Трэба ствараць для маладых вучоных умовы, каб яны маглі рэалізоўваць свой навуковы і творчы патэнцыял, былі лакаматывамі і цягнулі са сабой усіх астатніх. Такое меркаванне міністр адукацыі Андрэй Іванец выказаў падчас выязнога пасяджэння савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь, якое праходзіла на базе Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Лейтматывам сустрэчы стала пашырэнне магчымасцей кааперацыі ў навуцы для дасягнення больш высокіх вынікаў. Як падкрэсліў міністр, на гэта ў тым ліку нацэлены шэраг праведзеных мерапрыемстваў і найперш — ІІ Рэспубліканскі форум маладых вучоных устаноў вышэйшай адукацыі. Таксама А. Іванец адзначыў Фестываль навукі, што адбыўся ў Цэнтральным батанічным садзе НАН: «Цудоўная магчымасць для таго, каб даволі шырокай аўдыторыі паказаць, чым жыве сёння навука. Цікавасць да яе не згасае і непасрэдна залежыць ад нашай з вамі актыўнасці». Дзень навуковай моладзі ў Полацку, на думку міністра, паказаў сябе як «вельмі ўдалая такая проба пяра». Мяркуецца, што ў наступным годзе аналагічнае мерапрыемства прыме новая маладзёжная сталіца нашай краіны. Між тым у перспектыве на парадку дня рэалізацыя яшчэ адной важнай ініцыятывы — «Школы маладога вучонага». А. Іванец выказаў пажаданне, каб адукацыйны інтэнсіў атрымаўся не проста цікавым, а карысным у кожным з яго складнікаў — ад падрыхтоўкі навуковай публікацыі да пошукаў крыніц фінансавання даследаванняў.
— Мы штогод у наш план дабаўляем адно буйное значнае мерапрыемства, таму чакаем ад вас прапаноў, — звярнуўся да ўдзельнікаў пасяджэння міністр адукацыі. — Асабліва хацелася б пачуць прадстаўнікоў рэгіёнаў. Сабраліся ў Віцебску, каб у вас была магчымасць не толькі заслухаць, што зроблена сёлета, і вызначыць задачы на наступны год, але і на працягу двух дзён азнаёміцца з універсітэтамі горада, паглядзець, чым жывуць калегі. Так, я ўпершыню наведаў акадэмію ветэрынарнай медыцыны, якая з’яўляецца адным з найбуйнейшых навуковых цэнтраў па падрыхтоўцы кадраў для аграпрамысловага комплексу краіны. Яе выкладчыкі і студэнты заслугоўваюць высокую ацэнку: тое, што яны робяць сваімі рукамі, дастойнае вялікай павагі. Гэтае пасяджэнне — добрая пляцоўка, каб вы сустрэліся, пазнаёміліся, абмяняліся ідэямі і кантактамі. Бо ў навуковым жыцці самае галоўнае — наяўнасць моцных, надзейных сяброў-вучоных, з якімі можна праводзіць міждысцыплінарныя даследаванні, вырашаць сур’ёзныя задачы, пастаўленыя сёння перад навукай.
Сярод ключавых напрамкаў работы савета маладых вучоных міністр зрабіў акцэнт на пошуку і падтрымцы кандыдатур на атрыманне стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аспірантам, якія выконваюць дысертацыйныя даследаванні па прыярытэтных напрамках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі і навуковых арганізацыях, а таксама на ўдзеле ў конкурсе маладзёжных ініцыятыў і рэспубліканскім маладзёжным праекце «100 ідэй для Беларусі». Прыкладам для распаўсюджвання А. Іванец назваў вопыт ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай па ўзаемадзеянні з грамадскімі арганізацыямі.
— Мы павінны ствараць умовы для таго, каб моладзь магла рэалізоўваць свой навуковы і творчы патэнцыял, была лакаматывам і цягнула за сабой усіх астатніх, — падкрэсліў кіраўнік ведамства.
Падчас пасяджэння ўдзельнікі расказалі аб асноўных напрамках, па якіх развіваецца ўніверсітэцкая навука ў рэгіёнах, азнаёміліся з патэнцыялам і дасягненнямі вядучых навуковых школ Віцебшчыны, матэрыяльна-тэхнічнай базай і лабараторыямі ВДАВМ і ВДУ імя П.М. Машэрава.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара