Акцыя “Нашы дзеці” дае магчымасць яшчэ раз звярнуць увагу на дзяцей, якія трапілі ў няпростую жыццёвую сітуацыю, і падкрэслівае значнасць кожнага дзіцяці. Такое меркаванне выказаў у час наведвання Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната Докшыцкага раёна старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка.
Гэтую сацустанову Уладзімір Андрэйчанка наведвае ў час навагодніх свят штогод на працягу ўжо амаль дзесяці гадоў. “Я рады, што традыцыя працягваецца, і рады гэтым сустрэчам. Дзякуючы ёй, акцыі “Нашы дзеці”, у нас, дарослых, ёсць магчымасць таксама акунуцца ў дзяцінства”, — сказаў спікер.
Уладзімір Андрэйчанка асабліва падкрэсліў, што ўсе, незалежна ад таго, дзе і ў якой сям’і нарадзіліся, павінны мець шчаслівае дзяцінства. Таму, на яго думку, вельмі важна, што ў гэтыя пераднавагоднія дні кіраўнікі высокага ўзроўню, мясцовых органаў улады наведваюць дзіцячыя дамы, бальніцы, школы-інтэрнаты, каб павіншаваць дзяцей са святам і падарыць ім падарункі. “Але клопат, увага для такіх дзяцей важнейшыя. У сувязі з гэтым велізарную ролю адыгрывае акцыя “Нашы дзеці”, якая штогод праходзіць у краіне. Яна падкрэслівае значнасць кожнага дзіцяці, дазваляе яшчэ раз звярнуць увагу на тых, хто трапіў у няпростую жыццёвую сітуацыю, дае дадатковую магчымасць падарыць ім часцінку цяпла, каб яны верылі ў дабро, сваю будучыню, у тое, што патрэбны сваёй краіне. Для гэтага ў Беларусі робіцца ўсё”, — рэзюмаваў старшыня Палаты прадстаўнікоў. Ён пажадаў дзецям здароўя, добрага настрою, шчасця, здзяйснення жаданняў, веры ў сябе і свае сілы, а таксама помніць аб тым, што для дасягнення пастаўленых мэт неабходна добра вучыцца.
Акрамя таго, у размове з журналістамі Уладзімір Андрэйчанка акрэсліў асноўныя вынікі мінулага года. Шмат чаго ўдалося зрабіць: у бягучым годзе забяспечаны рост эканомікі ў краіне, павысіліся даходы насельніцтва, забяспечана стабільнасць. І самае галоўнае — значна вырас аўтарытэт Беларусі на міжнароднай арэне”, — сказаў спікер. Ён выказаў надзею, што надыходзячы год будзе лепшым.
Самыя шчырыя віншаванні і словы ўдзячнасці за працу былі адрасаваны гасцямі педагагічнаму калектыву школы-інтэрната. “Вялікі дзякуй за цяпло душы, якім вы дзеліцеся са сваімі выхаванцамі, у тым ліку выпускнікамі, бо многія з іх нярэдка ў далейшым вяртаюцца да вас, сваіх настаўнікаў, за парадай або падтрымкай. Клопатам і ўвагай вы саграваеце сэрцы і станоўча ўплываеце на лёсы гэтых дзяцей”, — падкрэсліў старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук.
Прыемным пачаткам свята для дзяцей стала ўручэнне салодкіх падарункаў, пасля чаго пачаўся навагодні паказ. Казка, падрыхтаваная выхаванцамі, знайшла гарачы водгук у гледачоў, якія сабраліся ў зале. Апладысменты суправаджалі кожнае выступленне юных артыстаў.
Фота БелТА.