Беларускія заказнікі распачынаюць унікальнае для нашай краіны супрацоўніцтва з установамі адукацыі, і гэты вопыт у далейшым плануецца пашырыць у маштабах усёй краіны.
Зялёныя школы пад адкрытым небам
Чатыры найбуйнейшыя асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі — заказнікі “Азёры”, “Налібоцкі”, “Асвейскі” і “Красны Бор” — аб’ядналіся са школамі, размешчанымі паблізу, у сетку клубаў юных эколагаў. Першапраходцамі ў эксперыменце сталі Асвейская сярэдняя школа Верхнядзвінскага раёна, Клясціцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа імя У.А.Хамчаноўскага Расонскага раёна (Віцебская вобласць), сярэдняя школа № 1 Валожына Мінскай вобласці і Азёрская сярэдняя школа Гродзенскага раёна.
Новы фармат экалагічнага навучання дапаможа дзецям асвоіць культуру зялёных паводзін і пашырыць веды пра экатурызм. У аснову ініцыятывы ляглі напрацоўкі раней рэалізаваных экалагічных і адукацыйных праектаў Праграмы развіцця ААН у Беларусі.
Праект “Развіццё экалагічнага турызму для садзейнічання зялёнаму пераходу да інклюзіўнага і ўстойлівага росту” рэалізуецца ПРААН сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі пры фінансавай падтрымцы Расіі. Яго галоўныя мэты — развіццё экатурызму, стварэнне турыстычных кластараў вакол пілотных заказнікаў, іх тэхнічнае аснашчэнне і развіццё інфраструктуры, а таксама ўмацаванне супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння паміж заказнікамі, мясцовымі органамі ўлады, прыватным бізнесам, мясцовым насельніцтвам і ўстановамі адукацыі.
Створаныя клубы юных эколагаў ужо аб’ядналі больш за 100 чалавек — 80 школьнікаў і 20 экспертаў-эколагаў. Дзеці будуць знаёміцца з раслінным і жывёльным светам запаведных тэрыторый, атрымліваць веды пра важнасць захавання прыроды і біяразнастайнасці для дабрабыту чалавека, а яшчэ паспрабуюць гэтаму спрыяць самі.
Клубы юных эколагаў наладзяць узаемадзеянне з абласнымі клубамі экалагічнага маніторынгу, рэгіянальнымі рэсурснымі цэнтрамі і зялёнымі школамі. У перспектыве магчыма развіццё экалагічнага валанцёрскага руху.
Клубы юных эколагаў наладзяць узаемадзеянне з абласнымі клубамі экалагічнага маніторынгу, рэгіянальнымі рэсурснымі цэнтрамі і зялёнымі школамі. У перспектыве магчыма развіццё экалагічнага валанцёрскага руху.
Да створанай сеткі клубаў юных эколагаў падключыліся спецыялісты кафедры заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У планах — пашырыць колькасць партнёрскіх УВА ў Віцебскай і Мінскай абласцях і наладзіць узаемадзеянне на ўзроўні УВА — школа — прыродаахоўныя ўстановы.
Першыя крокі
Першыя сумесныя мерапрыемствы заказнікаў і сеткі клубаў юных эколагаў прайшлі летам. Так, школьнікі з Клясціцаў правялі і экаэкспедыцыю, і валанцёрскія акцыі па пасадцы лесу і навядзенні парадку ў ім, і школьны фестываль “Дзеці на зялёнай планеце”, і інш. Запамінальнай для іх была і акцыя “Экалагічны мост”, якая ўключала ў сябе шэраг інтэрактыўных мерапрыемстваў і экскурсіі ў заказнікі “Красны бор” і “Сіньша”. Да інклюзіўнага экалагічнага квеста далучыліся людзі з інваліднасцю з аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і людзей пажылога ўзросту гарадскога пасёлка Расоны.
Таццяна Мельман, дырэктар Клясціцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя У.А.Хамчаноўскага, гаворыць: “Экалагічае краязнаўства для нас — кірунак не новы, бо мы ўжо больш як 10 гадоў працуем па розных краязнаўчых праектах і апошнія гады тры нашы навучэнцы актыўна займаюцца даследаваннямі на тэрыторыі заказніка па экалагічным і гістарычным краязнаўстве. Але, дзякуючы гэтаму новаму праекту, нашы дзеці змогуць больш даведацца пра прыродаахоўныя тэрыторыі, паглыбяцца ў гэтую тэму, наша ўстанова атрымае сродкі на набыццё тэматычнай літаратуры, абсталявання для правядзення назіранняў у прыродзе і правядзення доследаў. Нашы навучэнцы ўжо не раз паспяхова выступалі на абласных і рэспубліканскіх канферэнцыях са сваімі даследаваннямі па прыродаахоўных тэрыторыях, а цяпер, думаю, гэты кірунак у нас будзе толькі пашырацца”.
