Колькі выпускнікоў агракласаў выбіраюць БДСГА, хто вучыцца ў “Малой акадэміі” і ўдзельнічае ў конкурсе “АграНТРІ Беларусь”, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
У школах краіны налічваецца звыш 340 агракласаў. У іх больш за 2,4 тысячы старшакласнікаў вучацца асновам прафесій сельскагаспадарчага профілю. У тройцы лідараў па колькасці такіх класаў — Віцебская, Мінская і Магілёўская вобласці. Сёлета выпускнікамі 64 аграрных класаў Магілёўшчыны сталі 437 чалавек. З іх 28 сёння — першакурснікі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.
— Каля 15% выпускнікоў агракласаў прыходзяць у чатыры аграрныя ўстановы вышэйшай адукацыі краіны: БДСГА, БДАТУ, ВДАВМ і ГДАУ. Кожная УВА працуе з усімі школамі, дзе адкрыты агракласы, таму ўсяго сёлета да нас паступілі 76 чалавек з Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Мінскай абласцей, у тым ліку і 34 мэтавікі. На дні адкрытых дзвярэй прыязджаюць школьнікі разам са сваімі настаўнікамі. Наогул ад педагогаў залежыць, ці прыйдуць да нас абітурыенты, бо менавіта яны — галоўныя аўтарытэты для вучняў. Пры гэтым мы стараемся актыўна працаваць і з бацькамі, бо калі яны будуць разумець усе нюансы навучання, то змогуць паўплываць на сваіх дзяцей, — расказаў рэктар БДСГА Віталь Веліканаў.
Зразумела, што кожны год колькасць як выпускнікоў агракласаў, так і тых, хто паступае ў сельгасакадэмію, вар’іруецца. Хаця ў акадэміі вядзецца маштабная прафарыентацыйная работа. Прадстаўнікі ўстановы практычна штотыднёва выязджаюць у школы і расказваюць навучэнцам аб магчымасцях навучання ў БДСГА, а таксама сумесна з упраўленнямі па сельскай гаспадарцы і харчаванні і аддзеламі адукацыі арганізоўваюць экскурсіі школьнікаў у акадэмію.
— Наша асноўная задача — даць падлеткам прадметнае ўяўленне пра нашы прафесіі, расказаць аб іх перавагах і значэнні. Калі дзеці будуць свядома выбіраць нашы спецыяльнасці, то ў сельскую гаспадарку прыйдуць не выпадковыя людзі, а тыя, хто сапраўды хоча працаваць у АПК, — перакананы начальнік аддзела прафарыентацыйнай работы БДСГА Андрэй Гарноўскі.
Дарэчы, акрамя агракласаў, у Горацкім раёне некалькі гадоў рэалізуецца ўнікальны рэгіянальны праект “Малая акадэмія”, які таксама з’яўляецца своеасаблівай пераходнай прыступкай для вучняў ад школы да сельгасакадэміі. Навучэнцы 9—11 класаў у межах праекта паглыблена вывучаюць хімію і біялогію ў школе і на базе БДСГА, а таксама ўдзельнічаюць у алімпіядах, навуковых канферэнцыях і конкурсах даследчых работ. Многія слухачы “Малой акадэміі” становяцца студэнтамі факультэтаў біятэхналогіі і аквакультуры і агратэхналагічнага.
— Яшчэ адна форма прафарыентацыйнай работы — конкурс для школьнікаў “АграНТРІ Беларусь”. Дарэчы, упершыню ён быў арганізаваны ў 2018 годзе ў Расіі. З таго часу стаў адным з найбольш папулярных і маштабных, бо штогод у ім удзельнічае каля 60 тысяч школьнікаў з 20 рэгіёнаў Расіі. Пару гадоў назад дэлегацыя БДСГА пабывала на рэгіянальным фінале гэтага конкурсу ў Белгарадскім дзяржаўным аграрным універсітэце, і, натхніўшыся ўбачаным, мы вырашылі арганізаваць падобны конкурс у Беларусі, — прыгадаў Андрэй Анатольевіч.
“АграНТРІ Беларусь” не толькі дае магчымасць азнаёміць навучэнцаў 5—11 класаў з асновамі прымянення лічбавых тэхналогій у сельскай гаспадарцы, робатызацыі АПК, выкарыстання дронаў у сельскай гаспадарцы, але і накіраваны на раннюю прафарыентацыю і папулярызацыю аграрных прафесій.
— У Беларусі конкурс стартаваў у 2023 годзе. Яго ўдзельнікамі былі 150 вучняў. Сёлета заяўкі падалі больш за 500 школьнікаў. Усе яны прайшлі мікраконкурсы і завочны этап, па выніках якога звыш 100 лепшых удзельнікаў трапілі ў фінал. У ім перамаглі 12 школьнікаў з Брэсцкай, Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай абласцей. Яны прымуць удзел у суперфінале “АграНТРІ”, які пройдзе ў Маскве 17—20 кастрычніка, — праінфармаваў начальнік аддзела прафарыентацыйнай работы БДСГА.
Між іншым трэці конкурс “АграНТРІ Беларусь” стартуе ўжо зусім хутка — напрыканцы лютага.
— На працягу сакавіка ўсе жадаючыя могуць зарэгістравацца для ўдзелу ў конкурсе на сайце edu.ttz.by. Пасля гэтага ім адкрыюцца лекцыйныя курсы для самападрыхтоўкі да завочнага этапу. Дзеці вывучаюць усе матэрыялы і праходзяць завочны этап у дыстанцыйнай форме — у выглядзе тэсціравання. У кожнай намінацыі адбіраюцца па 20—25 чалавек з лепшымі вынікамі і запрашаюцца на фінал — вочны этап. Школьнікам адкрываецца новы лекцыйны матэрыял ужо для падрыхтоўкі да фіналу, які прадугледжвае практычныя і тэарэтычныя заданні. Галоўнае — не прапусціць час рэгістрацыі на конкурс, быць уважлівымі і мэтанакіраванымі, і ўсё атрымаецца, — дадаў Андрэй Гарноўскі.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара