Вось і скончыўся Год моладзі. Якім ён быў? Чым быў напоўнены? Што ўдалося зрабіць на працягу года для моладзі самой моладдзю? Пра гэта мы гутарым з намеснікам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктарам ЯКЖЫКАМ.
— Віктар Віктаравіч, ці апраўдаў сваю назву Год моладзі? Ці ўсё з запланаванага ажыццявілася?
— Магу з упэўненасцю сказаць: назву год апраўдаў. Як моладзь хутчэй імкнецца жыць, так і яе год імкліва ўварваўся ў наша жыццё, захапіўшы і канец папярэдняга года — Год моладзі быў аб’яўлены ў кастрычніку 2014-га. Не будзем забываць, што гэта быў і год 70-годдзя Вялікай Перамогі, і год выбараў. Моладзь стала самым актыўным удзельнікам усіх важных падзей у жыцці краіны. За гэты год прайшлі сотні мерапрыемстваў — як традыцыйных, так і ініцыіраваных менавіта ў рамках Года моладзі.
Старт году даў 42-гі з’езд БРСМ з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, на якім і былі абазначаны кірункі гэтага года.
Не менш канцэптуальным мерапрыемствам стаў і студэнцкі форум, які прайшоў у студзені 2015 года на базе старэйшай і адной з самых аўтарытэтных вышэйшых навучальных устаноў — Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. На ім міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь сустрэўся са студэнцкай моладдзю і падтрымаў многія яе ініцыятывы.
Для таго каб наладзіць гэтае ўзаемадзеянне, пры міністры адукацыі быў створаны Рэспубліканскі студэнцкі савет, у які ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх 54 устаноў вышэйшай адукацыі — і гэта яшчэ адзін вынік года. Дзейнасць савета дазволіла аператыўна рабіць зрэз меркаванняў усіх студэнтаў краіны, далучаць іх да вырашэння важных для ўсяго студэнцтва праблем. Шырэйшыя задачы ставіліся перад маладзёжным саветам, які быў створаны ў лістападзе 2015 года. Ён аб’яднаў у сабе працоўную моладзь, прафсаюзы, маладых вучоных, спецыялістаў па рабоце з моладдзю, дэпутатаў.
— Калі маладзёжны савет быў створаны нядаўна, то студэнцкі савет правёў ужо некалькі пасяджэнняў. Якія прапановы на іх прагучалі ад студэнтаў? Якія з іх ужо падтрыманы?
— Папулярнымі сярод студэнтаў сталі праекты студэнцкага савета ў Год моладзі — “Адукацыя вачыма моладзі”, “Пытанне міністру”. Абмяркоўваліся праблемы размеркавання, тэсціравання, студэнцкага самакіравання.
Па прапанове савета 17 лістапада ў Міжнародны дзень студэнта ва ўсіх установах вышэйшай адукацыі краіны прайшоў дзень самакіравання. Акрамя таго, з улікам уваходжання Беларусі ў Балонскі працэс упершыню прайшла Міжнародная канферэнцыя па самакіраванні, дзе моладзь абмянялася вопытам у гэтым кірунку.
Актыўна працаваў на працягу года і каардынацыйны савет па маладзёжнай кадравай палітыцы. Інтэлектуальна адораная моладзь, якая праяўляе сябе ў школе, ва ўніверсітэце, часта губляецца на прадпрыемстве. І хоць у нас ёсць перспектыўны кадравы рэзерв, мы адчулі, што сёння на гэтае пытанне трэба звярнуць павышаную ўвагу. Ёсць адоранасць не толькі творчая, інтэлектуальная — талент можа праяўляцца і ў лідарскіх якасцях. Напрыклад, старшыню прафкама, які прымаў актыўны ўдзел у жыцці ўніверсітэта, можна падтрымаць і назначыць, скажам, начальнікам пэўнага ўчастка. Студатрадаўцы, якія штогод з’яўляюцца камандзірамі, камісарамі атрадаў, маюць вопыт кіраўніцкай дзейнасці, прыходзячы ў будаўнічую кампанію, ужо з’яўляюцца вопытнымі прарабамі.