Навучэнцы Азёрскай сярэдняй школы збіраюцца добраўпарадкаваць экалагічныя стаянкі ў сваім аграгарадку і наладзіць навуковыя зносіны з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купала. Па словах Алены Алегаўны Свякло, кіраўніка школьнага экалагічнага клуба “ЮнЭК”, акрамя ўласна экскурсій у заказнік, у планах — сумесны з навукоўцамі збор батанічных і энтамалагічных калекцый і іх сумеснае даследаванне.
Асноўная мэта клубаў — стварыць дадатковыя магчымасці для развіцця экалагічнай адукацыі і асветы дзяцей і іх бацькоў, а таксама аб’яднаць мясцовых жыхароў, каб захаваць унікальнае навакольнае асяроддзе заказнікаў.
Клуб юных эколагаў Асвейскай сярэдняй школы збіраецца засяродзіцца на арніталогіі. Як расказала настаўніца біялогіі і геаграфіі Таццяна Іванаўна Едчык, цеснае супрацоўніцтва з заказнікам дапаможа спалучаць тэарэтычнае экалагічнае навучанне школьнікаў з практыкай, бо ў межах праекта прадугледжаны заняткі на прыродзе: “У нашым Асвейскім заказніку будзе створана станцыя па кальцаванні птушак, і нашы школьнікі змогуць даведацца, навошта кальцуюць птушак, як гэта робяць і якія звесткі можна атрымаць такім чынам. Акрамя таго, мы будзем вывучаць відавую разнастайнасць птушак і жывёл у заказніку і спрыяць іх ахове”.
Галоўнай падзеяй лета для валожынскіх школьнікаў стала экскурсія ў рэспубліканскі заказнік “Налібоцкі”, які мае міжнародны статус ключавой батанічнай тэрыторыі і тэрыторыі рэгіянальнага значэння, важнай для птушак. У цэнтры іх увагі таксама была птушыная тэма, бо ў заказніку знаходзіцца першы і пакуль адзіны гадавальнік па вырошчванні глушцоў. Па словах намесніка дырэктара заказніка Сяргея Іванавіча Тумеля, гэты гадавальнік быў створаны ў 2016 годзе, яго галоўная задача — захаваць заходнееўрапейскі падвід так званага глушца Маера, які знаходзіцца на мяжы знікнення. Усяго ў Беларусі налічваецца прыкладна 400 асобін, большасць з іх насяляюць Налібоцкую пушчу. Гадавальнік глушцоў — праект пілотны, яго можна лічыць пачаткам цікавага эксперымента. Ён дазволіць захаваць біяразнастайнасць нашай прыроды, прадухіліць знікненне аднаго з выдатных яе стварэнняў.
Працуюць у Налібоцкай пушчы і над аднаўленнем папуляцыі дзікіх коней. Тры гады назад сюды з Нідэрландаў прывезлі 150 коней, кожнага з якіх чыпіравалі і адпусцілі на тэрыторыю пушчы. Новы дом прыйшоўся навасельцам даспадобы, бо неўзабаве статак папоўніўся маладымі жарабятамі. Цяпер назіраць за імі яшчэ цікавей! Падчас экскурсіі па заказніку школьнікаў правялі тымі сцежкамі, якія выбіраюць коні, таму кожны змог палюбавацца цудам прыроды на адлегласці выцягнутай рукі. Дзікія коні людзей не баяцца. На сёння ў заказніку іх ужо больш за 300.
Навучымся самі — навучым іншых
У межах новага праекта клубы юных эколагаў будуць аснашчацца метадычнымі і інтэрактыўнымі вучэбнымі матэрыяламі, абсталяваннем, неабходным для развіцця экалагічных ведаў. Будуць распрацоўвацца мабільныя гульнявыя дадаткі на экалагічную тэматыку і наладжвацца сувязі паміж самімі клубамі і аналагічнымі фарміраваннямі на базе іншых устаноў Беларусі (зялёнымі школамі, клубамі экалагічнага маніторынгу і інш.). Для ўдзельнікаў клубаў юных эколагаў заняткі будуць праводзіць вядучыя эколагі, даследчыкі, навукоўцы і прадстаўнікі розных зацікаўленых арганізацый. Плануецца, што ўдзельнікі клубаў юных эколагаў выступяць у якасці валанцёраў падчас арганізацыі і правядзення экаакцый і мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё экатурызму на тэрыторыі заказнікаў. Гэта фестывалі, дні адкрытых дзвярэй, квесты, кулінарныя і рамесніцкія майстар-класы, анімацыйныя праграмы і іншыя творчыя праекты.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Клясціцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя І.А.Хамчаноўскага.