Класная гадзіна — тэрыторыя дыялогу: агляд ліпеньскага нумара часопіса «Народная асвета»

- 16:30Журнал "Народная асвета", Новости

Што неабходна нас­таўніку, каб стаць сапраўдным майстрам? Любоў да дзяцей? Дабрыня і спагадлівасць? Шырокая эрудыцыя, глыбокія навуковыя веды? Безумоўна. Але ўсяго гэтага бу­дзе недастаткова. Чаму? Таму што ў штодзённай працы настаўніка няма аднолькавых сітуацый, аднолькавых урокаў. Бываюць моманты, і даволі часта, калі рэакцыя педагога павінна быць дакладнай і імгненнай. І тут вельмі патрэбны развітая інтуіцыя і творчыя здольнасці. Як гэтаму навучыцца? Толькі праз вопыт.

Мяркуючы па тым, як у Пінскім каледжы Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна арганізавана падрыхтоўка будучых настаўнікаў, свое­асаблівым “інтуіцыязнаўст­вам” тут з’яўляецца педагагічная практыка, да якой ставяцца вельмі сур’ёзна. А развіццю творчых здольнасцей будучых настаўнікаў і выхавальнікаў спрыяе і праектная дзейнасць, і работа з інавацыйным абсталяваннем у лабараторыях прафесійнай накіраванасці, і ўдзел у семінарах, практыкумах, тэатралізаваных занятках па педагогіцы, і падрыхтоўка праф­арыентацыйных гульняў для школьнікаў. Выкладчыкі Пінскага каледжа маюць эксклюзіўны вопыт: яны выдатна валодаюць — увага! — методыкай навучання методыцы навучання. Матэрыялы, якія пінскія педагогі прадстаў­ляюць у ліпеньскім выпуску рубрыкі “Люстэрка прафесійнай адукацыі”, могуць стаць цэлым параграфам у падручніку па развіцці педагагічнага чуцця, інтуіцыі і крэатыўнасці.

А яшчэ запрашаем вас, паважаныя чытачы, паразважаць над актуальным для ўсіх педагогаў пытаннем “Веды і інфармацыя: у чым адрозненне?”, якое ўзнімае ў сваім артыкуле рэктар БДУ, доктар педагагічных навук, прафесар Андрэй Кароль. Артыкулы-разважанні Андрэя Дзмітрыевіча вяртаюць усіх, хто адказны за выпіску пуцёўкі ў жыццё маладому пакаленню, да вытокаў галоўнай ідэі педагагічнай дзейнасці, вытанчана звязваюць з рэальнасцю і прымушаюць задумацца, які стратэгічны шлях развіцця сістэмы адукацыі будзе карысны як для самога чалавека, так і для дзяржавы.

Прапануем звярнуць увагу на новую рубрыку “Адукацыйная прастора рэгіёна” ўсіх тых, хто займаецца метадычнай падрыхтоў­кай настаўнікаў, — шырокую палітру метадычных ідэй прадстаўляюць педагогі Наваполацка. Што такое гнуткія навыкі (soft skills) і як іх развіваць у дзяцей? Якімі лідарскімі якасцямі павінен валодаць педагог? Як падрыхтаваць класных кіраўнікоў да прафарыентацыйнай работы з вучнямі?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні вы знойдзеце ў матэрыялах аднайменных майстар-класаў, семінараў-практыкумаў, метадычных аб’яднанняў.

Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар часопіса