вучняў 8 і 10 класаў, які будзем праводзіць раз у два гады. Функцыянальная пісьменнасць павінна быць адным з элементаў школьнай адукацыі, які пры гэтым будзе арганічна інтэграваны ва ўсю сістэму падрыхтоўкі.

Міністр адукацыі таксама звярнуў павышаную ўвагу на пытанні выхавання. На яго думку, патрыятычнае выхаванне — гэта базавыя каштоўнасці, у тым ліку павага да старэйшых, захаванне парадку:

— Калі вучань будзе працаваць, то будзе ведаць цану сваёй працы і навакольных. Акцэнты трэба расставіць і на дзейнасці бацькоўскага ўніверсітэта, таму што неабходна павы­шаць кваліфікацыю бацькоў. Усе метадычныя матэрыялы для педагогаў ёсць, і іх трэба даводзіць да бацькоў і навучэнцаў, напрыклад, пры дапамозе спасылак у вашых чатах. Сёння работа з бацькамі — нумар адзін, нават больш важная, чым работа з навучэнцамі.

Да таго ж міністр параіў настаўнікам арыентаваць сваіх вучняў на праходжанне ўдасканаленага “ПрофіТэста”, які дапаможа з вызначэннем будучай прафесіі, а таксама як мага больш наведваць прадпрыемствы і знаёміць старшакласнікаў з патэнцыяльнымі заказчыкамі кадраў.

Міністэрства адукацыі праводзіць вялікую работу, каб за кожнай школай быў замацаваны помнік, мемарыял, памятнае месца, у якім нашы юнакі і дзяўчаты будуць пастаянна падтрымліваць парадак, вывучаць архіўныя матэрыялы, гісторыю.

***

У работах па прывядзенні ў парадак новага, пятага інтэрната БДУІР перад здачай яго ў эксплуатацыю прынялі ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч, намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, рэктар БДУІР Вадзім Богуш.

Прадстаўнікі міністэрства азнаёміліся з умовамі пражывання ў інтэрнаце і разам са студэнтамі выканалі шэраг работ па добраўпарадкаванні аб’екта, вынеслі будаўнічае смецце, прыбралі пакоі інтэрната, расставілі мэблю.

— Забяспечанасць інтэрнатамі студэнтаў у Мінску высокая, хоць і не стапрацэнтная. Але ўсім першакурснікам у абавязковым парадку даецца такое права, — адзначыў Аляксандр Кадлубай. — Магчымасць атрымаць месца ў інтэрнаце сёння дысцыплінуе студэнта, дазваляе ўніверсітэту правільна выбудаваць гэты працэс, скласці рэйтынгавую сістэму (назапашванне балаў) для таго, каб малады чалавек імкнуўся засяліцца ў інтэрнат, шанаваў гэтую прывілею.

Новы інтэрнат спраектаваны такім чынам, што ўяўляе сабой жылы комплекс — асобны 20-павярховы будынак для пражывання 530 студэнтаў БДУІР, які спалучаны з 11-павярховым будынкам для 500 студэнтаў медуніверсітэта.

— Па ўзроўні камфортнасці новабудоўлю можна параў­наць з інтэрнатамі студэнцкай вёскі ў Мінску, — расказаў Вадзім Богуш. — І хаця студэнты БДУІР і БДМУ будуць жыць паасобку, для іх створаны агульныя пляцоўкі для правядзення культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў. Каб паскорыць працэс засялення, сфарміраваны студэнцкія брыгады, якія дапамагаюць будаўнікам, штодзень удзельнічаюць у работах па прыбіранні памяшканняў інтэрната. Сёння, напрыклад, з намі працуе старшыня студсавета БДУІР Іван Сідарук. Робяць гэта маладыя людзі добраахвотна, хоць і маюць пэўную матывацыю: актывісты атрымаюць першачарговае права жыць у новабудоўлі.

У інтэрнаце прадугледжана пражыванне ў блоках з 1—2 пакоямі, разлічанымі на два ці тры чалавекі, са сваёй кухняй, душавой і санвузлом. На кожным паверсе знаходзіцца пакой для самападрыхтоўкі. Студэнты змо­гуць праводзіць мерапрыемствы ў канферэнц-зале, карыстацца сталовай, буфетам і пральняй, наведваць трэнажорную залу, займацца з псіхолагам. У будынку створана безбар’ернае асяроддзе. 

Засяленне ў інтэрнат адбу­дзецца, як толькі будзе праведзены ўвесь комплекс пуска-наладачных работ. 

Вольга АНТОНЕНКАВА і Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтараў