Кожны дзень у летніку «Салют» тэматычны і ахоплівае ўсе кірункі выхаваўчай работы

- 12:09Лето-2023, Новости

Пасля распаду СССР тэрыторыя аздараўленчага лагера “Салют”, размешчанага ў Кобрынскім раёне, паступова прыходзіла ў заняпад. Сітуацыя кардынальна змянілася ў 2015 годзе з перадачай летніка ў ведамаснае падпарадкаванне аддзела па адукацыі Брэсцкага гарвыканкама, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”. 

Сёння лагер, адкрыты з нагоды першага палёту чалавека ў космас, атрымаў другое дыханне. Летась пачалася маштабная рэканструкцыя “Салюта”, разлічаная на 6 гадоў. У мінулым годзе былі ўве­дзены ў эксплуатацыю абноўлены туалет і будынак пральні-душавой, а сёлета — спальны корпус для дзяцей і інтэрнат для персаналу. Да наступнага лета рэканструююць яшчэ 2 жылыя карпусы, прычым з павелічэннем месцаў у іх амаль удвая. Гэтыя работы ажыццяўляюцца за кошт гарадскога і абласнога бюджэту.

Дырэктар лагера Яна Рэва вельмі ўдзячна за дапамогу не толькі старшыні Брэсцкага гарвыканкама Сяргею Лабадзінскаму і кіраўніку Брэстчыны Юрыю Шулейку, але і шматлікім спонсарам, якія добра разумеюць важнасць летняга аздараўлення для дзяцей сваіх супрацоўнікаў: КУП “Брэстжылбуд”, ААТ “Будаўнічы трэст № 8”, СП “Санта Брэмар”, СП ААТ “Брэстгазаапарат”, УП “Гефест-тэхніка”, ААТ “Брэсцкі мясакамбінат”, Брэсцкай раённай і абласной прафсаюзным арганізацыям Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. Дзякуючы ім, з году ў год умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база летніка, праводзяцца работы па азеляненні і добраўпарадкаванні яго тэрыторыі, упрыгожанай адметнымі кветкавымі кампазіцыямі і рознакаляровымі сцяжкамі, развешанымі паміж соснамі.

Куды ні пойдзеш, паўсюль у лагеры плошчай 7 га адчуваецца дбайная рука руплівай гаспадыні Яны Рэва і яе памочнікаў. Усё чыста, акуратна, дагледжана. Дырэктар лічыць, што без дружнага і душэўнага калектыву аднадумцаў, парадку і ўтульнай атмасферы арганізаваць цікавы і карысны адпачынак для 258 дзяцей у адну змену было б немагчыма, у тым ліку для старшакласнікаў, аб’яднаных у профільны валанцёрскі атрад “Пазітыў”.

— Выпадковых людзей у летніку няма, — падкрэслівае Яна Рэва, якая асаб­лівую ўвагу ўдзяляе падбору кадраў. — У “Салюце” працуюць 30 педагогаў з Брэсцкага і Драгічынскага раёнаў, Брэста, Кобрына і нават Наваполацка, прычым многія з іх ужо далёка не першы сезон. Сярод “доўгажыхароў” — настаўніца мастацтва Ірына Хазей з сярэдняй школы № 24 Брэста (27 гадоў), настаўніца пачатковых класаў Дана Манішка з сярэдняй школы № 15 Брэста (15 гадоў), былы дырэктар лагера Валянціна Анціпаровіч (25 гадоў)… Усе яны займаюцца любімай справай па поклічы сэрца.

Не адстаюць ад вопытных педагогаў і маладыя. Сёлета ў “Салюце” дзейнічае студатрад “Адрэналін” імя Героя Савецкага Саюза І.Е.Аляксеева ў складзе 16 чалавек, у тым ліку 8 студэнтаў БрДУ імя А.С.Пушкіна. Якасцю іх падрыхтоўкі Яна Рэва задаволена. Як правіла, за педагагічную практыку яны атрымліваюць 8—10 балаў. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывае метадычнае суправаджэнне моладзі вопытнымі калегамі.

— Каб дасягнуць найлепшых вынікаў у рабоце з дзецьмі і забяспечыць пераемнасць пакаленняў, склад педагагічнага калектыву абавязкова павінен быць рознаўзроставым, — упэўнена Яна Аляксандраўна.

Гэта пацвярджае і яе намеснік па выхаваўчай рабоце Алена Копыл, настаўніца пачатковых класаў кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” сярэдняй школы № 9 Кобрына, якая працуе ў загарадных летніках больш за 20 гадоў, каб “працягнуць дзяцінства”.

— Тэма сёлетняй змены — “Будуем Салютаград” — грунтуецца на ідэях Года міру і стварэння, — расказвае Алена Леа­нідаўна. — У пачатку змены атрады атрымліваюць білеты ў лета і карту будучага горада, якую трэба запоўніць рознымі аб’ектамі згодна з уласным праектам падчас удзелу ў агульналагерных мерапрыемствах. Дзеці адрозніваюцца колерам гальштукаў, а педагогі — спецыяльнай формай.

Кожны дзень у летніку тэматычны і ахоплівае ўсе кірункі выхаваўчай работы: “Давайце дружна будзем жыць!”, “Незалежна ад росту разумным быць зусім няпроста”, “Мой родны кут, як ты мне мілы”, “Дзень кветак і прыгажосці”, “Рэтрадзень”, “Смехавернісаж”, “Нашы дасягненні — табе, Беларусь”, “Фінансавая дасведчанасць — мая спакойная будучыня”, “Ішоў салдат у імя жыцця”, “Хочаш быць здаровым — будзь ім”, “Лагер супергерояў”…

Сумаваць няма калі. Дзеці ўдзельнічаюць у акцыях, выставах, экалагічных падарожжах, пазнавальных квестах, інтэлектуальных гульнях, ток-шоу, конкурсах малюнкаў, эсэ, вершаў і фотаздымкаў з Instagram, круг­лых сталах, майстар-класах, спартыўных, забаўляльных і прафарыентацыйных мерапрыемствах, сустракаюцца з цікавымі людзьмі. Падчас спаборніцтваў да выхаванцаў далучаецца пазаштатны атрад з ліку педагогаў “СССР”, якія спяваюць, танцуюць, ста­вяць інсцэніроўкі пад радасныя воклічы хлопчыкаў і дзяўчынак.

Пяцікласнік Кірыл Бандарук з сярэдняй школы № 9 Кобрына ў загарадным летніку ўпершыню. Дагэтуль ён адпачываў толькі ў школьным лагеры. У “Салют” прыехаў з братам, паслухаўшы парады сяброў, і не пашкадаваў.

— Асабліва падабаюцца фізкультурныя і забаўляльныя мерапрыемствы, — прызнаецца хлопчык. — Без справы ніхто не сядзіць. Кормяць смачна. Выхавальнікі цудоўныя, хаця і патрабавальныя.

У летніку ў Кірыла з’явіліся новыя сябры, і ён плануе прыехаць сюды яшчэ. А вось навучэнцу Брэсцкага дзяржаўнага гандлёва-тэхналагічнага каледжа Арцёму Чулю так не пашанцавала. Сёлетні сезон для юнака, які адпачывае ў “Салюце” з 9-гадовага ўзросту па 2 змены запар, апошні. 

Арцём уваходзіць у профільны валанцёрскі атрад “Пазітыў”, што патраніруе малодшых дзяцей. Дапамагаць ім юнаку вельмі падабаецца.

— У лагеры пануе асаб­лівая атмасфера, — гаво­рыць Арцём. — Тут я набыў сяброў, навучыўся цікавым і карысным справам.

Настаўніца замежнай мовы Марына Несцярчук з Чарнаўчыцкай сярэдняй школы Брэсцкага раёна трапіла ў “Салют” яшчэ першакурсніцай БрДУ імя А.С.Пушкіна. Сёлетні сезон для маладога педагога ўжо шосты па ліку.

— Сядзець у доўгім летнім адпачынку сумна і нецікава, — усміхаецца Марына Андрэеўна. — А вось у лагеры суму месца няма! Зносіны з дзецьмі, свежае паветра, пастаянны варушняк — лепшага адпачынку і не прыдумаеш!

— Выхаванцы вельмі любяць Марыну Несцярчук, бо яна суперпазітыўная і суперактыўная, — дадае Яна Рэва. — А інакш у лагеры нельга. Заваяваць любоў сучасных падлеткаў, якія амаль не расстаюцца з гаджэтамі, даволі цяжка. Даводзіцца адпавядаць выклікам часу.

Сама Яна Аляксандраўна ў загарадным летніку ніколі не адпачывала, бо вырасла на Крайняй Поўначы Расіі. А цяпер імкнецца рэалізаваць дзіцячыя мары. Планаў у амбіцыйнага і мэтанакіраванага дырэктара шмат: рэканструяваць і абсталяваць прыстань і кастровую, запусціць па рачным рукаве Мухаўца катамараны, пабудаваць сучасную шматфункцыянальную спартыўную пляцоўку і пляцоўку для правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў.

Безліч спраў Яну Рэва, маці чацвярых дзяцей, зусім не палохае, бо яна літаральна жыве лагерам, каб зрабіць яго месцам, дзе здзяйсняюцца не толькі яе мары.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара