Людміла Вінакурава была кіраўніком раённага рэсурснага цэнтра самарэалізацыі асобы навучэнца “Крэатыў”, праводзіла майстар-класы “Вучуся творча думаць”, чытала лекцыі на курсах павышэння кваліфікацыі. А нядаўна настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 14 Мазыра заняла 2-е месца на конкурсе “Інавацыі ў анлайн-адукацыі”. Людміла Мікалаеўна лічыць, што пры інавацыйным падыходзе кожнае дзіця адчувае сябе свабодна і ўвасабляе свае ідэі.
“Я расла з маленькім брацікам. Мне падабалася яго падтрымліваць, даглядаць, чытаць яму казкі, а потым і навучаць грамаце. Наша сям’я жыла ў прыватным доме, дзе рос малады сад. У памяці ўсплывае карціна: квітнеючая яблыня ў цёплы сонечны дзень, побач стаіць пісьмовы столік, дошка для пісання крэйдай, якую змайстраваў бацька, і я вучу малодшага браціка пісаць, лічыць, чытаць. Памятаю яго засяроджаныя вочкі, старанне, уменне слухаць і чуць”. Брат рос, як расла і мара Людмілы Вінакуравай радавацца поспехам дзяцей разам з імі.
У 2001 годзе яна скончыла Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай, і дзіцячая мара спраўдзілася. Людміла Мікалаеўна з самага пачатку прафесійнай дзейнасці вырашыла, што хоча ста ць заслужаным настаўнікам. Як гэтага дасягнуць? Адказ быў відавочным: трэба вучыць дзяцей так, каб ім было цікава. Настаўніца прачытала нямала кніг па дзіцячай псіхалогіі, практыкавала розныя методыкі навучання. “Педагог павінен падрыхтаваць вучня да будучага невядомага жыцця, — кажа Людміла Мікалаеўна. — Дзецям не раз прыйдзецца перавучвацца і адаптавацца да хутказменлівага свету, таму што немагчыма прадказаць дакладны вобраз будучыні і даць вучням вывераныя ўзоры паводзін і рашэнні. Крэатыўнасць, творчае мысленне і паводзіны становяцца ключавымі кампетэнцыямі падрастаючага пакалення”.
Развіць іх Людміле Вінакуравай у многім дапамог Беларускі нацыянальны фестываль Міжнароднага конкурсу крэатыўнасці “Адысея розуму”. Гэта міжнародная адукацыйная праграма, мэта якой — развіццё нестандартнага мыслення ў дзяцей і моладзі. Школьнікі і студэнты рашаюць незвычайныя заданні і такім чынам паляпшаюць свае творчыя здольнасці. Каманда Людмілы Мікалаеўны, куды ўваходзілі вучні яе класа, у 2015 і 2016 гадах заняла 1-е месца ў школе, працягнула трыумф на гарадскім і рэгіянальным этапах і дайшла да рэспубліканскага. Адтуль два разы вярталася з перамогай. Сама настаўніца атрымала кубак лепшага трэнера. “Я памятаю перажыванні дзяцей, іх жаданне перамагчы і шчаслівыя хвіліны віншаванняў, — кажа Людміла Вінакурава. — Немагчыма вучыць творчасці і пры гэтым самому не быць творчым чалавекам. Таму настаўнік павінен раскрываць і развіваць свой творчы патэнцыял. Часта ўсё, што для гэтага трэба, — паставіць сабе задачу і ўдзяліць ёй час”.
Вынікам работы ў гэтым напрамку стаў курс “Фарміраванне крэатыўнага мыслення”, які прынёс настаўніцы 2-е месца ў конкурсе “Інавацыі ў анлайн-адукацыі”. Курс уключае адмыслова падабраныя практыкаванні і заданні для развіцця творчых і разумовых здольнасцей. Дзеці вучацца пераадольваць стэрэатыпы і шаблоны мыслення дзякуючы сістэматызаванаму тэарэтычнаму i практычнаму матэрыялу. Часцей за ўсё выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя метады работы: мазгавы штурм, свабодныя асацыяцыі, змена пункта гледжання на аб’ект з дапамогай зададзеных умоў. За аснову курса Людміла Мікалаеўна ўзяла канцэпцыю крэатыўнасці як універсальнай пазнавальнай творчай здольнасці, распрацаваную Джоем Полам Гілфардам.
“Сённяшні настаўнік — гэта той, хто лічыць сябе шчаслівым, таму што кожны дзень сутыкаецца з дзіцячым шчасцем, для каго каштоўна прыходзіць у клас, дзе яго чакаюць, — разважае Людміла Мікалаеўна. — Гэта чалавек, які вельмі любіць сваю працу, і калі б яму прыйшлося пачынаць усё спачатку, выбар быў бы відавочны — ста ць настаўнікам”.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота Мікалая ДУЛУБА.