У 2015 годзе ўпершыню Форум сельскай моладзі, які традыцыйна праходзіў у Мінскай вобласці, набыў рэспубліканскі маштаб, і да яго далучылася нават моладзь з Расіі. Прайшоў І Форум спецыялістаў па рабоце з моладдзю. Як вынік — з’явілася ідэя стварэння асацыяцыі спецыялістаў. Гэта ўжо новы ўзровень.
Распрацаваны праект Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гады. Гэта таксама важны стратэгічны крок наперад.
Актывізавалася міжнароднае супрацоўніцтва. Падпісаны шэраг міжнародных дагавораў з рэгіёнамі Расіі, Грузіяй, мемарандум аб супрацоўніцтве краін Вышаградскай групы і краін Усходняга партнёрства.
— Міжнароднаму супрацоўніцтву спрыяе і дзейнасць Савета па справах моладзі краін СНД. Раскажыце пра галоўныя вынікі апошняга яго пасяджэння?
— На апошнім савеце мы дамовіліся зрабіць грунтоўнае сацыялагічнае даследаванне ў сферы маладзёжнай палітыкі на прасторы СНД — для гэтага стварылі сетку даследчых структур краін Садружнасці. Вынікі гэтага даследавання пакажуць, на якія пытанні неабходна будзе зрабіць акцэнт у 2016 годзе. Нам важна параўнаць сябе з іншымі краінамі, даведацца пра тое, што робіцца для моладзі ў нашых суседзяў, вывучыць лепшы вопыт, наладзіць маладзёжныя абмены. У красавіку 2016 года Беларусь будзе прымаць Савет па справах моладзі краін СНД. Рыхтуем пасяджэнне і выставу “Сто ідэй для СНД”.
— За год прайшла серыя адкрытых дыялогаў моладзі з прадстаўнікамі беларускага спорту, культуры, навукі, палітыкі, бізнесу, якія дасягнулі высокіх вынікаў. Наколькі апраўдала сябе такая форма зносін?
— Так, гэтая форма — адкрыты дыялог — стала знаходкай. Ідэю саюзнай моладзі падтрымала ўся краіна. Такіх сустрэч па Беларусі прайшлі тысячы. Падобны фармат спадабаўся і моладзі, і іх суразмоўцам — прадстаўнікам выканаўчай улады, дзяржаўным органам, вядомым асобам. Не віртуальна, а рэальна можна было адчуць настрой моладзі, пачуць яе думкі, пытанні. Канечне, і маладыя людзі гэты фармат падтрымалі, бо не кожны дзень у іх ёсць магчымасць напрамую, без фармалізму пагутарыць з рэктарамі, кіраўнікамі розных структур, губернатарамі, міністрам адукацыі. У адкрытым дыялогу мы размаўлялі са студэнцкай, навучэнскай, рабочай моладдзю.
Многія ўзнятыя пытанні вырашаюцца адразу, на месцы. Акрамя таго, часта знімае напружанасць ужо само абмеркаванне вострых пытанняў, таму фармат адкрытага дыялогу будзе выкарыстоўвацца і ў далейшым.
Год моладзі днямі падорыць Беларусі маладзёжную сталіцу. Гэты праект таксама быў рэалізаваны ўпершыню.
— 2016 год у Беларусі аб’яўлены Годам культуры. Які ўдзел будзе прымаць у рэалізацыі яго мерапрыемстваў моладзь?
— Мне здаецца, што на самай справе кожны год — год моладзі, таму што моладзь як самая актыўная, энергічная, крэатыўная частка насельніцтва проста не зможа застацца ў баку ад жыцця краіны. Да таго ж наша моладзь таленавітая і адораная, таму ў Год культуры яна зможа праявіць усе свае таленты, а гэта значыць, самарэалізавацца.
Гутарыла Святлана НІКІФАРАВА.