Колер настрою — зялёны! Даўжанскі лагер «ЭКАсвет» запрасіў школьнікаў на вандроўку за руку з прыродай

- 14:25Новости

Выхаваўча­-аздараўленчы лагер “ЭКАсвет” Даўжанскай сярэдняй школы Віцебскага раёна запрашае школьнікаў у захапляльную вандроўку за руку з прыродай. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У гэтай установы адукацыі багатыя традыцыі прыродаахоўнай дзейнасці. Даўжанскае школьнае лясніцтва “Ялінка” — адно з найстарэйшых у краіне, яно дзейнічае з 1966 года.

Асаблівую ўвагу экалагічнай тэме ў школе пачынаюць удзяляць з 1 класа. У 5—8 класах дзецям прапаноўваюцца факультатыўныя заняткі “Зялёныя школы”, з 8-га на павышаным узроўні вывучаецца біялогія. Хлопчыкі і дзяўчынкі ахвотна ўступа­юць у школьнае лясніцтва, бо дакладна веда­юць: там цікава. Юныя лесаводы паглыблена вывучаюць раслінны і жывёльны свет, са­дзяць дрэвы, робяць сінічнікі і шпакоўні і г.д. Даўжанскія школьнікі паспяхова ўдзельні­чаюць у конкурсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, займаюцца навукова-даследчай работай. Дзякуючы сваім эколага-біялагічным даследванням, ажно восем навучэнцаў школы сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэс­публікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Багатыя напрацоўкі экалагічнага профілю не першы год становяцца надзейным падмуркам для работы летняга выхаваўча-аздараўленчага лагера, які наведваюць дзеці з 2 па 6 клас. Па словах намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце школы начальніка лагера “ЭКАсвет” Таццяны Ульянавай, яго выхаванцы паглыбляюць веды аб прыродзе, знаёмяцца з работай лесаводаў, рэалізуюць карысныя праекты і асвойваюць азы даследчай дзейнасці. На­прыклад, у мінулым годзе кожны юны сябар экалогіі вырошчваў у шклянцы свой парастак фасолі, старанна апісваючы і аналізуючы ўвесь працэс. Каб было цікавей, узялі глебу некалькіх відаў, па-рознаму палівалі, а шклянкі размяшчалі як у сонечных, так і ў зацененых месцах. Даследаванне не завяршылася і пасля заканчэння лагернай змены. Дзеці пасадзілі сваю фасолю на хатніх градках і працягнулі за ёй назіраць.

Праграма сёлетняга лагера “ЭКАсвет” уключае ў сябе знаёмства з зялёнымі насельнікамі вялікага школьнага дэндрапарку, экскурсію ў Лосвідскае лясніцтва Віцебскага лясгаса, збор лекавых раслін, стварэнне арыгамі, малюнкаў прыроднай тэматыкі, пазнавальныя гульні. У іх ліку, напрыклад, інтэлектуальная віктарына “Экалагічнае казіно”, падчас якой дзеці ў цікавай форме набываюць новыя веды.

Займаюцца з дзецьмі не толькі выхавальнікі. На добраахвотных асновах ім дапамагаюць вопытныя члены школьнага лясніцтва: яны праводзяць цікавыя заняткі і экскурсіі. Дарэчы, у іх ліку васьмікласніца Кацярына Кручанава, прабабуля якой у свой час стаяла ля вытокаў стварэння “Ялінкі”, а бабуля была ў ліку першых членаў гэтага аб’яднання.

— Лагерная змена дапамагае дзецям падрыхтавацца да ўступлення ў школьнае лясніцтва, што становіцца магчымым пасля заканчэння 5 класа. Чатырох наведвальнікаў лагера, якія дасягнулі адпаведнага ўзросту, мы прама падчас змены ўрачыста прынялі ў члены нашай “Ялінкі”. Такім чынам працягваем забяспечваць пераемнасць пакаленняў у такой важнай справе, як клопат аб прыродзе, — адзначае Таццяна Аляксееўна.

Лагер працуе і па іншых кірунках. Згодна з яго канцэпцыяй, кожны дзень — гэта сцяжынка, па якой вандруюць дзеці і выхавальнікі. Яны ходзяць сцяжынкамі бяс­пекі, здароўя і спорту, правоў і абавязкаў, роднай мовы, прафарыентацыі і інш. Сімвалічна, што з фотаздымкаў, якія ілюстру­юць жыццё лагера, у холе школы ствараюць вялікае дрэва.

Аксана МЫЦЬКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА